Знайсці
01.01.2018 / 20:52109РусŁacБел

У Кіеве праходзіць традыцыйнае шэсце з паходнямі ў гонар Бандэры ФОТА

У цэнтры Кіева ад парку імя Тараса Шаўчэнкі стартуе «Шэсце з паходнямі» ў гонар 109-й гадавіны з дня нараджэння Сцяпана Бандэры, піша Украінская праўда.

Удзел у маршы бяруць некалькі тысяч чалавек, але ў гэтым годзе ўдзел у маршы ўзяло менш людзей, чым летась.

Арганізатарамі падзеі з'яўляюцца нацыяналістычныя аб'яднанні «Свабода», Правы сектар і Нацыянальны корпус.

Як паведамілі арганізатары мерапрыемства, у гэтым годзе марш пройдзе пад лозунгам «За славу герояў, за будучыню дзяцей!».

Сцяпан Бандэра быў стваральнікам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, што ў 1930—50-я гады вяла ўзброеную барацьбу за незалежнасць Украіны. Бандэру ўдалося зрабіць незалежніцкі рух папулярным.

Постаць Бандэры выклікае рэзкае непрыманне ў Расіі, бо ён арганізаваў масавы і паспяховы ўзброены супраціў саветам. 

Украінскія ж гісторыкі ў ацэнцы Бандэры падзяліліся. Нацыяналісты і дзяржаўнікі высока ацэньваюць ягоную постаць, лібералы і левыя ставяцца да яго негатыўна.

З аднаго боку, ён узначаліў узброеную барацьбу за незалежнасць Украіны спачатку супраць палякаў, пасля — проці нацыстаў і саветаў. З другога боку, ягоная арганізацыя выкарыстоўвала тэрарыстычныя метады. У вайне супраць палякаў АУН распаўсюдзіла тэрор на мірнае насельніцтва.

У перыяд да 1941 года АУН супрацоўнічала з нямецкімі нацыстамі. Аднак немцы адправілі кіраўнікоў АУН, у тым ліку Бандэру, у канцлагер, калі тыя 30 чэрвеня 1941 года абвясцілі Украіну незалежнай.

Распаўсюджаны фэйк, што гэта бандэраўцы палілі вёскі ў Беларусі. Ён не адпавядае гістарычнай праўдзе: Бандэра на той момант ужо быў арыштаваны нацыстамі. У знішчэнні Хатыні ды іншых зладзействах разам з эсэсаўцамі ўдзельнічалі калабаранцкія падраздзяленні, складзеныя з прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. У іх уваходзілі, пераважна, былыя савецкія ваеннапалонныя, пастаўленыя перад выбарам: або галодная смерць у лагеры, або служба нацыстам.

Бандэру ў 1959 забіў агент савецкага КГБ, які з часам раскаецца ў сваім учынку і перабяжыць на Захад.

Прэзідэнт Юшчанка надаў Бандэру званне Героя Украіны. Януковіч гэты ўказ адмяніў.

Украінскія нацыяналісты ўшаноўваюць чырвона-чорны сцяг АУН побач з дзяржаўным, жоўта-блакітным.

Праванацыяналістычныя партыі цяпер набіраюць істотны працэнт галасоў не толькі на захадзе — калысцы АУН, але і ў цэнтры краіны. Нацыяналістычныя ідэі атрымалі новае распаўсюджанне ва Украіне ў адказ на захоп Расіяй Крыма і часткі Данбаса ў 2014-м. Упершыню за часы незалежнасці Бандэру сталі масава ўшаноўваць таксама ва ўкраінскіх сілавых структурах.

На Майдане Незалежнасці мае адбыцца веча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930