Знайсці
15.01.2018 / 16:194РусŁacБел

Знойдзены ў Егіпце метэарыт утрымлівае злучэнні, якіх амаль няма ў Сонечнай сістэме

Метэарыт «Гіпатыя», знойдзены ў Егіпце ў 1996 годзе, змяшчае мінеральныя злучэнні, якіх няма ў Сонечнай сістэме. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Універсітэта Ёханэсбургу ў ПАР. Вынікі іх даследаванняў публікуе Science Alert.

«Вялікая частка «Гіпатыі» падобная да дрэнна змяшанага цеста пірага… Метэарыт змяшчае вялікую колькасць вельмі спецыфічных вугляродных злучэнняў, якія называюць поліараматычнымі вуглевадародамі. Яны з'яўляюцца асноўным кампанентам міжзорнага пылу, што існаваў яшчэ да ўтварэння нашай Сонечнай сістэмы», — гаворыць адзін з аўтараў даследавання Ян Крамерс.

Аднак самыя вялікія нечаканасці прынёс дэтальны аналіз маленькіх мінеральных зярняткаў. У іх быў знойдзены такі ўнікальны кампанент, як чысты металічны алюміній. На Зямлі і іншых планетах нашай сістэмы самародкі алюмінія ў мізерных колькасцях могуць сустракацца толькі ў вельмі спецыфічных умовах, напрыклад, у жэрлах вулканаў. Акрамя гэтага ў зернях прысутнічалі карбід крэмнія і фасфат срэбра (у нечаканых формах). І нарэшце, выяўлена хімічнае злучэнне фосфару з нікелем, але без жалеза — дагэтуль такое злучэнне не сустракалася ні на Зямлі, ні на касмічных аб'ектах. (Навука ведала як адзін з кампанентаў метэарытаў толькі нікелістае жалеза, якое ўяўляе сабой цвёрды раствор нікеля ў жалезе з утрыманнем нікеля ад 6—7% да 30—50%.)

Імаверна, «Гіпатыя» сфармавалася яшчэ да ўтварэння Сонечнае сістэмы. Даследчыкі лічаць, што аб'ект з'явіўся на свет пры тэмпературы ніжэй за -196°С. Магчыма, метэарыт прыляцеў на Зямлю з пояса Койпера, які знаходзіцца ў 40 разоў далей ад Сонца, чым наша планета.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера