Знайсці
03.01.2018 / 18:16100РусŁacБел

Старшыня «Моладзі БНФ» Ганна Смілевіч: Калі каму не падабаюцца мае бровы, хай на сабе эксперыментуюць!

Новай старшынёй «Моладзі БНФ» стала 18-гадовая Ганна Смілевіч, другакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ. Гэтая перамога стала нагодай запрасіць дзяўчыну ў рэдакцыю «Нашай Нівы», каб пагаварыць пра палітыку, ідэалы і хлопцаў.

фоты Вольгі Афіцэравай.

У «Моладзь БНФ» Ганна прыйшла ў сакавіку 2017, толькі адсвяткаваўшы паўналецце.

— Я цікавілася дзейнасцю БНФ і раней, адсочвала ў сацсетках. На такі мой светапогляд у вялікай ступені паўплывала маці, якая размаўляе па-беларуску, я бачыла такіх жа людзей. Потым вырашыла далучыцца да моладзевай суполкі БНФ. Ну а ўрэшце пабачыла, што ў кіраўнікі вылучаюцца абсалютна свабодна, то вырашыла балатавацца і перамагла.

«Наша Ніва»: Дык якія твае перакананні?

— Гэта ідэі беларушчыны, змагання за самасвядомасць, нацыянальную ідэнтычнасць, свабоду… І «Моладзь БНФ» — платформа для рэалізацыі гэтых ідэй.

— Чаму гэта важна?

— Я з паслясавецкага пакалення моладзі, якое не адчувае сувязі з той матрыцай і тымі каштоўнасцямі. Для нас важна іншае. Паглядзіце — маладыя па-беларуску пачынаюць гаварыць, а калі не, дык маркіруюць сябе беларусамі неяк іначай і не адчуваюць негатыву да «свайго». Таму белай варонай я сябе не адчуваю: аднагодкі мяне або падтрымліваюць, або ніякіх эмоцый зусім не адчуваюць, бо пакуль апалітычныя.

Пакуль я не стаўлю сабе мэтай стаць выбітным палітыкам, я жыву цяперашнім — мне важна дасягнуць поспехаў цягам гэтага году ў «Моладзі БНФ», а далей — як пойдзе. Я таксама сябра БНФ, напэўна, у будучыні буду працаваць і ў партыі. У парламент магла б балатавацца тэарэтычна.

— А як ва ўніверы справы?

— Ва ўніверы ніякіх праблем у мяне не было. Цяжка дапусціць, што ніхто там не ведае пра тое, чым я кірую. Але нікуды мяне не выклікалі на размовы. Канечне, я чула, што некаторых адлічвалі за палітычную актыўнасць. Калі адлічаць, то давядзецца ў Польшчу паступаць, але цяпер я тут вучуся і з'язджаць не збіраюся.

— Калі сама не плануеш з'язджаць, то мо думала, як вярнуць тых студэнтаў, што паехалі?

— Трэба павышаць якасць жыцця.

— Як?

— Павышаць культуру, узровень эканомікі, больш палітычных свабод. Сапраўдная дэмакратыя — гэта калі людзей не забіраюць на Акрэсціна за ўдзел у мітынгах.

— А што б ты змяніла ў Беларусі? 

— Адна з праблем Беларусі — гэта самі беларусы, якія ўжо не вераць у тое, што нешта можа змяніцца і стаць лепш, чым ёсць. Людзі бачаць, што ў краіне не ўсё вельмі добра, але ўпэўнены, што нічога не зменяць. Таму, маўляў, хай так і будзе, абы б вайны не было. І ў гэтым праблема.

Мне падаецца, што і Лукашэнка насамрэч перамагае на выбарах, пытанні могуць быць толькі да лічбаў падтрымкі, у іх я не веру. Але гэта і праблема апазіцыі: для сябе я не бачу чалавека, які мог бы павесці за сабой народ. А нам патрэбны другі Каліноўскі, я думаю, які б даў надзею.

— Дык мы ў тупік зайшлі? Адкуль нам браць новых беларусаў?

— Трэба вырашаць праблемы ў галовах беларусаў.

— Як?

— Гэта залежыць ад самога чалавека. Ну і трэба развіваць і прасоўваць ідэі беларушчыны, ідэі незалежнасці і змагання.

— Змагання з чым?

— Змагання за свабоду, незалежнасць.

— Хіба мы не незалежныя?

— Дзяржава незалежная, але можна сказаць, што наша свабода абмежаваная ў пэўных момантах. Свабода слова, свабода выказвання, свабода сходаў… Нават тыя, якія ёсць, не цалкам выконваюцца.

— Як збіраешся спрыяць усім тым «трэба» як старшыня «Моладзі БНФ»?

— У нас ёсць стратэгія развіцця на 2018 год: гэта шэраг адукацыйных сустрэч да 100-годдзя БНР, кампанія за перайменаванне парка 50-годдзя Кастрычніка ў гонар Васіля Быкава, будуць кінапаказы, будзе кампанія «Я — еўрапеец», скіраваная на тое, каб моладзь адносіла сябе да еўрапейскай культуры, ну і ў такім духу. Плануем таксама пашыраць прадстаўніцтва ў рэгіёнах.

— А да БРСМ антыпатыі няма ў цябе?

— Напэўна, адчуваю. Мне не падабаюцца іх паказушнасць і метады, якімі яны прыцягваюць людзей. Туды людзей змушаюць уступаць, унёскі вытрасаюць. А як захочаш выйсці, адразу праблемы пачынаюцца. У «Моладзі БНФ» ёсць бэрээсэмаўцы, якія проста не могуць выпісацца адтуль.

— Давай цяпер пра жаночае: ці ёсць у цябе хлопец?

— Цяпер хлопца няма, я стамілася ад адносінаў… Нядаўна разышлася з хлопцам — дарэчы, пазнаёміліся ў «Моладзі» — сустракаліся мы паўгода, такія адносіны былі, што за гэтыя паўгода і стамілася.

Але заляцаюцца да мяне часта, асабліва пасля таго, як у інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра мяне. Пішуць, знаёмяцца, некаторыя клічуць гуляць, але я пакуль не іду.

А ідэала ў мяне няма. Нават не абавязкова, каб ён быў беларускамоўны. Але сябры для мяне важнейшыя за хлопца.

— А чаму ў інстаграм не выкладаеш фота ў бікіні, руйнуеш стэрэатыпы пра другакурсніц?

— Па-першае, я не вяду інстаграм у прынцыпе: не люблю фоткацца і не люблю фоткаць, мне хапае «Укантакце». А як палітык я стварыла сабе старонку ў фэйсбуку, дзе стасуюся па працоўных пытаннях.

Па-другое, я не такі адкрыты чалавек, каб выкладаць фота ў бікіні.

НН: Ну і пару словаў пра знешні выгляд. У інтэрнэце цябе моцна крытыкавалі за тое, што псуеш мілую знешнасць брэжнеўскімі брывамі.

— Я раней камплексавала трохі, бо не падабаліся рысы твару, але апошнім часам ужо не думаю пра гэта. Калі і ёсць нейкія недахопы, то гэта мае недахопы, і я буду з імі жыць. А каму не падабаюцца мае бровы — дык хай на сабе эксперыментуюць, падбіраюць прыгожыя.

Сямён Цыбульскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930