Знайсці
25.12.2017 / 22:264РусŁacБел

Святлана Куль. Крыж. Паэма

Устань,
ідзі па цёмных сходах,
за спіну рукі завядзі,
зязюля ўскрыкне прад усходам —
і ты палічыш — пяць гадзін,
Ніхто не пойдзе ўслед сцяжынай
Ад дома цераз змрочны сад
Да чорнай з кратамі машыны —
Ні вучань, ні сябрук, ні брат.
Паэт. Прарок — твае правіны.
І гэта чаша не міне.
О Беларусь, мая Айчына,
Нашто пакінула мяне?
Крок ад дома апошні і гадзінніка бой.
і нябёсы, як пожня, над тваёй галавой.

* * *

Уся работа пахне болем.
Не гноем і крывавым потам,
А цытрусам і бергамотам
З гаркавым прысмакам няролі.
Ад Плешчаніцаў да Камчаткі
Боль разліваецца па флягах,
Ва ўсіх сіблагах і гулагах
ім мыюць боты і пальчаткі.
Вязуць на склады да сталіцы,
Вязуць і ў дзень, вязуць і ноччу
Вагоны церняў на вяночкі,
І робаў стос — на баграніцы.
Матляюцца, як млын зламаны
Даўно пашкоджаныя шалі.
Падзякуй на лесапавале,
Што ты яшчэ не расстраляны.
Ідуць растрэльныя калоны,
Ідуць растрэльныя каманды,
Па макаўку, да самых гландаў
Прапахлыя адэкалонам.
і крыж апошні давіць шыю,
«Распні! Распні» — у вушшы звонам.
Суддзя «Трайным адэкалонам»
Пасля прысуду рукі мые.

* * *

Кальварыя

Як ад вугла ісці, за следам след,
І абысці перыметрам навокал,
У вязніцы напішацца санет,
Бо тут па сценцы — чатырнаццаць крокаў.

1

На першым кроку — крыжык ля імя,
Ці птушачка, што ўжо закрыта справа,
Без выбару між вамі, між двума —
Хто з вас прарок, а хто між вас — Варава.

2

Без рэшты і без выбару паміж,
Адным шыхтом, адным для ўсіх прысудам
Аднолькавы на ўсіх наклалі крыж —
На геніяў, прарокаў і на Юдаў.

3

Не разбярэш, хто здрадзіў, хто герой.
Рабілі Юдаў. Кожнага ламалі.
Для ўсіх адзіны шлях перад гарой,
Адзіны шлях да безлічы кальварый.

4

Даўно здабыты зэкамі свінец
На кулі для прарокаў і паэтаў.
Яшчэ з дзясятак крокаў — і канец,
Ні плашчаніц не будзе вам, ні п’етаў.

5

Ні ланцужкоў, сатканых з васількоў,
Ні вашы залатыя бранзалеткі,
Ніхто не панясе ў расстрэльны роў,
Не кіне ў яму палявыя кветкі.

6

Ніхто не пашкадуе вас ніяк,
Кроў не сатрэ з ілба духмянай хусткай.
Не будзе дрэва — выразаць імя,
Будоўля будзе, біты шлях і пустка.

7

Данесці крыж да самае гары,
Упасці і падняцца. Не скарыцца.
Так цяжка паміраць у трыццаць тры,
Таксама, як у сорак або трыццаць.

8

Ты спіш, народзе, летаргічным сном,
Якія сны ты бачыш пад прыцэлам?
Зарытую ў раве пад курганом
Душу, ампутаваную ад цела?

9

Ці чуеш ты, як твой нявечаць дом,
Як ганьбяць і балююць на руінах,
Ці ўспомніш, як пад катаўскім крыжом
Не захацеў плячо падставіць сыну?

10

Гаротны край пасеклі папалам,
Ён лёгка аддае сваіх герояў.
Каля распяцця камісар і хам
Яго майно падзеляць між сабою.

11

Кальварыя з мяжы і да мяжы,
клады, клады ў равах, на кожнай горцы,
і Беларусь, нібыта на крыжы,
распятая на бальшавіцкай зорцы.

12

Не будзе вызваліцеля, не кліч.
Даўно на дровы парубілі Спаса.
У храмах пасміхаецца Ільіч
І з ім ЦК — замест іканастаса.

13

Калючы дрот цярновага вянца
Цвікі і боль. Чаму? За што? Навошта?
Ты пройдзеш шлях крыжовы да канца,
За ўсіх заплаціш найвялікшым коштам

14

Твае радкі схаваюць пад замок,
Нібы ў труну — нікому не дабрацца.
І гэта будзе той, апошні крок
Тваёй дарогі —
Роўна чатырнаццаць.

* * *

Як цяжка вам вяртацца з глыбіні,
Праз гліну, праз пясок, праз камяні,
У Беларусь, з равоў і з-пад крыжоў —
Дамоў.
Вяртацца, як вяртаюцца з вайны
у дом бацькоў забітыя сыны,
праз дзень, праз год, няхай праз сто гадоў —
Дамоў.
З гадамі дол становіцца глыбей.
Без вас нам не вярнуцца да сябе,
Да Беларусі, да яе асноў.
Дамоў.

* * *

Надыдзе дзень, адчуем, што парА
За Вольнага плаціць, за Дудара,
За знішчаныя думкі, мары, строфы,
За памяць, пахаваную ў ілжы,
За нашыя пакутныя крыжы
У бездань перакуленай Галгофы.
За ўсіх, хто быў
на тых крыжах распяты.
Не ў Курапаты пойдзем —
З Курапатаў!
За ўсё спытаем — з мёртвых і з жывых,
За нашых хлопцаў, за сябе саміх,
Сваім сумленнем і вышэйшай платай
За кожны крыж пакутны з Курапат,
За катаўскія лычкі на парад,
За кожнага чырвонага Пілата.
За ўсё спытаем
найвышэйшым коштам —
За Курапаты нашыя
і Плошчы.
Надыдзе дзень, адчуем, што
парА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930