Знайсці
03.01.2018 / 08:4754РусŁacБел

«Усё па законе»: як махляры, банкі і прадаўцы мабільнікаў карыстаюцца інвалідамі

На пачатку верасня маладая пара зайшла ў салон сувязі «Ало» ў Брэсце і выбрала мабільны тэлефон. Новенькі «Хуавэй» коштам 700 рублёў вырашылі браць у крэдыт. Хуценька аформілі паперы, у якасці бонуса банк выдаў яшчэ і картку овердрафт на 2 тысячы рублёў. Гэта значыцца, можна сыходзіць у «мінус» на такую вялікую суму.

Юлія з новым тэлефонам і карткай з грашыма паехала да сябе дадому. Антон — да сябе. Пасля Антону пачалі прыходзіць смс з банка. Ён здзівіўся. Хворы на сіндром Вільямса Антон нават не зразумеў, што крэдыт аформлены на яго, бо Юля ж папрасіла яго быць паручыцелем. Пазней хлопец раскажа, што пазваніў Юлі, тая сказала: «Гэта смс пра тое, што я плачу крэдыт, усё нармальна». Ён супакоіўся. А праз месяц з банка пазванілі бацькам Антона. Высветлілася, што грошы з овердрафту знялі і ані за яго, ані за мабільнік ніхто не плаціў.

Хросны бацька і крэдытаатрымальнік

Берасцейцу Антону Савейку — 32 гады. Антон хворы на сіндром Вільямса, гэта храмасомная хвароба, якая выклікаецца генетычнай мутацыяй. Людзі з сіндромам Вільямса заўсёды маюць характэрнае аблічча, яны выдзяляюцца сярод іншых. І яны ад прыроды бязмежна даверлівыя.

Антону Савейку 32 гады, у яго сіндром Вільямса — а значыць, ён бязмежна, не па гадах даверлівы.

Для людзей з сіндромам Вільямса вельмі часта характэрна адсутнасць абстрактнага і вобразнага мыслення, інфантыльнасць і фактычна дзіцячая непасрэднасць. Пры гэтым яны звычайна самі цягнуцца да людзей, даверлівыя і добразычлівыя, цікаўныя, лёгка ідуць на кантакт. Ды што далёка хадзіць за прыкладам, таго ж Антона добра ведае амаль увесь Брэст — хлопец заўзяты меламан, наведвае ўсе канцэрты мясцовых гуртоў.

Акрамя таго, Антон з 12 гадоў — актывіст у царкве. Цяпер дарослага ўжо хлопца знаёмыя часам просяць быць хросным бацькам. Антон ніколі не адмаўляецца — для яго гэта вялікі гонар і шчасце.

І вось у жніўні сяброўка Антона па царкве распавяла, што яе знаёмая не можа знайсці хроснага бацьку. Сама тая знаёмая вырасла ў дзіцячым доме, сваякоў не мае, дзяцей цяпер гадуе адна. Антон, канечне, пагадзіўся дапамагчы. Неўзабаве хлопец пазнаёміўся з Юліяй і стаў хросным бацькам яе дачкі.

Пасля некалькі разоў Антон сустракаўся з Юляй, гуляўся з яе дзецьмі. Усё было нармальна, пакуль у кастрычніку ў кватэру не пазванілі з банка ВТБ. Высветлілася, што на хлопцы вісіць доўг.

«Антон не разумеў, што адбываецца, казаў, маўляў, знаёмай дапамог. Мы з бацькам удваіх тлумачылі сыну, што крэдыт узяў менавіта ён», — узгадвае Галіна Савейка, мама Антона.

Сам Антон тлумачыць свой учынак проста: «Я падумаў, што куме трэба дапамагчы».

«Картку Юля забрала адразу. Я не зразумеў, што за картка. Пасля мне пачалі прыходзіць смс, што грошы не плацяць. Я званіў Юлі, яна супакойвала, што ўсё добра. Але гэта была хлусня», — кажа Антон.

«Яна, напэўна, з кімсьці кансультавалася, што рабіць, каб не прыцягнулі за махлярства. Таму што адзін плацеж 50 рублёў Юлія зрабіла, пасля яшчэ адзін — 60, і ўсё. Пасля смяялася мне ў твар, казала: «Мне нічога не будзе!» — сцвярджае Галіна Савейка.

Бацькі Антона ў выніку закрылі крэдыт самі. Тэлефон забралі ў Юліі. Але ў банку паведамілі, што на хлопцы вісіць яшчэ амаль тысяча даляраў — той самы овердрафт. Бацькі пачалі пытацца ў сына, які овердрафт? Той адказваў проста: «Я не ведаю». Пасля ўзгадаў, што атрымліваў нейкую картку. Але, па словах хлопца, картку адразу забрала Юлія.

Савейкі закрылі і гэты крэдыт. Цяпер чакаюць, каб Юля аддала грошы за выкарыстаныя 2 тысячы овердрафту. 

«Нах** ты той тэлефон брала?»

У Брэсце гэта не першая такая гісторыя. У цэнтры «Асаблівае жыццё», дзе вучацца і падпрацоўваюць людзі з асаблівасцямі развіцця, такім навінам не здзівіліся. Тое ж самае ўжо адбывалася з іх падапечнымі.

27-гадовая Наталля Парада кажа, што каля 5 гадоў таму яна ўжо была ў амаль такой жа гісторыі.

«Знаёмы папрасіў дапамагчы. Казаў, што трэба грошы, каб набыць машыну ў цыгана. У мяне быў пашпарт. Пайшлі ў банк, мне далі грошы».

Наталля Парада.

Наталля кажа, што не памятае сумы, як і назвы банка. Грошы аддала знаёмаму.

«Таму цыган даў машыну. Якую? Чырвоную, якая ледзь-ледзь ездзіла!» — кажа Наталля.

Па яе словах, знаёмы нічога банку не плаціў. Звярталіся ў міліцыю — нічога. Крэдыт вылічвалі з пенсіі, пакуль Наталля не расплацілася.

А паўтара года таму яна ізноў уляпалася ў крэдыт.

«Мне трэба было адрамантаваць ноўтбук. Грошай не было. Назбіраць ніяк не магла. Я ўбачыла аб’яву на слупе: «грашовыя пазыкі». Пазваніла. Прыехаў мужчына», — распавядае Наталля.

Далей, па словах Наталлі, яны сустрэліся каля салона МТС. Мужчына паабяцаў даць ёй патрэбную на рамонт суму, калі яна возьме для яго тэлефон у крэдыт. Плаціць паабяцаў сам. Адправіў дзяўчыну ў салон — праверыць, ці атрымаецца. Сам чакаў на вуліцы.

«Я падышла з пашпартам. Спытала, ці можна ўзяць тэлефон у растэрміноўку. Ён каштаваў 7 мільёнаў. Яны праверылі ў камп’ютары, кажуць, што можна, даўгоў у вас няма», — узгадвае Наталля.

Новы знаёмы выдаў ёй мільён на першы ўнёсак за мабільнік. Тая аформіла паперы, выйшла з салона з тэлефонам. Мужчына паабяцаў, што неўзабаве сустрэнецца з Наталляй і аддасць ёй грошы, якія абяцаў. Пасля ён забраў тэлефон і ўсе паперы ды знік.

Больш мужчыны Наталля не бачыла. Праз 2 месяцы ёй прыйшла смс — у вас доўг. Пачалі прыходзіць паперы, што грошы будуць спаганяць праз суд. Яна пайшла ў міліцыю, напісала заяву, але гэта скончылася нічым.

«Дапытвалі мяне. Крычалі на мяне мацюкамі: нах** ты той тэлефон брала?».

Дапытвалі Наталлю адну — прадстаўніка цэнтра «Асаблівае жыццё» з ёй не пусцілі.

У брэсцкай міліцыі пацвердзілі — па апошняй справе правялі праверку, накіравалі дакументы ў Следчы камітэт.

Але ў Следчым камітэце няма інфармацыі па гэтай гісторыі. Гэта значыць, справу вырашылі не заводзіць.

У выніку Наталля плаціць за той мабільнік і па сёння.

«Была сума 10 з чымсьці мільёнаў. Гэта крэдыт і штрафы. Вылічвалі з пенсіі раней 900 тысяч штомесяц. Пенсія 2 мільёны 200 тысяч. Цяпер мне засталося плаціць 5 мільёнаў па-мойму. Цяпер з пенсіі забіраюць менш, толькі 300 тысяч».

«Брат», «сястра» і тры крэдыты

А на 23-гадовага Сямёна Бурвана сёлета павесілі аж 3 мабільнікі.

У ліпені да яго пагрукалася ў сацсетках нейкая Наталля. Пачала рабіць хлопцу кампліменты.

Сямён Бурван.

«Пісала: «Ты так спяваеш! Ты такі прыгожы!» — узгадвае Сямён.

Пасля сустрэліся. З Наталляй прыйшоў нейкі Уладзімір, нібыта брат. «Брат» распавёў, што яму тэрмінова патрэбны мабільнік, грошай няма, а пашпарт на візе. Папрасіў Сямёна дапамагчы.

«Я пагадзіўся. Не ведаю чаму. Мы паехалі ў салон МТС, я ўзяў тэлефон у растэрміноўку. «Самсунг» за 673 рублі», — кажа Сямён.

Хлопец аддаў мабільнік і дакументы «брату».

А на наступны дзень Уладзімір папрасіў Сямёна ўзяць у крэдыт яшчэ мабільнік. За гэта абяцаў дазволіць сустракацца з «сястрой».

На гэты раз пайшлі ў «Вэлком». Адтуль Сямён выйшаў з новым «Хуавэем». Ізноў дакументы і мабільнік забраў Уладзімір.

Пасля Сямёна папрасілі дапамагчы ў набыцці яшчэ аднаго мабільніка. Як ні дзіўна, усё атрымалася. У салоне сувязі ў гандлёвым цэнтры Сямён павесіў на сябе новы крэдыт, Уладзімір атрымаў новы мабільнік «Мейзу».

Пасля Уладзімір падбіваў Сямёна аформіць на сябе картку растэрміноўкі «Халва» (але хлопцу адмовілі ў банку), пытаўся, ці няма ў яго сваякоў ці знаёмых, якія б узялі яшчэ пару мабільнікаў у растэрміноўку. Плаціць за крэдыты Уладзімір абяцаў сам.

Але плаціць за іх сёння Сямён, з пенсіі — 151 рубль штомесяц. Пенсія ў хлопца — 187 рублёў.

Вінаватыя не махляры, а банкі?

Адносна паспяхова скончылася толькі адна справа — Сямёна Бурвана. І то толькі таму, што там было відавочнае махлярства з вялікай колькасцю эпізодаў і пацярпелых. Крымінальную справу нядаўна перадалі ў суд. У ёй 115 эпізодаў, падазраваны завалодаў 140 мабільнікамі, цяпер яго ўсё ж будуць судзіць за махлярства.

Як бы цынічна гэта ні гучала, у выпадку з Сямёнам махляроў згубіла сквапнасць. Каб яны абмежаваліся адным тэлефонам, даказаць махлярства было б няпроста. Плюс падазраваны — асабліва не судзімы, з добрымі характарыстыкамі — заўсёды можа заявіць, што не планаваў нікога падманваць і прызнаць доўг.

Як і атрымалася ў гісторыі з Антонам Савейкам. Крымінальную справу заводзіць адмовіліся, бо Юлія прызнала доўг і абяцае грошы аддаць.

Гэта разумеюць і бацькі інвалідаў, і сацыяльныя работнікі. Яны часта сутыкаюцца з тым, што іх дзяцей падманваюць ці выкарыстоўваюць несумленныя людзі.

«Падмануць такіх людзей, як Антон, вельмі проста. Яго самога калісьці проста сярод белага дня разувалі на вуліцы — падышлі нейкія хлопцы, сказалі: «У цябе басаножкі не крутыя, давай здымай, зараз нармальныя прынясем». У выніку босага і заплаканага сына прывезла дамой міліцыя», — кажа Галіна Савейка.

Галоўная прэтэнзія ў яе — да банка і салонаў сувязі.

«Так, грошы мы згубілі. Сума немалая, але для нас некрытычная. Але галоўнае пытанне да банка — бо ён фактычна зброя ў руках махляроў. Чаму не праверылі даведку аб даходах Антона? Навошта навязалі яму той овердрафт, пра які ён не прасіў? Чаму дакументы аддалі трэцяй асобе? Чаму сістэма працуе так, што фактычна дапамагае махляру падставіць чалавека?»

Сам Антон сцвярджае, што касірка проста спытала, колькі ён зарабляе. У адказ ён распавёў, што атрымлівае пенсію па інваліднасці плюс невялікую зарплату на прадпрыемстве, дзе працуюць інваліды. Гэта не засмуціла работніцу банка.

І касірка банка, і Юлія адказваюць: Антон ведаў, што крэдыт бярэ ён. Картку і паперы нібыта сам аддаў Юліі.

Галіна Савейка пісала ў ВТБ-банк. У адказ атрымала паперу за подпісам намесніка старшыні праўлення Дзмітрыя Фралова.

«На падставе вашага звароту было праведзена разбіральніцтва. У работніка банка, які аформіў крэдыт, запатрабавалі тлумачальную запіску. На падставе тлумачальнай запіскі можам паведаміць, што ў Савейкі Антона Мікалаевіча яўных прыкметаў наяўнасці асаблівасцяў развіцця не назіралася. Варта адзначыць, што Савейка А.Н. ясна адказваў на пытанні і адэкватна ацэньваў сітуацыю», — гаворыцца ў адказе банка.

Бацькі Наталлі нікуды, акрамя міліцыі, не звярталіся. Але адказ салона сувязі, хутчэй за ўсё, быў бы прыкладна такім жа.

Усё кепска, але ўсё па законе

Галоўны момант тут — інваліды, якія трапіліся ў крэдытныя гісторыі, не былі пазбаўлены дзеяздольнасці. То бок, усё па законе.

«Насамрэч, такіх людзей часта не пазбаўляюць дзеяздольнасці. Прычыны простыя — гэта даволі доўгая працэдура, трэба звяртацца ў суд, дый самі бацькі часта лічаць, што калі дзіця мае асаблівасці, то яно відавочна недзеяздольнае. А некаторыя нават не хочуць, каб дзецям выстаўлялі дыягназ: хтосьці саромеецца, хтосьці спадзяецца, што зможа адаптаваць ці самастойна выцягнуць дзіця. Камусьці проста пляваць, бо нярэдка бацькі самі хворыя ці маюць праблемы з алкаголем. А самі мы не можам заняцца гэтай працэдурай — толькі сваякі», — тлумачаць сацыяльныя работнікі.

Тлумачыць сваю пазіцыю і Галіна Савейка.

«Калі я пазбаўлю Антона дзеяздольнасці, то пасля не змагу пакінуць яму кватэру. То бок, калі са мной штосьці здарыцца, над ім прыйдзецца афармляць апеку камусьці са сваякоў ці яго адправяць у псіханеўралагічны інтэрнат».

Атрымліваецца замкнёнае кола. І выйсця, якое б задавальняла ўсе бакі, з яго проста няма. 

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера