Знайсці
23.12.2017 / 19:5625РусŁacБел

Ідэальныя зімовыя пернічкі — грэюць не толькі душу

Традыцыя рабіць печыва са спецыямі на Раство існуе ў многіх народаў. Яго неймаверны водар і саграваючы, крыху пякучы смак цудоўна спалучаюцца з атмасферай зімовых святаў і надаюць ім утульнасці.

Сёння я прапаную рэцэпт такога печыва ад нашых заходніх суседзяў палякаў, што адшукала на партале kwestiasmaku.com. Падобнае печыва часта называюць «пернічкамі», а цеста для яго робяць найчасцей з гатовай сумессю спецый, якая так і называецца — «przyprawa do piernika». Не ведаю, ці нешта падобнае прадаецца ў нас, але калі не — не бяда, яе можна зрабіць і самастойна.

Аснову такой сумесі звычайна складаюць цынамон, імбір, гваздзік і мускатны арэх у прапорцыі прыкладна 4:2:1:0,5. Таксама ў яе можна дадаць кардамон, каляндру, духмяны перац, аніс — усё залежыць ад вашых упадабанняў. 

Вам спатрэбіцца:

  • 150 г масла
  • 100 г цукровай пудры
  • 1 яйка
  • 2 ч.л. мёду
  • 1,5 ст.л. прыправы для перніка
  • 250 г мукі
  • 0,5 ч.л. разрыхляльніку

Як гатаваць:

1. Мяккае масла ўзбіць з цукровай пудрай у пышную масу. Дадаць яйка і ўзбіваць яшчэ пару хвілін. 

2. Дадаць мёд і прыправу, перамяшаць. Дадаць муку з разрыхляльнікам, замясіць гладкае эластычнае цеста (мукі можа спатрэбіцца крыху больш). Цеста сабраць у шар, загарнуць у плёнку і пакласці ў халадзільнік мінімум на гадзіну. 

3. Раскачаць цеста таўшчынёй каля 3 мм, выразаць пячэнькі, выкласці на бляху (найлепей гэта рабіць у некалькі заходаў, пакідаючы рэшту цеста ў халадзільніку).

4. Выпякаць на 180°С 10-15 хвілін.

Вясёлых і смачных святаў!

Гатуйце таксама:

Юлія Міцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера