Знайсці
02.01.2018 / 17:4099РусŁacБел

Як Наста і Зміцер Дашкевічы закалолі свінку. Па-за сацсеткамі: адзін дзень з жыцця маладой сям'і за 200 км ад сталіцы ФОТЫ

Дзея адбываецца ў вёсцы Падгалле Любанскага раёна. Усе імёны сапраўдныя — так, тут ёсць Наста і Зміцер Дашкевічы, цёзкі ды амаль аднагодкі вядомай мінскай маладафронтаўскай сям’і. Чым жа розняцца ад сталічных і чым падобныя іх жыццё і праблемы? 

Усё робіцца ў поўным маўчанні, як вывераны рытуал. Удзельнікі і гледачы засяроджаныя, нібы граюць п’есу.

Адчыняюцца дзверы, і з катушка ў доўгі калідор хлева, між загарадак з козамі, выскоквае чорная свіння. Прабягае ў другі канец, да дзвярэй на вуліцу, замкнутых на крук, кідаецца на іх, разварочваецца і хаваецца ў куце.

Следам выходзіць Зміцер Дашкевіч, шугае яе. Свіння бяжыць назад у свой хлевушок. Зміцер заходзіць следам. Дзверы зачыняюцца.

Пяць хвілін маўчання. Дзверы адчыняюцца зноў. Гэтым разам Зміцер цягне свінню за заднія ногі. Праз увесь хлеў, да шырэйшай пляцоўкі перад выхадам.

Кладзе. Наступае нагой на вяроўку, якой звязаныя заднія ногі. Рукамі ловіць пярэднюю нагу, пераварочвае ахвяру на спіну. Сядае на яе, прыціскае да зямлі.

На ўсё гэта са сваіх загарадак, як з партэра на сцэну, неадрыўна глядзяць дзесяць коз. Цішыню рве часты і роўны як пад метраном брэх малога сабачкі, якога не ўдалося вытурыць з хлева перад пачаткам.

Зміцер вядзе рукой вакол па падлозе, шукаючы швайку. Гэта спецыяльная завостраная спіца, другі канец якой выгнуты колцам. У колца ўстаўляецца палец, швайка заціскаецца ў кулак. Зміцер акуратна, але з сілай уганяе вастрыё свінні пад лапатку. Прыслухаўшыся, лаканічна каментуе: «Сэрца наскрозь».

Вонкава нічога не змяняецца. Няма фантана крыві, няма роспачнага віску. Свіння нейкі час моўчкі «даходзіць». Зміцер застаецца сядзець на ёй. Хвілін праз пяць яна пачынае выгінаць спіну і сукаць нагамі: сутаргі. Канец.

Праз увесь двор ахвяру ў ганаровым суправаджэнні сабак цягнуць за ногі да месца смалення. У пашчу ёй укладаецца цагліна, каб не спякліся вантробы. Зміцер доўга чаруе з «машынкай» — паяльнай лямпай, якая ўсё ніяк не разгарыцца як след.

З хаты яму прыходзіць дапамагаць жонка Наста. Усчынаецца кароткая дыскусія, ці тую свінню Зміцер закалоў. «Бацька сказаў любую браць. Я паглядзеў, за каторай парасяты пабеглі, — тую не чапаў…»

Так выглядаюць бухавіны на Любаншчыне на Каляды-2017. Удакладняем: свіння была в’етнамскай пароды: кілаграмаў на сорак. Такіх яшчэ гадоў дваццаць таму ў беларускай вёсцы не зналі, а цяпер яны папулярныя.

Дзея адбываецца ў вёсцы Падгалле. Усе імёны сапраўдныя — так, тут ёсць Наста і Зміцер Дашкевічы, цёзкі ды амаль аднагодкі вядомай мінскай маладафронтаўскай сям’і.

Дом з эркерам

У Падгаллі жывуць бацькі Насты. У іх вялікі, з фантазіяй збудаваны дом на некалькі ўзроўняў з паўкруглым, накшталт важкай раманскай вежы, эркерам. Сцены звонку белыя, тынкаваныя, усярэдзіне шаляваныя дрэвам, паравое ацяпленне, дзве печы (адна з плітой, другая з ляжанкай), «зручнасці» — унітаз і душ — пры кухні за шырмачкай.

На адной са сцен вялікага пакоя — дыван з выявай Багародзіцы. «Але гэта хутчэй упрыгажэнне, мы атэісты», — каментуе Наста.

«Можна Вам пазайздросціць — у такім доме раслі», — кажу. Яна рэагуе з лёгкім раздражненнем: з гэтага дома я толькі ў 11-ы клас пайшла. А ўсё яе дзяцінства сям’я з пяці чалавек пражыла ў часовым буданчыку з аднаго пакоя і неацепленай кухні: «Бацька дзесяць год дом будаваў».

 

Гісторыя аднаго фермера

Мы гутарым з Насціным бацькам, Андрэем Лапцікам, уладкаваўшыся на фатэлях у гасцёўні, палову якой складае той самы эркер. Тут жа круціцца малая дачка Дашкевічаў, Анечка. Дзед між справай паказвае ёй «казу» і спявае, замест пацешкі, песню Высоцкага пра Бермудскі трохкутнік.

Маракоў, докераў, што за саветамі яшчэ хапнулі салёнага ветру і нармальных грошай, відно і праз дзесяцігоддзі — нейкая ў іх ёсць шырыня, балагурыстасць. І байкі, бясконцыя байкі.

Спадар Андрэй са страчанага пакалення, якое яшчэ чакае свайго Рэмарка. Рамантыкі, дзеці перабудовы, што ў пачатку 90-х, кінулі чужыну ды авантурна вярнуўся заводзіць бізнэсы на зямлю продкаў.

Андрэй выехаў з Беларусі яшчэ ў 70-я — ледзь скончыўшы школу. Быў зваршчыкам, працаваў у эстонскіх карабельных доках, у калгасе эстонскім, які нават у тыя часы быў больш падобны да капіталістычнай гаспадаркі. Хацеў і на радзіме займацца фермерствам. Прыязджаў, як стала незалежнасць, «зандзіраваў глебу». Не цураўся грамадскай дзейнасці — прайшоў мінскія мітынгі, ведаў Пазняка і Хадыку, быў у Сялянскай партыі. Раённае ды калгаснае начальства давала зялёнае святло, абяцала яму ўрадлівыя землі на выбар. Тут, над ракой Арэсай, ён думаў і сваю гаспадарку разгарнуць, і яшчэ сем чалавек у раёне загітаваў у фермеры. Але як толькі выпісаўся з Эстоніі ў 1992-м, перавёз сям’ю — усё застопарылася.

Спачатку не давалі зямлі, пасля далі такое балота, што лепш не давалі б зусім. Біўся на тых палетках, з якіх у мокры год гектараў дзесяць можна было не засяваць увогуле. Круціўся, судзіўся, дабіваўся, а ўрэшце махнуў рукой. Сапсаваны трактар, палова камбайна ды іржавыя фрагменты іншай буйной сельгастэхнікі, раскіданыя па ўчастку, нагадваюць пра той перыяд жыцця. Засталася яшчэ прыказка «назло ворагам», якой часта перасыпае свой аповяд гэты марак на сушы.

На вокнах у гасцёўні — кандэнсат: дом слабавата трымае цяпло.

Батарэйкі «Дзеці пракурора»

Цяпер Андрэй загадвае сельскім клубам, але ці ўдасца дабыць да пенсіі, не ведае: «Летась у нас памерла пяцьдзясят, нарадзілася — чатыры. Мёртвыя душы трымаюць у спісах, каб статыстыку не псаваць. У школе некаторых класаў няма зусім. Зачыняць і клуб праз пару год».

Пчолы — яшчэ адно захапленне спадара Андрэя.

Энергічная натура спадара Андрэя і ў клубнай дзейнасці знаходзіць задавальненне. Ён арганізаваў каманду КВЗ, у якой іграе ўся яго сям’я, а сам ён капітан. КВЗ на Любаншчыне папулярны, спаборніцтвы мясцовых каманд збіраюць поўныя залы. Андрэй успамінае, як перад гульнямі паламаў нагу і выходзіў на сцэну з мыліцамі.

«Мы ў раёне самая любімая каманда ў насельніцтва, а вобласць нас завальвае. Ім трэба перад гульнёй сцэнар паказваць з усімі жартамі для зацвярджэння. І яны адразу выкрэсліваюць тое, што нельга казаць. А скажаш — нулявая адзнака будзе. У нас быў такі жарт: батарэйкі «Дзеці пракурора» ніколі не сядуць. Наш раённы пракурор сам быў у журы — клаўся ад смеху. А паехалі на вобласць — гэты жарт выкраслілі».

«Я кабана забіваць не буду»

Яшчэ адным вынікам фермерства стала тое, што дзяцей Андрэя Лапціка на 180 градусаў адвярнула ад сельскай гаспадаркі, і прафесіі яны сабе абралі выключна інтэлігентныя. Самым адаптаваным да вясковай работы выглядае зяць Зміцер — гарадскі хлопец з Клецка.

«Я кабана забіваць не буду», — катэгарычна казаў раніцай малодшы брат Насты. Ён вывучыўся ў Мазырскім педуніверсітэце на настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, сёлета ажаніўся з дзяўчынай на курс маладзейшай ды прывёў яе ў бацькоўскі дом. На запясцях у абаіх — татуіроўкі: зрабілі пасля вяселля на памяць. Маладыя адпрацоўваюць размеркаванне ў мясцовай школе, а ў выходны разам лепяць катлеты ў кухні пад жорсткую гітарную музыку. 

Праблемы ІТ-краіны

Сама Наста скончыла журфак БДУ, працавала ў раёнцы «Голас Любаншчыны», пакуль не выйшла ў дэкрэт. Яны са Змітром і паўтарагадовай Аняй жывуць у Касцюках. Гэта вёска пры самай Любані. Там сям’я не так даўно купіла дом.

Каштаваў будынак са шлакаблоку на шэсць пакояў 1961 года пабудовы каля пятнаццаці тысяч даляраў. Робяць яшчэ рамонт, дабіваюцца тэлефона. Бо на іх вуліцы няма свабодных ліній. У тэлефонных сетках наўпрост сказалі: мы вам адным лінію цягнуць не будзем, чакайце, пакуль якая з вашых суседак-пенсіянерак памрэ, тады забераце сабе яе нумар.

Як няма стацыянарнага тэлефона, дык і доступ да інтэрнэту маецца толькі праз мабільнік — і даражэй, і не так зручна.

Яшчэ адна праблема — доктара не дазвацца. За паўтара года да малой прыходзілі паўтара раза, хоць мусяць рэгулярна. «Я сама раз прыходжу ў бальніцу з малой, а яны кажуць мне: мы да вас ходзім-ходзім, а вас усё дома няма. Дзе ж я, цікава, магла быць, калі не дома» — іранізуе Наста.

Вось такія праблемы бываюць у краіне, дзе перамог біткойн.

Чаму іх выгадна трымаць

Пры доме Дашкевічаў — гектар зямлі. Можна сад пасадзіць. Але ні гарода вялікага, ні гаспадаркі Насце не хочацца. Сям’я трымае сабаку-лабрадора і ката. «Мама ўвесь час мне прапануе: вазьміце казу, вазьміце парася… Але я гаспадаркай назаймалася, калі з бацькамі жыла. Мы кароў трымалі раней, кожнай тры вядры вады трэба ў дзень: пакуль напоіш — рук не чуеш».

Скруцілі гаспадарку і бацькі: кароў даўно няма, у прадзіманым вятрамі хлеве з кляёнкай на вокнах жыве статак козаў ды непатрабавальныя в’етнамскія парсючкі.

Ім, кажа Андрэй Лапцік, не трэба ні бульбы, ні камбікорму. Усё лета яны гадуюцца ў загоне на траве, а восенню — на гарбузах, якіх тут тоны нарастаюць. Так што свінні хоць і невялікія, але дзяшовыя ва ўтрыманні, і плодзяцца — страх: свінаматка па дзесяць-пятнаццаць парасят за раз прыводзіць.

Аднаго з іх і закалолі перад Калядамі.

Праблемны год

2017-ы для сям’і Дашкевічаў быў няпросты: Зміцер не меў сталай працы. Ён, скончыўшы індустрыйна-педагагічны каледж, працаваў інструктарам па кіраванні ў ліцэі, механікам і запраўшчыкам на льнозаводзе ў Любані. Але калі там на яго паспрабавалі павесіць растрату паліва, сышоў.

Доўгі час не мог нідзе ўладкавацца, вось цяпер знайшоў месца ў прыватнай фірме, якая прымае ад насельніцтва скаціну на мяса. Абяцаюць там заробак рублёў пяцьсот-шэсцьсот у пачатку, пасля мо болей.

Работа ў перспектыве будзе «чыстая», не ў мясным цэху. Абавязак Змітра — разам з падначаленымі і ветэрынарам кантраляваць двор, на які прывозяць скаціну, заганяць кароў у цэх, пасля забою праводзiць дэзынфекцыю, сачыць, каб двор заўжды заставаўся чыстым. Вось і сёння з раніцы, як сям’я сабралася да бацькоў біць свінню, яго выклікалі на працу: прывезлі з калгаса чатырох кароў.

Таму ў Падгалле Зміцер прыехаў толькі пад сярэдзіну дня, ужо ў рабочым камбінезоне і з устойлівым пахам смерці за плячыма. Гэта адчуваюць два вялікія, але таварыскага складу дваравыя сабакі, якія з верным віскатам суправаджаюць яго.

 

«Мы не ведалі, што ты такі небяспечны»

Зміцер Дашкевіч і вонкава падобны да свайго цёзкі-маладафронтаўца. Хіба трохі ніжэйшы ростам. Да супадзення імёнаў ён ставіцца з іроніяй. У 2010-м, калі апазіцыянер Дашкевіч перад самымі выбарамі трапіў у турму, Змітру пачалі пісаць у сацыяльных сетках некаторыя знаёмыя: «Мы не ведалі, што ты такі небяспечны чалавек! Мы не хочам з табой сябраваць!»

У яго 18-гадовым «Опелі»-універсале вісіць георгіеўская стужачка. Але трэба ведаць, што машыну падарыў сваяк з Расіі, прыгнаўшы аж з Севераморска.

Зміцер гаворыць трасянкай, Наста — падкрэслена чыста па-беларуску («я ж журналіст!»).

«Я ў 2010-м была на другім курсе, — успамінае яна. — І я не хадзіла на Плошчу. Не верыла ў гэта ўсё. І цяпер, мне здаецца, няма ў Беларусі дзеяча, які б выклікаў давер і мог штосьці змяніць. Мне падабаецца Захаранка. Я глядзела відэа яго выступаў, чытала пра яго. Мяне захапляе, што чалавек паўстаў супраць сілы ў абарону закона. Калі б такі лідар з’явіўся зараз, я б за ім пайшла».

Мара пра «Зорку Венеру»

Зміцер і Наста жанатыя шосты год. Адпачыць дзесьці выпадае, мякка кажучы, не заўсёды: у вясельнае падарожжа з’ездзілі ў Чарнагорыю, пасля раз — да маміных сваякоў у Расію, у Белгарадскую вобласць. Затое практыкуюць бліжэйшыя вандроўкі і нават маюць арыгінальную навагоднюю традыцыю. «Мы на Новы год стол не робім — мы едзем куды-небудзь. Летась былі ў Пінску, гулялі па горадзе. І малую ўзялі — захуталі, насілі з сабой. Сёлета ў Рэчыцу збіраемся», — расказвае Наста.

Фантастыка і выдуманыя сусветы захапляюць Насту Дашкевіч: Пітэр Джэксан, «Марвел». «Песня лёду і полымя» у яе электроннай чыталцы… Ёсць і навагодняя мара. Яна мае прыгожую назву «Зорка Венера». Гэта кінатэатр у Салігорску. Туды пасля новага года Наста, пакінуўшы дачку на родных, на вечар уцячэ глядзець новыя «Зорныя войны».

Гэты рэпартаж быў падрыхтаваны дзякуючы Алесю Плотку.

Андрэй Скурко, фоты Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера