Знайсці
26.12.2017 / 12:0630РусŁacБел

Фермерскія гаспадаркі ў дзясяткі разоў больш рэнтабельныя за калгасы — паказальная статыстыка 

У Беларусі зацверджаная Дактрына нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года.

Яе аўтары звяртаюць увагу на шэраг пагроз.

У прыватнасці, канстатуецца высокая доля даходаў (41,9% станам на 2015 год), якую беларусы выдаткоўваюць на ежу. У планах панізіць гэты паказчык да 35%.

«У выпадку захавання тэндэнцыі росту цэнаў харчаванне грамадзян з нізкімі даходамі (непрацуючыя пенсіянеры, шматдзетныя сем'і, сем'і з дзецьмі) можа стаць недастаткова паўнавартасным», — гаворыцца ў дактрыне.

«Найбольш уразлівымі да пагроз харчовай бяспекі застаюцца хатнія гаспадаркі з дзецьмі. У 2015 годзе хатнімі гаспадаркамі з адным дзіцем спажывалася ў разліку на члена сям'і ў год 71 кілаграм мяса і 14 кілаграмаў рыбы, з двума дзецьмі — 60 і 12, з трыма дзецьмі — 58 і 11 кілаграмаў адпаведна. У сем'ях з трыма дзецьмі адзначана самае высокае спажыванне бульбы. Значнымі застаюцца адрозненні ў рацыёне харчавання гарадскога і сельскага насельніцтва. Па дадзеных за 2015 год, узровень спажывання малакапрадуктаў на сяле на 28 кілаграмаў ніжэй, мяса — на 6, садавіны і ягад — на 23 кілаграмы. Хлеба ў сельскай мясцовасці спажываюць больш на 24 кілаграмы. Прычынай гэтаму з'яўляюцца недастатковыя для якаснага харчавання ўзровень даходаў сельскага насельніцтва і эфектыўнасць харчовага забеспячэння тэрыторый», — таксама канстатуе дактрына.

Але найбольш паказальная тая статыстыка, што дэманструе розніцу ў прыбытковасці калгаснай сістэмы, што дасталася Беларусі ў спадчыну ад СССР, і прыватных фермерскіх гаспадарак.

У 2015 годзе рэнтабельнасць у фермераў складала 31,1%, у той час як у калгасах — толькі 0,6%.

Аўтары дактрыны пры гэтым адзначаюць, што «на структуру і дынаміку рынкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і харчавання значны ўплыў аказвае аграрная палітыка, у першую чаргу — узровень дзяржаўнай падтрымкі».

Разам з гэтым даводзіцца, што «у некаторых раёнах Беларусі склалася крытычная сітуацыя з колькасцю стратных сельгаспрадпрыемстваў».

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера