Знайсці
05.01.2018 / 11:1997РусŁacБел

«Русская планета»: Хопіць фінансаваць антырасійскую рэпрэсіўную машыну Беларусі

Расійскі інфармацыйна-аналітычны рэсурс «Русская Планета» выпусціў матэрыял пад зневажальным загалоўкам «Беларуская федэральная акруга». У сваім артыкуле сталы аўтар «Рускай Планеты» Андрэй Карэлін абвінаваціў беларускія ўлады ў патуранні антырасійскай дзейнасці, «беларусізацыі» і паразітаванні на Расіі, а таксама прыйшоў да высновы, што расійска-беларускія адносіны павінны быць перафарматаваныя.

Аўтар сцвярджае, што адносна высокі ўзровень жыцця ў Беларусі (у параўнанні з суседнімі расійскімі рэгіёнамі) дасягаўся ў першую чаргу за кошт бясконцых датацый з боку Расіі. Карэлін лічыць, што Беларусь дэ-факта з’яўляецца датацыйным рэгіёнам Расіі, нават слова «незалежнасць» у дачыненні да Беларусі ён ужывае ў двухкоссі.

Журналіст «Рускай Планеты» абвінавачвае Беларусь у тым, што нягледзячы на вялікія датацыі з боку Расіі наша краіна была самым ненадзейным хаўруснікам, ігнаруючы просьбы ўсходняга суседа аб прызнанні незалежнасці Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і далучэння Крыма да Расіі.

Не абмінуў увагай Андрэй Карэлін і беларуска-ўкраінскія адносіны ў сферы вайскова-прамысловага комплексу.

«Ва ўзброеных сіл «Незалежнай» знянацку з’явіліся беларускія МАЗы. Хіба ж ЗША іх пастаўляе? «Точка У» і САУ «Піён», з якіх абстрэльваецца тэрыторыя Данбаса, падкатваецца на пазіцыі мінскімі цягачамі. Адкуль яны ўзяліся на тэрыторыі, кантраляванай Узброенымі сіламі Украіны», — пытаецца аўтар.

Андрэй Карэлін, які пазначаны на сайце «Рускай Планеты» як крэатыўны рэдактар і культурны аглядальнік, звяртае ўвагу і на працэсы, якія нібыта адбываюцца ў беларускім грамадстве.

Андрэй Карэлін, фота vk.com

На думку аўтара, беларускія «свядомыя нацыянал-рэвізоры» займаюцца сістэматычным цкаваннем прадаўцоў, афіцыянтаў, кіроўцаў аўтобусаў і дробных чыноўнікаў.

«Актывіст Ігар Случак арганізаваў сапраўднае цкаванне смяротна хворага падлетка, імкнучыся прыцягнуць яго да адміністратыўнай адказнасці. Варта адзначыць, што адміністратыўная адказнасць у Беларусі — таўро на ўсё жыццё», — падкрэслівае Карэлін.

Журналіст «Рускай Планеты» лічыць, што такім чынам беларуская апазіцыя на фоне нібыта ўзрастаючых антырасійскіх настрояў арганізавала сапраўдны тандэм з уладамі. І тыя рэпрэсіўныя практыкі, якія раней ужываліся ў дачыненні да праеўрапейскай апазіцыі, пачалі ўжывацца ўжо ў дачыненні да прыхільнікаў так званага «рускага свету».

Не змог абмінуць Карэлін і рэзанансную справу над аўтарамі рэсурсу Regnum. Ужыванне тэрміна «недадзяржава» у дачыненні да Беларусі ён лічыць «рэалізацыяй права на свабоднае выказванне сваіх думак».

«Нашу Ніву» аўтар лічыць «апазіцыйным рэсурсам», і скрыншоты з каментарамі на нашым сайце Карэлін прыводзіць у якасці дэманстрацыі русафобскіх настрояў у грамадстве.

На думку журналіста «Рускай Планеты», у выпадку калі Расія адновіць з Беларуссю межы, арганізуе мытню і зробіць візавы рэжым, Аляксандр Лукашэнка сам папросіць, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі альбо 6 абласцямі, альбо адной федэральнай акругай.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера