Знайсці
27.12.2017 / 15:064РусŁacБел

Кібернетыка аўтарытарызму: перачытваючы Сіліцкага

Піша гісторык Антон Лявіцкі.

Немагчыма начытацца Віталём Сіліцкім. Гэта як высокага класу серыял, Arrested Development ці Community.

Метафара «серыял Сіліцкі» мае ў дадзеным выпадку канкрэтнае значэнне. Сіліцкі, грамадзянін і патрыёт (1972—2011), рэгулярна пісаў для шырокай публікі. У сваёй публіцыстыцы ён прапанаваў беларускім інтэлектуалам мадэль удзелу, якая спалучала даступнасць пісьма і акадэмічную строгасць разважання.

Асноўнае пытанне кнігі «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі» коратка гучыць так: Чаму Лукашэнка? Чаму ён захаваў уладу, а Мілошавіч — не? Чаму ён перамагаў на выбарах, а не Ганчарык і Мілінкевіч?

Аўтарытарная мабілізацыя: мадэлі для зборкі

Перш за ўсё, паказвае Сіліцкі, прычыны поспеху Лукашэнкі схаваныя ў логіцы ягонай сістэмы ўлады. Першы прэзідэнт Беларусі дзейнічаў суверэнна і небанальна; «паглыбленне аўтарытарызму ў Беларусі сталася самастойнай мадэллю». Таму беларускі досвед варты ўвагі ў міжнародным кантэксце: узычваючы арыгінальныя стратэгіі панавання, «беларуская мадэль» стала часткай гісторыі чалавецтва.

«Прэвентыўны аўтарытарызм» імкнецца выкараніць саму магчымасць канкурэнцыі і аўтаномнага ўдзелу. Палітычная дзейнасць дыскрэдытуецца і фармалізуецца, публічная сфера пільна кантралюецца, культура становіцца месцам «інвеставання рэпрэсій у будучыню». Гэта спалучаецца са славутым «сацыяльным кантрактам», які прадугледжвае пераразмеркаванне выгадаў (сацыяльная дзяржава) наўзамен за пасіўную лаяльнасць.

Здаецца, таму праект «ідэалогіі беларускай дзяржавы» ад пачатку быў мёртванароджаны. Беларуская палітычная мадэль не зацікаўленая ў «больш складаных механізмах сацыялізацыі і кантролю». Яна асімілюе амбітнасць і энергію сацыяльных груп (напрыклад, моладзі) праз дэмабілізацыю і выхаванне цынічнага прагматызму.

Сваім дызайнам беларускі аўтарытарызм выразна адрозніваецца ад сербскай ці ўкраінскай мадэлі недэмакратычнага панавання. Там магчымасці для апазіцыйнай палітыкі заўсёды былі шырэйшыя. Дзякуючы гэтаму ў пэўны момант утварыўся «раскол легітымнасці»: апазіцыя пераняла ідэйную гегемонію. Мілошавіч ці Кучма больш не выражалі «дух часу», выглядалі архаічна і недарэчна.

Адсюль вынікала легітымнасць апазіцыі: яна панавала ідэйна і магла разлічваць на электаральныя поспехі. Работа беларускага аўтарытарызму такой магчымасці не ўзычвала. Часткова Сіліцкі звязвае гэта з характарам масавай ідэнтычнасці — «савецкай беларускасці». Гэты наратыў не дазваляў выспеліць антыаўтарытарны этас і матываваць ім масавую салідарнасць.

Наадварот, проці Сербіі і Украіны, дзе мясцовыя нацыяналізмы жывілі дэмакратычны светапогляд (хаця не толькі яго), «савецкая беларускасць» была цалкам перанятая Лукашэнкам. Яна стала рамкай не дэмакратычнай мабілізацыі, а аўтарытарнай палітыкі: напрыклад, у 1995 годзе гістарычныя вобразы «савецкай беларускасці» забяспечылі брутальную дэлігітымацыю і выключэнне апазіцыі як «фашыстаў».

Дынамічнае самагубства: апазіцыя за прэвентыўным аўтарытарызмам

З 1996 года ў Беларусі аўтарытарызм застаўся «адзінай гульнёй у мястэчку». Парадаксальным чынам захаванню гэтай сітуацыі спрыяла і беларуская апазіцыя. «Брак стратэгічнага мыслення» выяўляўся ў залежнасці ад вонкавых рэцэптаў поспеху, неадэкватным вызначэнні мэтаў і парадку дня.

Сіліцкі дэталёва аналізуе гэтую сітуацыю. Ягоныя назіранні пацвярджаюцца найноўшымі падзеямі, напрыклад, выбарамі 2015 года.

Гэткая дэградацыя апазіцыі выкліканая, аднак, не ейнымі якасцямі. Яна вынікае, ізноў жа, з асаблівасцяў палітычнай сістэмы, ключавыя параметры якой задаюцца дзяржавай. У гэтым суплёце прычын і наступстваў першапачатковая слабасць апазіцыі (Сіліцкі крытычна падсумоўвае дзейнасць БНФ у 1990—1995 гадах) спрыяла фарміраванню сістэмы Лукашэнкі, а гэтая сістэма ў сваю чаргу «замарозіла» попыт на дэмакратычную альтэрнатыву, скасаваўшы натуральныя пляцоўкі (палітыку і публічную сферу), дзе такая альтэрнатыва магла спаборнічаць з пануючым вучэннем.

Магчымасць выйсця

Кніга Сіліцкага па-быкаўску песімістычная. Ягоны прагноз у дачыненні да Беларусі вельмі змрочны: рэжым «карпарацыйнай дзяржавы» дасягнуў той ступені кансалідацыі, калі ягоная змена немагчымая без умяшання вонкавых сіл. Фінал такіх сістэм, працягвае Сіліцкі, зазвычай вельмі брутальны і спалучаны з выбухам гвалту.

Гэты вывад даследчыка паказвае на магчымасці і абмежаванні, якія рыхтуе тэорыя.

Паліталогія паводле Сіліцкага — гэта сацыяльная навука. У «Доўгай дарозе» тэарэтычны раздзел — ці не самы важны ў кнізе: ён коратка і змястоўна падсумоўвае асноўны тэкст, паколькі вынікае з яго і адначасова кіруе ім. Таму «Доўгую дарогу» можна чытаць як працяг якога-кольвечы даклада П’ера Бурд’ё. Перш за ўсё гэта тычыцца генеральнага клопату: як можна аналітычна «схапіць» дыялектыку паміж трываласцю структуры і дзеяздольнасцю актараў («agency and structure in the study of regime change»)?

Сіліцкі далучаецца да тых даследчыкаў, якія спрабавалі вымеркаваць гэтую дылему кампрамісна, прызнаючы і эфектыўную стабільнасць структур, і магчымасці гульцоў уплываць на сістэму. Ключавыя паняцці, якія выкарыстоўвае Сіліцкі, развіваюць гэты падыход: «залежнасць ад каляіны» (структура), «пераломны момант» (уразлівасць структуры) і «майстраванне» (уласна паводзіны гульцоў).

Адсюль вынікае скепсіс Сіліцкага што да лёсу Беларусі ў блізкай будучыні. Тым не менш іншая перспектыва таксама магчымая. Не ставячы пад сумненне вартасць працы Сіліцкага, яе проста варта мець на ўвазе. Нямецкая даследчыца Тэрэза Бек абгрунтоўвае зусім іншае разуменне «штодзённага функцыянавання аўтарытарызму». Яна прапануе разглядаць панаванне не як сістэму, а як «дынаміку досведу». Такая оптыка дазваляе ўбачыць разнастайнасць практык супраціўлення.

Не кожны акт нязгоды мае на мэце захоп палітычнай улады, даводзіць Бек. Некаторыя тактыкі супраціўлення і ўпартасці маюць на мэце стварыць «крызіс легітымнасці сацыяльнага парадку». Гэта субтыльная, глыбінная работа: ёй абыходзяць спосабы мыслення і ўспрымання.

Адсюль вынікае важная думка. Яна лёгка далучаецца да некаторых разважанняў Сіліцкага: сенсацыйныя, відовішчныя «рэвалюцыі» рыхтуюцца ў штодзённасці, у мысленні. У інтэлектуальным падмурку, які ў канчатковым выніку і вызначае, як адбываюцца калектыўнае дзеянне і «барацьба за ўладу, грошы і культурныя сімвалы».

Але Бек дадае да Сіліцкага сумненне ў здольнасці гуманітарных навук што да прагнозаў. Не ўсё відаць, не ўсё паддаецца прагназаванню, кажа нямецкая аўтарка.

* * *

Сіліцкі напісаў выдатную працу, адрасаваную сусветнаму чытачу. Ён даў сабе клопат з тэорыяй і эмпірыкай. Зрабіў шырокія вывады: гэта не чарговае адкрыццё «праўды пра беларускі народ», гэта работа пра сацыяльнасць, пра мабілізацыю і панаванне.

Разам з тым, гэта драма аб бяссіллі пакалення і «прайгранай бітве». Гэта цяжкае, балеснае сведчанне безвыніковасці. Чалавек вырваўся не тое што з супрацьлеглага боку сусветнага істэблішменту, а наогул з па-за ягоных рамак: ён пісаў па-ангельску, знаўся на літаратуры і для нямецкага «Aus Politik und Zeigeschichte» ён пісаў са Стэнфарда.

А гэта нічога не змяніла: ані ў парадку рэчаў, ані нават у парадку слоў. Таму кнігу можна прачытаць як дэпрэсіўны расказ аб паражэнні пэўнага габітусу. Той стратэгіі ўдзелу, якую Бертальт Брэхт назваў «eingreifendes Denken» («мысленне, якое мяшаецца»). Прыблізна пра гэта Быкаў скептычна засцерагаў: «Пераконваць чалавека, тым больш чалавецтва — марная справа. <…> Не, у мяне не можа быць гэткіх грандыёзных задач».

Зрэшты, мо іх не было і ў Сіліцкага.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера