Знайсці
05.01.2018 / 16:20100РусŁacБел

«Я, ведаеш, які беларус? Я ахранець які беларус!»

Піша Стась Карпаў у сваім фэйсбуку.

Кожны раз у кампаніі, дзе я святкую Новы год, з'яўляюцца «новыя людзі». Гэта могуць быць нечыя сёстры, мужы сясцёр, жонкі братоў братоў знаёмых, сябры сяброў. Так што выбарка абсалютна выпадковая.

Некалькі гадоў таму, памятаю, адзін чувак на маю белмову глядзеў грэбліва. Як Чалы на біткойны.

Праз год той жа чувак глядзеў на маю белмову як Лукашэнка на біткойны. Без разумення, але з надзеяй.

У гэтым годзе былі абсалютна новыя «новыя людзі». І нішто як бы не выдавала і не прадвяшчала. Такія простыя харошыя рабяты. Пілі, палілі бенгальскія агні, весяліліся.

А пасля адзін хлопец да мяне падышоў і кажа:

— Паважаю. Я мову падзабыў, канечне. Але я, ведаеш, які беларус? Я ахранець які беларус. Я поўнасцю беларус, за ўсё беларускае. Ты, бачу, таксама. Я толькі мову падзабыў. Але яе ж забаранялі. Ты, напэўна, не ведаеш, а палякі забаранялі, рускія забаранялі і зараз вось…

Карацей, спыніў я пацана ад граха і шапнуў яму на вуха, што я крыху ў тэме і таксама чуў, што яе забаранялі і што я таксама ахранець які беларус.

І вось мы стаялі, ахранець якія два беларусы.

І я думаў пра артыкулы рэгнума, лайфа, спутніка…і як іхнія аўтары скавычуць, што Лукашэнка тут робіць беларусізацыю і нішчыць рускі мір, насуперак народным памкненням.

Я думаў: гэта вельмі добра, што ў Расіі сітуацыю бачаць менавіта так. Гэта значыць, што яны не ў стане зразумець, што у краіне нешта можа мяняцца не па загадзе ўлады, а насуперак. Што можа мяняцца само па сабе. Іх мозг не ў стане ўспрымаць такі «фенамен», і, значыць, яны будуць змагацца з беларусізацыяй Лукашэнкі, кляйміць Лукашэнку, патрабаваць паўздзейнічаць на Лукашэнку, абражаць Лукашэнку і злаваць Лукашэнку. А Лукашэнка будзе «абараняцца ад ціску» і прымаць меры ў адказ. У дачыненні да іх.

Пакуль тым часам у нас тут будзе само. Пакрысе. Няўмольна і непахісна.

Яны бясконца будуць шукаць не там, дзе згубілі, а «пад ліхтаром». Гэта цудоўна. І пакуль усё ідзе як трэба — нам смятанкі і дранікаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера