Даслаць навіну
Знайсці
12.01.2018 / 17:30 99

Прафесар БДУ выстройваў студэнтак ля дошкі па памеры грудзей?

Пакуль у Галівудзе звальняюць Вайнштэйна і пераздымаюць фільмы з удзелам Спэйсі, акцёры на «Залатым глобусе» апранаюцца ў чорнае ў знак пратэсту супраць сэксуальных дамаганняў, у нас абмеркаванне харасмэнта набывае сваё гучанне.

Днямі былыя навучэнцы ўніверсітэтаў пачалі ўзгадваць у фэйсбуку выкладчыкаў, якія дазвалялі сабе ацэньваць грудзі студэнтак і прасіць іх надзець больш глыбокае дэкальтэ.

З аднаго боку, усе мы адзначаем, што тэндэнцыя з прызнаннямі і выкрыццём сэксуальных дамаганняў — добрая з’ява. З іншага — перажываем, што яна набывае небяспечны фармат. Атрымліваецца, што абвінаваціць у дамаганнях можна любога, проста заявіўшы пра гэта публічна. І вось ужо былога гвалтаўніка (?) здымаюць з пасады, адхрышчваюцца ад сувязяў з ім. Харві Вайнштэйн сёння не можа спакойна пасядзець у кавярні: калі яго пазнаюць, то лічаць цалкам апраўданым ударыць па твары за тое, як ён паводзіў сябе з жанчынамі.

У нас такіх супергучных скандалаў пакуль не было. Акрамя, відаць, гісторыі з беларускім гімнастам Віталём Шчэрбай, якога ўкраінская чэмпіёнка Таццяна Гуцу абвінаваціла ў тым, што ён згвалціў яе ў 15 гадоў. Праўда, пасля яна шкадавала, што назвала яго імя.

Беларусы з бояззю падыходзяць да гэтай тэмы: калі і пішуць нешта на сваіх старонках у сацсетках ці расказваюць журналістам, то асцярожна і, часцей за ўсё, ананімна.

Страх рознага характару — ён прымушае нас маўчаць і прымушаў рабіць тое ж самае большасць акцёраў, якія пачалі рабіць скандальныя прызнанні толькі цяпер.

Па статыстыцы, штогод беларуская міліцыя прымае каля 150 тысяч званкоў ад людзей з просьбамі дапамагчы, бо іх б’юць (часцей за ўсё — мужчыны жанчын, гэта афіцыйная падлікі). Але ў выніку да адказнасці прыцягваюць зусім невялікую частку агрэсараў. У ахвяр зноў уключаецца страх, некаторым ён гадамі не дазваляе банальна патэлефанаваць у міліцыю.

Я сама знаёмая з дзясяткам сем'яў, якія жывуць у пастаянным напружанні, бо бацька п’е, распускае рукі і фізічнымі метадамі на правах гаспадара выхоўвае жонку і дзяцей. І большасць з іх трывае, бо наіўна верыць, што ўсё зменіцца, не хоча выносіць смецце з хаты, падтрымліваючы імідж добрай сям’і, ну і, вядома ж, баіцца.

Калі ахвяры гатовыя трываць нават пабоі, то што і казаць пра «дробныя» рэчы: заляцанні, пахлопванні фізрука па азадку ці непрыемныя жарты ніжэй пояса. Па-першае, у грамадстве такія паводзіны далёка не для ўсіх выглядаюць амаральнымі. А па-другое, прыцягнуць да адказнасці за такое ў нас пакуль немагчыма.

Але вось ужо, здаецца, на беларускім гарызонце замаячыла добрая навіна: МУС прадставіла канцэпцыю новага закону, згодна з якім у беларускім заканадаўстве будуць караць не толькі за яўныя пабоі, але і за эканамічны шантаж, дамаганні, пераслед.

Уявіце сабе: выкладчыка, які дазваляе сабе пастаянна заляцацца да студэнтак, звальняюць. Хлопца, які пагражае былой дзяўчыне ў інтэрнэце, сочыць за кожным яе крокам, ставяць на месца. Шчасце ды і толькі! Канечне, калі ёсць доказы. Бо калі адзін чалавек хлуслівымі абвінавачваннямі спрабуе патапіць іншага, то ён выглядае не лепш за любога агрэсара.

Праўда, непасрэдная праца над такім законам пачнецца толькі ў 2019 годзе, і тое, калі ўсё добра складзецца. Бо цяпер нават яго абмеркаванне падабаецца далёка не ўсім.

Напрыклад, заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер лічыць добрым тое, што ў Беларусі адсутнічае закон супраць сэксуальных дамаганняў. Маўляў, у адваротным выпадку можна будзе ці пасадзіць любога мужыка, ці сапсаваць яму кар’еру.

Напісаў ён гэта ў сваім фэйсбуку пасля азнаямлення з калонкай аглядальніцы «Эха Масквы» Юліі Латынінай. Юлія асуджае сітуацыі, калі барацьба з мужчынамі ператвараецца ў жаночую інквізіцыю без суда і следства. Безумоўна, гэта касяк. Але гэта не значыць, што нам непатрэбны закон, каб рэгуляваць сітуацыі, пра якія ішла гаворка вышэй. Цалкам наадварот: беззаконнасць і беспакаранасць спараджаюць трагедыі і траўмы. Закон — не панацэя, але ён, як мінімум, акрэсліў бы паняцці і значэнні, звязаныя з харасмэнтам, і замацаваў простую ісціну: грамадства не прымае такія паводзіны, гэта не ёсць норма.

Вы скажаце: у беларускай судовай сістэме не можа быць справядлівасці, і наўрад ці пракуроры і міліцыянты чароўным чынам ператворацца ў спецыялістаў па гендару, здольных разабрацца, дзе быў харасмэнт, а дзе не. Аднак сёння мы ўсё роўна не маем альтэрнатывы.

Затое маем сітуацыі, калі студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ працягваюць хадзіць на лекцыі прафесара Івана Сачанкі, які цягам многіх гадоў дазваляў сабе камунікаваць з імі як з дзяўчынамі па выкліку.

У якасці рэакцыі на пост Зісера гэтую зацягнутую гісторыю добра апісала журналістка Адар’я Гуштын, якая вучылася ў Інстытуце журналістыкі:

«На журфаку працуе такі Іван Сачанка, які выкладае яшчэ з савецкіх часоў. Добрая частка яго заняткаў — гэта пошлыя жарты і заляцанні да студэнтак. Ён дазваляе казаць сабе: «Калі вы ў нагавіцах, я экзамен не прымаю», «Нешта ў цябе занадта доўгая спадніца», «А дэкальтэ магло б быць і пабольш». Першае, што ён пытае ў студэнтак на іспытах: ці ёсць у іх муж ці малады чалавек. І на журфаку ўсе ведаюць пра гэта: і студэнты, і адміністрацыя. А ён працягвае выкладаць. Таму што ў Беларусі няма закону супраць сэксуальных дамаганняў. І такія людзі, як ён, могуць пабудаваць добрую кар'еру ва ўніверсітэце».

Іншыя былыя студэнткі згадваюць, як той жа прафесар ставіў студэнтак у шэраг ля дошкі па памеры грудзей. Праўда, нягледзячы на ўсю брыдкасць сітуацыі, студэнты тады гэта праглынулі.

Чаму? У чымсьці я іх разумею. Я таксама ў студэнцкія часы сутыкалася з падобнымі паводзінамі, але тады тупа не ведала і не разумела, што з гэтым рабіць. Гэта сёння я наўрад ці стала б маўчаць, паведаміла б пра сітуацыю дэканату і, хутчэй за ўсё, напісала ліст у Мінадукацыі. Гэта цяпер мне было проста сказаць усё, што я думаю, пра мужчыну, які мацаў мяне падчас нашага спектакля «МоваХ» на фестывалі «Знак роўнасці», і потым апраўдваўся тым, што дапамагаў граць ролю, бо ў мяне былі сумныя вочы.

Але існуе шмат сцэнарыяў, калі ты слабейшы за агрэсара, баішся наступстваў і не верыш, што твае дзеянні дапамогуць паставіць яго на месца. Менавіта таму людзі могуць гадамі маўчаць пра такія ганебныя рэчы і рашаюцца загаварыць толькі тады, калі ёсць прыклад, калі грамадства падтрымлівае ахвяру, а не агрэсара…

Павялічыць выяву

Ілюстратыўнае фота.

Праўда, гэта не апраўдвае маўчанне ўсіх нас. Бо калі ты маўчыш, чалавек, які дастаўляе дыскамфорт, можа нават не ведаць, што ён робіць нешта не так.

Што думае пра такія абвінавачванні сам Іван Сачанка, якому, дарэчы, амаль 80 год і які з’яўляецца старшынёй Мінскага гарадскога аб'яднання былых малалетніх вязняў фашызму? Пачуўшы, што ў былых студэнтаў ёсць прэтэнзіі да метадаў яго выкладання, ён быў у шоку.

«Хто вярзе такую лухту? Я працую на журфаку з 1970 года. Я — прафесар, сур’ёзны чалавек. На чорта мне трэба дэкальтэ!? Вы гэта сур’ёзна ці ўсё прыдумалі? Я ж не шызафрэнік. Калі я даведаюся, хто такое кажа, падам у суд!» — сказаў прафесар.

Павялічыць выяву

Іван Сачанка. Фота: journ.bsu.by.

Іван Іванавіч прапанаваў мне праспацца і вырашыў, што я яго разыгрываю. Было б дзіўна, калі б ён ва ўсім прызнаўся. Але, можа, ён і не ведаў, што да яго былі прэтэнзіі?

Такіх «сачанкаў» можна знайсці амаль на любым факультэце, ёсць яны і ў школах, і ў калектывах… Ёсць мужчыны і ёсць жанчыны. Цяперашнія студэнты пакуль маўчаць пра падобныя сітуацыі, бо знаходзяцца ў залежным стане.

Праўда, і былыя студэнты гаварыць пра гэта ў СМІ не гатовыя. Я прапанавала выпускнікам розных факультэтаў згадаць абуральныя паводзіны выкладчыаў у іх універсітэтах публічна, аднак усе яны адмовіліся рабіць гэта па-за межамі сацсетак, бо на сёння доказаў не маюць і зноў баяцца.

Ёсць адзінкі, якія скардзіліся на паводзіны выкладчыкаў у дэканаты і раней, але гэта ні да чаго не прывяло, і яны кінулі змаганне.

А мне б вельмі хацелася, каб мы не баяліся казаць пра тое, што дастаўляе нам дыскамфорт. Здымалі на відэа абуральныя сітуацыі, запісвалі на дыктафон заляцанні, калі яны сапраўды ёсць. І рабілі гэта адразу, па факце. Хай баіцца той, хто мацае, абражае, адчувае неабмежаваную ўладу і карыстаецца ёй.

Я спадзяюся, што на хвалі #metoo, галівудскіх скандалаў, на хвалі абмеркавання канцэпцыі закона супраць сэксуальных дамаганняў і гвалту ў Беларусі мы крыху набяром масы, і зможам даваць адпор тым, хто нас абражае. Ці, наадварот, самі перастанем абражаць. І нават не праз страх перад законам (якога пакуль няма), не праз тое, што перад табой жанчына ці мужчына (ніякай розніцы), а проста праз чалавечую годнасць і выхаванасць.

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

1
Глаз морковки / адказаць
16.01.2018 / 14:35
Ну,давайте,хотя бы всё на телефон снимать,-того же дядьку профессора,он теперь явно зас..т и будет себя смирно вести на лекциях.
0
Razor / адказаць
16.01.2018 / 16:22
Дмитрий , точно получал) откуда инфа?
1
Николя Нидвора / адказаць
17.01.2018 / 20:19
У этого хитрозачёсанного на лбу 10 классов образования. И пасовать перед ним могли только пэтэушницы. Толи дело был Булацкий - на бальзаковских баб хватский
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31