Знайсці
05.01.2018 / 16:49141РусŁacБел

«Чаму ў праграмах «Барадзіно» ёсць, а «Пахне чабор» няма?» Настаўніца рускай мовы напісала адкрыты ліст міністру адукацыі

Настаўніца рускай мовы і літаратуры са Смалявіч Ганна Севярынец напісала адкрыты ліст, у якім распавядае пра катастрафічную сітуацыю з вывучэннем беларускай літаратуры ў школе. З праграм незаўважна знікаюць найлепшыя творы, якія мусіць ведаць і якімі мусіць ганарыцца кожны беларус. 

Ганна Севярынец звяртаецца да Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, складальнікаў праграм па беларускай літаратуры, доктара педагагічных навук Вольгі Праскаловіч (у жніўні 2017 яна тлумачыла змены ў школьнай праграме па беларускай мове і літаратуры — Рэд.), загадчыкаў кафедр беларускай літаратуры ўніверсітэтаў, даследчыкаў, выкладчыкаў, настаўнікаў.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка. 

«Шаноўныя калегі!

Звяртаюся да Вас ад свайго імя, а таксама ад імя іншых настаўнікаў, даследчыкаў, бацькоў, ад імя вучняў, ад імя ўсіх тых, хто жыве, вучыцца і працуе ў Беларусі.

Апошнім часам склалася катастрафічная сітуацыя з вучэбнымі праграмамі па беларускай літаратуры. Правільней будзе сказаць, што гэтая сітуацыя складалася і развівалася дзесяцігоддзямі — але сёння набыла цалкам невытлумачальны і непрагназаваны характар.

Прадмет «Беларуская літаратура» ў школе разам з беларускай мовай і гісторыяй Беларусі — нацыяўтваральны. Немагчыма пераацаніць яго важнасць у навучанні і выхаванні беларускай моладзі. Дзякуючы гэтаму прадмету, дзякуючы адзінай, агульнапрынятай праграме па ім у нас ёсць магчымасць ствараць і занатоўваць агульнанацыянальны культурны код, той набор сэнсаў, фармулёвак, вобразаў, культуралагічных феноменаў, якія забяспечваюць, з аднаго боку, адзінства нацыі, з другога — перадачу краевугольных паняццяў нацыянальнага менталітэту, нацыянальнага культурнага здабытку, нацыянальнай гістарычнай спадчыны ад пакалення пакаленню.

У кожнай нацыі, у кожнай дзяржаве выкладанню нацыянальнай літаратуры, складанню адзінай праграмы па ёй адводзіцца самае сур’ёзнае месца. Людзі, адораныя пачуццём слова, пакліканыя сваім народам да пісьменніцкай трыбуны, фармулююць і агучваюць тыя праблемы, якімі жыве народ, нацыя, якія з цяжкасцямі і пакутамі вырашаюць людзі, што жывуць і працуюць на гэтай зямлі. Нацыянальная літаратура і нацыянальнае мастацтва наогул — той голас, які вылучае нас сярод іншых нацый і народаў, той голас, які дае нам права «людзьмі звацца» ў сусветнай супольнасці.

У беларускай школе нацыянальная літаратура вывучаецца паралельна з літаратурай рускай. Асобнае пытанне — чаму мы абмяжоўваем сваіх дзяцей літаратурай аднаго толькі народа, маючы суседзямі не толькі Расію, але і Украіну, і Польшчу, наогул, маючы на мэце інтэграцыю ў агульнаеўрапейскую прастору. Але зараз пра тое, што мы маем сёння: дзве літаратуры, якія вывучаюцца паралельна, маюць аднолькавую колькасць гадзін, у асобныя перыяды супадаюць пры вывучэнні храналагічна і, зразумела, гучаць на ўроках побач у межах выкарыстання методык міжпрадметных сувязяў.

Немагчыма ігнараваць той факт, што вучні ў любым выпадку параўноўваюць дзве гэтыя літаратуры.

Праграма па рускай літаратуры, пры ўсіх яе хібах, складаецца з выбітных твораў, якія маюць выключнае мастацкае значэнне і бясспрэчную эстэтычную вартасць. Над гэтай праграмай дзесяцігоддзямі працуюць найлепшыя навукоўцы, найлепшыя школьныя настаўнікі, даследчыкі і выкладчыкі. Спісы твораў па рускай літаратуры, абавязковых для прачытання, шырока дыскутуюцца і абмяркоўваюцца на самым высокім узроўні. Тое, што маюць беларускія школьнікі на ўроках рускай літаратуры, — гэта сапраўды бліскучыя творы высокаразвітой літаратуры.

У такіх умовах складанне праграм па беларускай літаратуры — справа асабліва важная, бо наша літаратура не павінна выглядаць другасна, бедна, неахайна, так, як яна выглядае сёння ў праграмах і падручніках.

У 2017 годзе з базавай праграмы па беларускай літаратуры былі выключаныя творы, бліскучыя па сваіх паэтычных вартасцях, творы, якія сапраўды складаюць наш культурны код, якія ведаюць на памяць бацькі сучасных дзяцей, творы знакавыя: верш Пятруся Броўкі «Пахне чабор», верш Рыгора Барадуліна «Бацьку», раман у вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». Замест легендарнага «Чабору» цяпер дзеці чытаюць «Будзем сеяць, беларусы» — верш сумнеўны з эстэтычнага боку, цалкам несучасны па тэматыцы і праблематыцы, нецікавы для вучняў старэйшых класаў.

У гэты ж час па рускай літаратуры яны чытаюць Яўгенія Еўтушэнку, Роберта Раждзественскага, Бэлу Ахмадуліну: як выглядае побач з гэтымі творцамі балада «Надзя-Надзейка» ці памянёны ўжо «Будзем сеяць, беларусы»?

Раней з праграмы быў выдалены выбітны раман Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні». Пытанні, якія вырашаюць у сваіх «школьных» раманах Леў Талстой і Фёдар Дастаеўскі, ёміста і дасканала вырашаюцца і нашым Кузьмой Чорным, прычым — на нашай, нацыянальнай глебе. Чаму нашы дзеці павінны чытаць пра Барадзіно і Кутузава — і не павінны чытаць пра Першую сусветную і беларускае бежанства? Па мастацкіх вартасцях проза Кузьмы Чорнага не саступае прозе Талстога і Дастаеўскага — чаму яна выдалена з абавязковай праграмы?

Тады ж з праграмы знік бліскучы сатырычны раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» — пры тым, што значна больш цяжкі для вучнёўскага разумення Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын добра пачуваецца ў курсе рускай літаратуры. Што з сённяшняй праграмы па беларускай літаратуры можа быць супрацьпастаўлена сатырычнай традыцыі літаратуры рускай — Мікалаю Гогалю, Міхаілу Зошчанку, Міхаілу Булгакаву? Чаму беларуская літаратура страціла ў школьнай праграме і гэтую сваю перавагу — своеасаблівы, тонкі гумар, жорсткую грамадскую сатыру? 

І Чорны, і Барадулін, і Гілевіч, і Мрый — гэта творцы, якія па мастацкіх вартасцях сваёй спадчыны стаяць поплеч з самымі знакамітымі рускімі і еўрапейскімі пісьменнікамі. Найлепшыя вершы Пятруся Броўкі нічым не горшыя за вершы рускіх шасцідзясятнікаў. Чаму адных выкідаюць з праграмы, а другіх прэзентуюць дрэннымі вершамі?

Чаму наш выбітны жыццятворца Уладзімір Дубоўка, чалавек, які па сваіх жыццёвых прынцыпах, па асабістых вартасцях, па шляху, які ён прайшоў, можа стаць сапраўдным героем для беларускай моладзі, мае паўтары старонкі нецікава выкладзенай біяграфіі ў новым падручніку? У праграме па рускай літаратуры прадугледжана асобнае вывучэнне перыядаў творчасці Пушкіна (паўдзённая высылка, Міхайлаўскае, Болдзінская восень) — і не прадугледжана асобнае вывучэнне перыядаў творчасці Дубоўкі, кожны з якіх ёсць прыкладам адданай працы дзеля чалавечай годнасці і дзеля сваёй краіны? Чаму так? Чаму ў беларускіх дзяцей ёсць падрабязнае, за некалькі год атрыманае, уяўленне пра жыццёвы і творчы шлях Пушкіна, Лермантава, Някрасава — і няма пра жыццёвы шлях Францішка Багушэвіча ці Уладзіміра Дубоўкі?

Чаму нашы дзеці і па сёння не чытаюць твораў міжваеннага часу, твораў бліскучых беларускіх паэтаў еўрапейскага ўзроўню — Алеся Дудара, Уладзіміра Жылку, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна, пры тым, што яны глыбока і разнастайна вывучаюць вялікую колькасць рускіх творцаў гэтага ж самага перыяду? Чаму яны не ведаюць выдатнага крытыка Адама Бабарэку, пры тым, што яны добра ведаюць рускіх Вісарыёна Бялінскага і Дзмітрыя Пісарава? Чаму з творчай спадчыны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Пятруся Броўкі выбіраюцца творы нецікавыя, тэматычна аднастайныя, не адпаведныя настроям і цікавасцям вучняў?

У адрозненне ад праграмы па рускай літаратуры, праграма па літаратуры беларускай перанасычана нецікавымі, недасканалымі з эстэтычнага боку творамі. У вучняў непазбежна складаецца прыкрае ўражанне, што іх нацыянальная літаратура — тэматычна бедная, эстэтычна ўбогая, змястоўна нецікавая. Але ж гэта не так.

Беларусь мае бліскучую літаратуру. Гэта літаратура мае ўсё, каб быць патрэбнай вучням: напружаныя, драматычныя сюжэты, вострыя, рубам пастаўленыя пытанні, разнастайную, на любы густ тэматыку, эмацыянальна насычаны пафас, глыбокую філасофскую насычанасць.

Чаму гэта ніяк не адлюстроўваецца ў школьнай праграме? Чаму агулам у вучняў застаецца ўражанне пра беларускую літаратуру як пра літаратуру, напісаную беднымі і неадукаванымі сялянамі, прычым пераважна пра Вялікую Айчынную вайну?

Нам усім — краіне, народу, вучням і настаўнікам — востра неабходна сёння:

  • Наладзіць шырокую адкрытую грамадскую дыскусію з удзелам экспертаў па змесце школьнай праграмы па беларускай літаратуры.
  • Скласці ў выніку гэтай дыскусіі шырокі і разнастайны спіс абавязковых для агульнанацыянальнага ведання і вывучэння класічных твораў беларускай літаратуры.
  • Перагледзець прынцыпы складання школьнай праграмы па беларускай літаратуры з кулуарнага абмеркавання да агульнанацыянальнай справы ў бок фарміравання і падтрымання нацыянальнага культурнага коду.
  • Узгадняць змены ў праграме з самым шырокім колам настаўнікаў, даследчыкаў, бацькоў.
  • Вярнуць у базавую школьную праграму «Пахне чабор» Пятруся Броўкі, «Бацьку» Рыгора Барадуліна, «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча, «Пошукі будучыні» Кузьмы Чорнага, «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя.
  • Уключыць у праграму па беларускай літаратуры асобныя творы з творчай спадчыны Адама Бабарэкі, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылкі, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна.

Выкладанне і вывучэнне беларускай літаратуры павінна стаць нашым агульнанацыянальным клопатам, а не клопатам вузкага кола зацікаўленых у асабістых творчых выгодах людзей.

Толькі тады будзем жыць як народ».

Ганна Севярынец, настаўнік рускай мовы і літаратуры, лаўрэат конкурсу «Настаўнік года Мінскай вобласці-2017», пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры, маці трох дзяцей, якія навучаюцца ў адукацыйных установах Беларусі.

Апытанка

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера