Знайсці
30.12.2017 / 18:168РусŁacБел

Спакуслівы водар гэтага штолена вас зачаруе РЭЦЭПТ

Штолен — гэта традыцыйны нямецкі калядны кекс. Яго выгляд і форма сімвалізуюць спавітага немаўлятку Ісуса. Рэцэптаў яго існуе вялікае мноства. Звычайна штолен пякуць за 2-3 тыдні да Раства, каб ён мог «саспець», а ўсе смакі цалкам раскрыліся.

Але нішто не замінае пачаць есці яго ўжо на наступны пасля выпечкі дзень, як гэта зрабілі мы — надта ўжо спакуслівы водар разносіўся па кватэры. І трэба сказаць, што нават «няспелы» ён неймаверна смачны. А патрэніраваць прадбачлівасць і сілу волі, думаю, нагода яшчэ будзе:) Хоць, вядома, лепей даць штолену паляжаць хаця б некалькі дзён — напрыклад, да праваслаўнага Раства, калі спячы яго цяпер. 

Вам спатрэбіцца:

  • каля 300 г мукі
  • 1,5 ч.л. разрыхляльніку
  • дробка солі
  • 125 г цукру
  • 200 г тварагу
  • 100 г масла
  • 1 яйка
  • цэдра і сок паловы лімона
  • 50 г міндалю
  • 50 г разынак
  • 50 г сушаных журавін
  • 100 г курагі
  • 25 г апельсінавых цукатаў (у мяне не было, узяла цэдру 1 апельсіна)
  • па 0,5 ч.л. ванільнага і міндальнага экстрактаў (можна без іх, альбо замест ванільнага экстракту ўзяць пару лыжак ванільнага цукру)
  • каля 50 г масла для прапіткі
  • цукровая пудра для пасыпкі

Як гатаваць:

1. Курагу дробна парэзаць, разам з астатнімі сухафруктамі заліць невялікай колькасцю алкаголю (рому, каньяку, брэндзі) і пакінуць на суткі (альбо хаця б на ноч).

2. Міндаль пасячы.

3. Мяккае масла ўзбіць з цукрам. Працягваючы ўзбіваць, дадаць яйка, тварог (ён павінен быць гладкі, у разе патрэбы працерці яго праз сіта), цэдру і сок лімона і экстракты.

4. Змяшаць муку з разрыхляльнікам і соллю, паступова ўсыпаць у масляна-тварожную сумесь (мукі можа спатрэбіцца крыху болей). Дадаць арэхі, потым сухафрукты з цукатамі, добра перамяшаць. 

5. Сфармаваць штолен (чым апісваць словамі, прасцей паглядзець у гугле, як гэта робіцца). Выпякаць каля 50-60 хвілін на 180°С.

6. Яшчэ цёплы штолен шчодра змазаць растопленым маслам і пасыпаць цукровай пудрай. Цалкам астудзіць, шчыльна загарнуць (напрыклад, у фольгу, потым пакласці ў пакет і завязаць) і пакінуць «выспяваць» пры пакаёвай тэмпературы.

Смачнага вам Новага года!

Гатуйце таксама:

Юлія Міцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера