Знайсці
28.12.2017 / 11:488РусŁacБел

Гэтыя чатыры абследаванні трэба абавязаць жанчын рабіць штогод

Калі ў вас усяго адна вольная хвіліна, то занатуйце вось гэта: ультрагукавое даследаванне (УГД) шчытападобнай залозы, малочнай залозы, органаў брушной поласці і гінекалагічнае [малы таз, матка, яечнікі] — раз на год абавязкова. Але мы б раілі чытаць далей, бо тут важныя рэчы пра здароўе грудзей і тое, як іх захаваць.

За 50 год, што лекарка-анколаг медыцынскага цэнтра «Эксана» Ларыса Мурамцава ў прафесіі, ёй даводзілася сутыкацца з рознымі сітуацыямі. Сёння хіба найбольш засмучае доктарку тое, што многія беларускі, калі пытанне тычыцца здароўя іх грудзей, ды і не толькі іх, дагэтуль кіруюцца прынцыпам «абы прыгожа і не балела». Гэта не самае лепшае рашэнне. Бо калі грудзі пачынаюць балець, то гэта яўны сігнал сур’ёзных праблем у арганізме.

«Колькі год? Калі былі ў гінеколага? Калі апошні раз хадзілі на УГД малочных залоз? Не хадзілі? А самаагляд робіце? Рабіце!» — атрымліваем мы настойлівую параду ад доктаркі. Пасля гутаркі з ёй вельмі хочацца хутчэй бегчы ўсё выконваць, бо складваецца ўражанне, што ў групе рызыкі ўсе жанчыны.

Фота bm.img.com.ua.

Грудзі залежныя практычна ад усяго

Малочныя залозы — самы прыгожы, самы пяшчотны, самы адчувальны і самы залежны орган у арганізме. Залежны найперш ад гінекалогіі. Любыя гінекалагічныя працэсы могуць быць прычынай з’яўлення як дабраякасных, так і злаякасных пухлін у малочных залозах.

Але гінекалагічныя праблемы — толькі адзін радок у доўгім спісе ўсяго, што можа справакаваць хваробы ці болі ў грудзях:

Нежаданне нараджаць. Тое, што жанчыны сталі менш і пазней заводзіць дзяцей — адна з прычын розных дысгарманальных змяненняў у тканках малочнай залозы [і ў гінекалогіі таксама]. Малочныя залозы створаныя для выкормлівання дзіцяці. І чым даўжэй перыяд выкормлівання, чым часцей жанчына нараджае, тым лепш. У такіх жанчын рак малочнай залозы і дабраякасныя пухліны сустракаюцца нашмат радзей.

Фота sobiratelzvezd.ru.

Гарманальныя кантрацэптывы. Часта гінеколагі прызначаюць гарманальныя прэпараты для лячэння запаленчых працэсаў, дысфункцый яечнікаў, але ёсць адмысловыя сродкі ад незапланаванай цяжарнасці, якія могуць уплываць на тканкі малочнай залозы. Кантрацэптывы розныя, іх трэба перыядычна мяняць, нельга доўга ўжываць адзін і той жа. Канечне, усё індывідуальна: тое, што падыходзіць аднаму, можа не падыходзіць іншаму. За мяжой ужо вырашаецца пытанне, каб кантрацэпцыяй займаліся мужчыны, каб яны прымалі прэпараты, а жанчыны былі цалкам вызваленыя ад гэтых клопатаў.

Стрэсавыя сітуацыі, дэпрэсіўны стан. Апошнім часам выходзяць на першы план. Радасны жыццёвы пасыл вельмі важны для лячэння.

Бывае, хвароба працякае цяжка, і, здавалася б, у жанчыны павінны быць вельмі абмежаваныя жыццёвыя рэсурсы. Але яна жыве, нягледзячы ні на што, бо бачыць сэнс у тым, каб жыць і перамагаць, у яе ёсць, дзеля чаго. Валявыя жанчыны заўсёды ўражваюць дактароў. У іх ёсць унутраная моц, якая дапамагае змагацца з хваробамі. Бываюць нават выпадкі перамог над злаякаснымі пухлінамі, хоць і крайне рэдка.

Любыя праявы гастрыту, халецыстыту, жоўцекамянёвай, мочакамянёвай хвароб. Былі выпадкі, калі пасля выдалення жоўцевага пузыра знікала пухліна ў малочнай залозе. То бок яна была дабраякаснай, рэакцыйнай на працэсы, што ішлі ў жоўцевым пузыры. І калі прыбралі прычыну, сышло і следства.

Змяненні ў шчытападобнай залозе, якія пасля Чарнобыля сталі даволі частымі. Менавіта таму павінна быць нормай раз на год рабіць УГД гэтага органа. А для маладых жанчын — здаваць аналіз крыві на гармоны шчытападобнай залозы і пры мінімальных адхіленнях абавязкова назірацца ў доктара. Бывае, жанчына прыходзіць і кажа, што ў яе баляць грудзі. Мы яе абследуем, але не бачым нічога падазронага. А жанчына нервуецца, губляе вагу. Абследуем шчытападобную залозу і знаходзім праблему там. Вырашаем яе, і жанчыну перастаюць турбаваць болі ў грудзях.

Стан хрыбетніка. Скаліёз, астэахандроз — усё ўплывае. Трэба клапаціцца пра хрыбетнік: рабіць зарадку, хадзіць на танцы, у басейн ці фітнес-клуб.

Аборт. Гэта вялікая нагрузка і ў плане гінекалогіі, і ў плане малочных залоз. Бо выходзіць, што арганізм дарэмна перастройваўся, рыхтаваўся да нараджэння дзіцяці.

Пераахаладжэнні, прастуды. Глыбокі запаленчы працэс можа перарасці ў штосьці нашмат больш сур’ёзнае.

Траўмы. У вёсцы, бывае, жывёлы ўдараюць рогам ці капытам у грудзі. Часам траўму наносіць муж: «Здымала яму п’янаму боты, а ён мне даў нагой у грудзі». На месцы ўдару з’яўляецца гематома і клеткі перастаюць нармальна размнажацца.

Быў выпадак, калі прыйшла жанчына ўжо ва ўзросце з пухлінай у малочнай залозе і распавяла, што атрымала яе дзіцячымі ножкамі: «Гэта мне ўнучак настукаў. Ён на мяне забіраўся і ўвесь час удараў пятачкай у адно і тое ж месца». Там пасля і развілася злаякасная пухліна. Спачатку ўзнік гузак, які пасля перарос у язву, і жанчына стала пакутаваць ад глыбокіх боляў, звярнулася да дактароў. Гэта ўжо была не першая і не другая стадыя захворвання.

— Звычка спаць на жываце. У працяг тэмы траўмавання, бо малочныя залозы папросту расціскаюцца пад вагой цела.

Нязручная бялізна. Праз яе малочныя залозы могуць увесь час атрымліваць мікратраўмы. Таму найлепш абіраць здаровы, а не толькі прыгожы станік з натуральнай тканіны і без костачак

Фота imgur.com.

Пластычныя аперацыі. Сёння ёсць магчымасць памяншаць, павялічваць малочную залозу, мяняць яе форму. Але калі пластычныя аперацыі робяць маладыя жанчыны, якія яшчэ не нараджалі, то ў будучыні могуць узнікнуць праблемы, бо імплант сціскае тканкі малочнай залозы.

Генетычны фактар. Калі ён ёсць, то трэба часцей хадзіць да доктара і часцей рабіць абследаванні. Жанчыны, якія лечацца своечасова, перажываюць здаровых. Пухліны растуць ціха, і калі забаляць, лячыць бывае вельмі цяжка.

Аперацыю па выдаленні малочных залоз, хіміятэрапію пры злаякаснай пухліне звычайна жанчыны пераносяць нармальна і жывуць пасля вельмі доўга. Але пры ўмове, што ўсё было выяўлена своечасова, на 1-й ці 2-й стадыі. Бывае, пухліна з’яўляецца ў адной малочнай залозе, а бывае — у дзвюх адначасова. Тады часам даводзіцца выдаляць абедзве залозы, калі і ў адной, і ў другой ёсць ачагі.

У нас галоўны пасыл у людзей: не баліць, то чаго ісці да доктара? А трэба ісці якраз тады, калі не баліць. Раз на год паказацца, абследавацца. Сучаснае абсталяванне дазваляе выяўляць праблемы на ранніх этапах. Быў час, калі не было ні УГД, ні мамаграмы. Што дактары знаходзілі рукамі, тое і аперавалі. Часам вырашалі, што раз ёсць аб’ёмнае новаўтварэнне, то лепш выдаліць на ўсялякі выпадак.

Цяпер аперацый стала менш па колькасці, тыя ж кісты, больш буйныя залозы, як правіла не аперуюць. А іх знаходзяць у 75% жанчын, якія нараджалі, і ў 50%, якія не нараджалі. Калі кісты вельмі вялікія, іх праколваюць і адсмоктваюць вадкасць, каб яна не ціснула на суседнія тканкі, прызначаюць лячэнне. У некаторых жанчын кіст шмат — асаблівасць арганізму жанчыны. Кіста — не хвароба, але за ёй можа хавацца штосьці больш сур’ёзнае.

Бывае, жанчыны прыходзяць абследавацца, калі стан на мяжы: яшчэ не рак, але ўжо ёсць праблема. Дактары робяць прыгожыя аперацыі, пасля некаторых жанчыны могуць і нараджаць, і нават карміць дзіцяці. Перад гэтым, канечне, абавязкова юрыдычна пацвярджаецца, што аперацыя сапраўды неабходная. Як маленькая — пры дабраякасных працэсах, так і сур’ёзная — пры злаякасных.

Часам прыходзяць жанчыны, у якіх ужо пачаўся клімакс, а яны ніколі не рабілі УГД малочных залоз. І калі пытаешся, ці глядзяць яны сябе, чуеш: «Вой, баюся. Раптам я штосьці там намацаю?» Людзі баяцца свайго цела! Таму трэба і мужчын вучыць, каб аглядалі сваіх каханых і калі штосьці заўважылі, бралі жанчыну за руку і вялі да доктара. Такіх пакуль што ў нас мала, але яны ёсць.

Быў выпадак, калі доктарка пайшла лячыць пухліну да знахаркі…

Некаторыя жанчыны, якія знаходзяць у сябе новаўтварэнні, пачынаюць спрабаваць лячыцца народнымі сродкамі: галадаць, штосьці прыкладваць да грудзей. Звяртаюцца да знахарак. І толькі стымулююць рост новаўтварэння.

Быў выпадак, калі жанчына, доктарка, звярнулася са злаякаснай пухлінай малочнай залозы. Медыкі прызначылі ёй план лячэння, але яна адмовілася ад яго і пайшла да знахаркі, якая паабяцала вылечыць. Дзесьці праз паўгода пухліна перайшла ў складаную форму, і тады знахарка адправіла яе назад да дактароў, сказаўшы, што цяпер ужо нічым дапамагчы не можа.

Так, калі працэс дабраякасны, можна па-рознаму супакойваць нервовую сістэму. Але калі працэс злаякасны, нельга марнаваць час, бо потым, бывае, ужо нельга нічога зрабіць.

Рак малочнай залозы — гэта больш узроставае захворванне, у маладых сустракаецца рэдка. Звычайна пухліны з’яўляюцца пасля 40 год, калі пачынаецца гарманальная перастройка.

Цяпер стала больш гінекалагічнай анкалогіі ў жанчын, старэйшых за 60, 70 і 80 гадоў. Павялічылася працягласць жыцця, і ўзроставы фактар, натуральна, адгукаецца. Няпроста адправіць 70-гадовую жанчыну на УГД, мамаграму, да гінеколага, бо даведку на працы ўжо ніхто не пытаецца. Разважаюць звычайна так: «Раз на пенсіі, дык чаго хадзіць? Падумаеш, ямачка з’явілася, што з таго?» А гэта, можа быць, пухліна скуру ўцягвае.

Заўсёды трэба памятаць: мыецеся — паглядзіце грудзі, глядзіце тэлевізар — паглядзіце, апранаецеся — паглядзіце. Пагладжвайце іх, супакойвайце, рабіце лёгкі масаж, каб яны расправіліся, падыхалі, асабліва пасля працы.

Самаабследаванне павінна быць на першым месцы. І пасля 20 год — штогадовае прафілактычнае УГД малочных залоз. Жанчыны павінны быць адказнымі за сваё здароўе, бо дактары кожны дзень побач стаяць не будуць.

Як самаабследавацца

У 11-16 год малочныя залозы фармуюцца, і праводзіць самаабследаванне дзяўчынку мусіць навучыць ці маці, ці гінеколаг, ці тэрапеўт. Рабіць гэта можна і стоячы, і лежачы, і ў душы. Калі гаворка пра жанчыну, то абследаваць яе можа каханы. У некаторых краінах мужчын спецыяльна вучаць аглядаць малочныя залозы, і за іх здароўе яны адказваюць нават юрыдычна.

Ідэальна праводзіць самаагляд раз на месяц, праз два-тры дні пасля менструацыі.

1. Станьце перад люстэркам і агледзьце грудзі. Трывожныя сімптомы: грудная залоза мае несіметрычную форму, скура на ёй сцягнутая альбо з ацёкамі, на смочках ёсць запаленне або пачырваненне.

2. Падніміце ўверх рукі і агледзьце грудзі спачатку спераду, потым з розных бакоў.

3. Візуальна падзяліце левую малочную залозу на чатыры сектары. Пачынайце прамацваць з верхняга знешняга сектара, што бліжэй да падпахі. Тут тканка звычайна больш шчыльная. Далей паступова абследуйце іншыя сектары, рухайцеся па гадзіннікавай стрэлцы. Правярайце, ці няма ўшчыльненняў, прыпухласцяў, боляў. Гэтак жа абследуйце і другую малочную залозу.

4. Сцісніце смочкі і паглядзіце, ці не выдзяляецца вадкасць.

5. Ляжце на спіну і зноў абследуйце грудзі гэтак жа, як і ў пункце 3.

6. Прамацайце лімфавузлы ў вобласці падпах. Праверце, ці не павялічаныя яны, ці няма боляў.

Чытайце таксама:

Пра мастурбацыю, эпіляцыю, доўгія перапынкі ў сэксе — з гінеколагам

Nina.nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера