Знайсці
03.01.2018 / 12:33РусŁacБел

Памерла народная артыстка Беларусі, харавы дырыжор Людміла Яфімава

Памерла народная артыстка Беларусі, харавы дырыжор Людміла Барысаўна Яфімава, паведамілі карэспандэнту БелТА ў Белдзяржфілармоніі. Развітанне адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі ў пятніцу, 5 студзеня.

У сакавіку 2017 года народная артыстка Беларусі адзначыла 80-годдзе. Людмілу Барысаўну Яфімаву калегі называлі «геніем харавой музыкі», «дырыжорам, які кіруе хорам як музычным інструментам».

Людміла Барысаўна нарадзілася ва ўкраінскім горадзе Горлаўка ў 1937 годзе. Яе юнацтва прайшло ў Ленінградзе, дзе яна яшчэ студэнткай кансерваторыі пазнаёмілася са сваім будучым мужам — дырыжорам, народным артыстам Беларусі Юрыем Яфімавым. Пасля заканчэння кансерваторыі ў 1963 годзе Людміле прапанавалі ўзначаліць ленінградскую капэлу, аднак малады хормайстар адмовілася: не захацела ісці пракладзеным шляхам.

Услед за мужам яна перабралася ў Мінск, дзе першы час працавала на радыё, а затым уладкавалася рэдактарам тэлебачання. З 1967 года Людміла Яфімава 20 гадоў выкладала ў Мінскім музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, дзе заснавалі канцэртны хор. Калектыў дасягнуў амаль прафесійнага ўзроўню, калі кіраўніка запрасілі ўзначаліць Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы.

З 1987 года Людміла Яфімава з'яўлялася яе нязменным хормайстрам. За гэты час капэла здабыла менавіта тое майстэрства, якое дазваляе ёй быць у ліку найлепшых хораў Еўропы. Людміла Яфімава ўдыхнула новае жыццё ў найстарэйшы калектыў Беларусі, пашырыўшы яго рэпертуар, у якім сёння каштоўнасці народнай музыкі, творы сучаснай і шэдэўры сусветнай класікі. За ўнёсак у развіццё і прапаганду айчыннага харавога мастацтва і беларускай народнай музыкі Людміле Барысаўне былі прысвоены ганаровыя званні заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і народнага артыста Беларусі, у 2010 годзе яна была ўзнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера