Знайсці
10.01.2018 / 10:4311РусŁacБел

Беларуская кампанія MapData стварае беспілотны аўтамабіль пры дапамозе нейронных сетак 

У снежні 2017 года стала вядома, што амерыканская кампанія Mapbox набыла беларускую MapData, якая працуе над картаграфічнымі сервісамі. MapData стала чарговай беларускай кампаніяй, якая была выкуплена амерыканскай юрыдычнай асобай — раней падобнае здарылася з AI Matter Юрыя Мельнічака і Юрыя Гурскага.

На сваёй старонцы ў Фейсбуку Юрый Мельнічак красамоўна напісаў пра поспех беларускай MapData наступным чынам:

Якім чынам беларуская кампанія дасягнула такога поспеху, якія перад ёй зараз стаяць мэты, і як Беларусь можа стаць рэгіянальным IT-лідарам? Пра ўсё гэта «Нашай Ніве» распавёў кіраўнік MapData Аляксандр Матвеенка.

Пра супрацоўніцтва MapData і Mapbox

З Mapbox мы супрацоўнічалі даволі даўно, на момант пагаднення ўжо паўтара года. Мы рабілі для іх дадатак для сціскання дадзеных і аптымізацыі алгарытмаў. Гэта быў наш адзіны кліент і работы з ім было дастаткова. Іншых кліентаў мы не шукалі.

Нашы амерыканскія партнёры атрымалі $164 мільёны даляраў ад буйнога фонду SoftBank Vision. Гэта ўсё супала з нашым сталым супрацоўніцтвам і тым фактам, што ў Беларусі актыўна развіваецца супольнасць AI (Artificial Intelligence — штучны інтэлект). Усе гэтыя фактары зрабілі магчымай угоду MapData і Mapbox.

Але трэба адзначыць, што, у адрозненне ад Maps.me і AI Matter, калі гэтыя кампаніі былі набытыя Mail.ru і Google, у нас з амерыканскімі партнёрамі адбыўся фактычна працяг ужо існуючага супрацоўніцтва, проста на новых умовах.

Цяпер у Мінску на базе MapData быў створаны навукова-даследчы цэнтр, дзе ўжо працуе 14 чалавек. Плануем павялічыць іх колькасць да 25.

Аляксандр Матвеенка, фота dev.by


Беспілотны аўтамабіль з дапамогай нейронных сетак

Планы ў нас напалеонаўскія: мы хочам стварыць беспілотны аўтамабіль. Дакладней, праграмнае забеспячэнне для такога аўтамабіля. На дадзеным этапе мы хочам, каб нашы распрацоўкі дазвалялі аналізаваць дарожную сітуацыю.

Мы хочам рабіць увесь цыкл нашай распрацоўкі ў Беларусі. Тыя тэндэнцыі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі ў IT-галіне, дазваляюць быць аптымістамі.

Сваім канкурэнтам мы лічым ізраільскую фірму Mobileye, якую кампанія Intel набыла за $15 мільярдаў. Наша адметнасць у тым, што яны ствараюць беспілотны аўтамабіль са звычайных датчыкаў, а мы хочам зрабіць тое самае пры дапамозе нейронных сетак.

Кампанію Tesla мы не лічым сваімі канкурэнтамі. Так, у іх класныя тэхналогіі, але яны пакідаюць іх толькі сабе. А наша мэта — рабіць тое ж самае, што і яны, але распаўсюджваць гэта сярод іншых вытворцаў.

Але ў будучыні нашы тэхналогіі можна будзе выкарыстоўваць не толькі ў аўтамабілях — накірункаў развіцця тут шмат.

Аляксандр Матвеенка, фота dev.by

Ад продажу рэсурсаў да продажу прадуктаў

На мой погляд, трэнд у нас змяняецца. Калі раней Беларусь фактычна прадавала IT-рэсурсы (добры прыклад тут паспяховая кампанія EPAM), то зараз мы пачынаем прадаваць прадукты (такія як Maps.me і Fabby). Ёсць надзея, што гэтаму будзе спрыяць і заканадаўства.

У чым важнасць Дэкрэта №8

Ён адметны тым, што ўводзіць у Беларусь элементы «англійскага права». На практыцы гэта значыць, што ў Беларусі будзе выгадна ствараць IT-кампаніі, дзе змогуць працаваць нават не толькі беларусы. Як мінімум, мы зможам прыцягваць сюды людскія рэсурсы з Украіны і Расіі.

Ад гэтых краін мы адрозніваемся ў лепшы бок. Калі паглядзець на Расію, то замежнае інвеставанне ў іх праекты няспынна скарачаецца, а гэта не можа не стрымліваць бізнес. Яны маюць дрэнныя адносіны з Еўропай і ЗША.

Ва Украіне ж Служба бяспекі Украіны моцна «прыціскае» айцішнікаў. Таксама Украіна палітычна вельмі нестабільная, што не можа не ўплываць на бізнес. Там свае асаблівасці.

Гэты дэкрэт часам крытыкуюць. Ад гэтых крытыкаў часам можна пачуць разумныя рэчы, але трэба быць рэалістам — немагчыма адразу зрабіць усё і распаўсюдзіць такія ўмовы на ўсе галіны эканомікі. Я добра разумею логіку крытыкаў дэкрэта, але не падзяляю яе.

Аляксандр Матвеенка, фота dev.by

Наша перавага: у Мінск можна трапіць хутка

Да нас у госці прыязджае кіраўнік Mapbox Эрык Гундэрсен. Ён апошнім часам проста ў захапленні ад таго, наколькі хутка можна трапіць у Мінск пасля прызямлення самалёта ў аэрапорце. Але праблемныя моманты, якія нас абмяжоўваюць, засталіся.

Напрыклад, часам ён хоча нам даслаць нейкія дэвайсы па пошце. А з гэтым у нас потым могуць узнікнуць праблемы. Мы павінны даводзіць мытні, што атрымоўваем гэта не для перапродажу. Калі гэта апаратура, якая запісвае відэа і гук, нам могуць «прышыць» які-небудзь шпіянаж. Я лічу, што гэта маразм.

Быў выпадак, калі Mapbox даслаў нам карпаратыўныя майкі і налепкі. Я згубіў цэлы дзень, каб давесці, што гэтыя 4 ці 5 маек атрымаў не для продажу, і што наша кампанія ўвогуле гандлем не займаецца!

Гутарыў Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930