Знайсці
12.01.2018 / 13:1716РусŁacБел

Як група энтузіястаў выконвае работу за кампанію Xiaomi, перакладаючы яе смартфоны на беларускую мову

У канцы 2017 года кампанія Xiaomi заявіла, што выйшла на першае месца па колькасці прададзеных смартфонаў у Беларусі. Між тым беларускамоўны інтэрфейс прыладамі кампаніі ўсё яшчэ не падтрымліваецца. Але ўжо зусім хутка гэта можа змяніцца.

Усе мабільныя тэлефоны кампаніі Xiaomi працуюць на аперацыйнай сістэме Android, выкарыстоўваючы фірмовую абалонку MIUI — моцна перапрацаваную версію карыстальніцкага асяроддзя, што найбольш адлюстроўваецца на дызайне сістэмы і некаторых прынцыпах кіравання прыладай.

Стандартная версія АС Android 8 (справа) і яе перапрацаваная версія MIUI 9 (злева) 

Як ні дзіўна, беларусізацыяй сваіх смартфонаў займаецца не сама кампанія, а суполка энтузіястаў з Беларусі.

Праз спецыяльны сайт яны слова за словам перакладаюць усё, што адносіцца да аперацыйнае сістэмы, дакладней — да «прашыўкі» MIUI. Мы паразмаўлялі з адным з перакладчыкаў — мінскім праграмістам Максімам Якушкіным, які распавёў нам, у якім тэмпе рухаецца пераклад і калі звычайныя карыстальнікі змогуць убачыць яго ў сваіх прыладах.

«Увогуле ў якасці перакладчыкаў зарэгістраваліся каля 15 чалавек. Але праблема ў тым, што з іх актыўна перакладаюць толькі 2-3 чалавекі, — кажа Максім. — Наш прагрэс за тыя два месяцы, як я далучыўся, падрос на 22% і цяпер складае каля 50%. Але на час калядных святаў праца над перакладам крыху прыпынілася, і мне сумна, што працэс рухаецца так павольна».

 

Далучэнне Максіма да праекта мае крыху рамантычную гісторыю.

«Мы вырашылі набыць для жонкі новы тэлефон. Абралі Xiaomi, і выявілася, што ў ім няма беларускае мовы. А папярэдні тэлефон яе падтрымліваў, — распавядае хлопец. — І вось я пачаў цікавіцца, ці можна неяк выправіць сітуацыю. Так і прыйшоў да праекта».

Дапамагчы з перакладам можа любы ахвотны.

Для гэтага спачатку трэба зарэгістравацца на сайце, націснуўшы кнопку Sign up у верхнім левым куце экрана, а потым далучыцца да суполкі перакладчыкаў, націснуўшы кнопку Join, якая з’явіцца на старонцы з раздзеламі перакладу (там жа адлюстроўваецца і прагрэс кожнага раздзелу). Трэба будзе пачакаць, пакуль заяўку ўхваліць мадэратар.

«Для таго, каб дапамагчы праекту, не трэба быць праграмістам — трэба толькі ўмець перакладаць з ангельскай мовы на беларускую. А для лепшага разумення сэнсу можна глянуць пераклад на адную з тых моваў, для якіх ужо існуюць пераклады», — кажа суразмоўца.

А хуткасць перакладу і тэрміны яго заканчэння залежаць ад актыўнасці ўдзельнікаў. Зараз найбольш актыўна працуюць Максім Якушкін, Аляксандр Новікаў, Зміцер Горбач ды Дзяніс Яцкевіч. Як толькі прагрэс дасягне 100%, кампанія як мага хутчэй дадасць яго ў чарговае абнаўленне MIUI 9.

Больш падрабязную інструкцыю па далучэнні да праекта можна знайсці па спасылцы.

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930