Знайсці
10.01.2018 / 12:5722РусŁacБел

«Тут сэлфі не абыдзешся»: Лябедзька і Канапацкая сышліся ў публічнай пікіроўцы

Забаўная пікіроўка адбылася ў фэйсбуку паміж дэпутаткай Ганнай Канапацкай, сябрам АГП, і лідарам гэтай партыі — Анатолем Лябедзькам.

Ганна Канапацкая ў цэнтры і Анатоль Лябедзька. Фота Сяргея Гудзіліна.

Пачалося ўсё з таго, што Канапацкая выказала здзіўленне тым, што на ўчастку, якія ўваходзяць у яе парламенцкую акругу, не балатуецца аніводны сябра АГП. Таму, маўляў, яна дапамагае тым, каго таксама падтрымлівае — правацэнтрысцкую кааліцыю (БХД і «Рух за свабоду»).

Ганна Канапацкая дапамагае ў агітацыі за правацэнтрыстаў.

Праз нейкі час у каментарах да допіса з'явіўся Анатоль Лябедзька з сустрэчнай прэтэнзіяй.

«Ганна, калі вы публічна пытаеце, то, напэўна, трэба адказаць. Найхутчэй, патэнцыйныя кандыдаты ад АГП не надта вераць у эфектыўнасць вашай дапамогі. Вось і Папраўка (актывіст БХД Пятро Папраўка якраз балатуецца на адным з участкаў па акрузе Канапацкай), нягледзячы на анасуемую вамі дапамогу, так і не здолеў сабраць нават 150 подпісаў і вылучаецца па вашай акрузе у мінскі горсавет праз партыю. Тут сэлфі не абыдзешся, трэба працаваць напоўніцу, чаго і вам зычу», — напісаў Лябедзька.

«Анатоль, мая падтрымка кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі вельмі важная для іх, — адказала Канапацкая. — І мая дапамога ў якасці даверанай асобы (а не зборшчыка подпісаў) падчас агітацыі будзе велізарным плюсам кожнаму кандыдату. Нагадаю, што гэта нашы сумесныя дамоўленасці, якія я бездакорна выконваю. Большасць вылучэнцаў ад «Наперад, Беларусь!» (рух Канапацкай — Рэд.) сабралі неабходную колькасць подпісаў. А там, дзе я асабіста прымала ўдзел у зборы — напрыклад, у Ціханенкі (памочнік Канапацкай — Рэд.), — было сабрана больш за 1000 подпісаў яшчэ да канца мінулага года! Таму не трэба будаваць галаслоўных здагадак пра неэфектыўнасць маёй падтрымкі. Не думаю, што хто-небудзь з вылучэнцаў партыйнымі спісамі можа пахваліцца такім высокім вынікам».

«Навошта аднаму 1000 подпісаў і правал у рэгістрацыі іншых?», — запытаўся Лябедзька.

«Подпісы сабраць не вялікая праблема, пытанне ў матывацыі. А вось агітацыя — працэс найважнейшы. Тут мой патэнцыял і рэйтынг сапраўды можа прыдацца. А калі вы адмаўляецеся, падстаўляючы аднапартыйцаў — гэта ваш выбар», — парыравала яна.

«Я толькі канстатую, што ў нас з вамі рознае разуменне падтрымкі людзей, якіх вы клічаце ў сваю кампанію. Збор подпісаў — гэта натуральная і небаходная работа, а не праца рознарабочага ці пасудамыйкі», — напісаў лідар АГП.

На гэта Канапацкая толькі са смуткам паўтарыла сваю думку, што аднапартыйцаў, на жаль, на яе акрузе няма.

Лябедзька ж пакінуў апошняе слова за сабой, паабяцаўшы «пастарацца знайсці сляды крутасці» на выбарах.

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера