Знайсці
07.01.2018 / 12:553РусŁacБел

Што змянілася ў прадастаўленні і адабранні зямельных участкаў

У кожным буйным горадзе ёсць кварталы, дзе захаваліся драўляныя будынкі пачатку мінулага стагоддзя, а месцамі і баракі, якія пазначаны ў планах пад знос яшчэ з 1980-х гадоў. У сувязі з чым грамадзянам доўгія гады не дазвалялі рабіць рэканструкцыю гэтага жылля. Але цяпер праблема вырашана — згодна з Указам Прэзідэнта № 463, падпісаным 26 снежня мінулага года. Аб гэтым расказвае карэспандэнт «Звязды».

Гаспадары хат у Веснінцы на паўночным захадзе Мінска не ўкладалі грошай у бягучы рамонт: нашто, калі будынак неўзабаве знішчаць? Фота Ягора Марціновіча, 2014 год.

— Уласнік можа ажыццяўляць рэканструкцыю такога жылога дома, павялічваць яго плошчу і ўзводзіць гаспадарчыя пабудовы на прыдамавой тэрыторыі — аж да прыняцця рашэння аб наступным адабранні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб, — каментуе дакумент начальнік упраўлення землеўпарадкавання Дзяржкаммаёмасці Сяргей Кастроў. — Раней выканкам мог адмовіць грамадзяніну ў рэканструкцыі, спасылаючыся на тое, што квартал забудовы ідзе пад знос. Таму норму прапісалі канкрэтна і адназначна, каб было ўсё дакладна і зразумела. Дом па-ранейшаму будзе знаходзіцца ў зоне адсялення, аднак калі сям’я расце — нарадзілася дзіця, з’явілася машына, — у чалавека павінна быць права на камфорт. Гэта, вядома, не значыць, што ўздоўж «чырвоных ліній» транспартных магістраляў горада раптам з’явяцца шматпавярховыя асабнякі, але спросціцца працэс стварэння нармальных бытавых умоў.

Бо часам даходзіла да таго, што ў дамах, якія плануюцца да зносу, не толькі забаранялася павялічваць жылплошчу, але нельга было нават элементарныя выгоды зрабіць — кухню пашырыць. Аднак указ не толькі пра гэта.

— Дакумент «адвязаў» кадастравы кошт зямлі ад долара, як ён вызначаўся пасля 1 студзеня 2015 года, — працягвае Сяргей Кастроў, — пры гэтым не прадугледжана ніякай іншай індэксацыі коштаў. Ёсць паслабленні і для сялянскіх фермерскіх гаспадарак: землеўпарадкавальныя службы выканкамаў будуць ажыццяўляць распрацоўку праекта адводу зямельнага ўчастка для іх бясплатна. Раней гэтая паслуга аплачвалася сялянскімі фермерскімі гаспадаркамі. Працэс адабрання і прадастаўлення ўчасткаў замест трох працэдур будзе складацца з дзвюх, распрацоўка праекта адводу зямельнага ўчастка і ўстанаўленне на мясцовасці яго мяжы аб’яднаны ў адну працэдуру. Гэта не толькі паскорыць і спросціць адвод зямель, але і дазволіць пазбегнуць памылак з межамі, плошчамі ўчасткаў і абмежаваннямі ў іх выкарыстанні.

Таксама, па словах Сяргея Кастрова, усталяваны 10-дзённы тэрмін, на працягу якога выканкам павінен прыняць рашэнне аб адмове ў прадастаўленні зямельнага ўчастка. І старшыні выканкамаў павінны будуць больш пільна кантраляваць выкананне рашэнняў аб выдзяленні зямель, у тым ліку і ў часовае карыстанне або ў арэнду.

Акрамя таго, арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, надзяляюцца правам да 1 студзеня 2023 года выкарыстоўваць прадастаўленыя ім раней зямельныя ўчасткі без афармлення дакументаў, што засведчваюць права на іх. Сельскагаспадарчыя арганізацыі і дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы вызваляюцца да 1 студзеня 2020 года ад выплаты дзяржпошліны за выдачу такіх дакументаў у дачыненні да зямельных участкаў, прызначаных для вядзення сельскай і лясной (лесапаркавай) гаспадаркі.

zviazda.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930