Знайсці
19.12.2017 / 11:3622РусŁacБел

Ягор Канчалоўскі напісаў ліст Лукашэнку, каб яму вярнулі $130 тысяч за нязняты фільм

Сцэнарыст Андрэй Курэйчык размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку копіі дакументаў, звязаных са стварэннем фільма «Сляды на вадзе», — адзінай карціны, знятай «Беларусьфільмам» у 2016 годзе.

Ягор Канчалоўскі. Фота: ru.hellomagazine.com

У заблытанай гісторыі разабраўся TUT.BY. Мяркуючы па дакументах, рэжысёр Ягор Канчалоўскі павінен быў атрымаць за здымкі фільма каля 140 тысяч даляраў, яго памочніца — каля 60 тысяч даляраў. У выніку карціну зняў беларускі рэжысёр Аляксандр Анісімаў (цёзка знакамітага дырыжора), а Канчалоўскі напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай выплаціць яму грошы за фільм, які зняў іншы чалавек (удакладнім, што ў дакументах фігуруе не Ягор Канчалоўскі, а Георгій Міхалкоў — гэта сапраўднае імя і прозвішча рэжысёра).

Якім чынам склалася такая сітуацыя? Для гэтага неабходна патлумачыць перадгісторыю стварэння фільма. Карціна была знята паводле рамана Мікалая Іллінскага «Чужы сярод сваіх». Яго дзеянне адбываецца ў Заходняй Беларусі пасля Другой сусветнай вайны і распавядае пра барацьбу мясцовай міліцыі з бандамі, якія тэрарызуюць насельніцтва.

Рэжысёр Андрэй Голубеў на працягу васьмі гадоў пісаў сцэнар «пад сябе». З ім ён у 2015 годзе выйграў рэспубліканскі конкурс кінапраектаў. Але на кінастудыі сцэнар вырашылі аддаць маскоўскаму рэжысёру Ягору Канчалоўскаму. Паводле інфармацыі TUT.BY, «Беларусьфільм» хацеў выйсці з гэтым фільмам на расійскі рынак, і прозвішча вядомага рэжысёра магло дапамагчы ў гэтым прасоўванні.

Фота: старонка Андрэя Курэйчыка ў фэйсбуку

Фота: старонка Андрэя Курэйчыка ў фэйсбуку

Фота: старонка Андрэя Курэйчыка ў фэйсбуку

Фота: старонка Андрэя Курэйчыка ў фэйсбуку

У інтэрв'ю TUT.BY Голубеў яшчэ тады заявіў, што ганарар Канчалоўскага cкладзе каля 100 тысяч даляраў, тады як яму заплацілі б 5 тысяч, гэта значыць у дваццаць разоў менш. Невялікая сума, першапачаткова прапанаваная Голубеву, тлумачылася тым, што пастановай Савета міністраў былі ўведзены мінімальныя стаўкі ўзнагароджання: у тым ліку 396 базавых велічынь для рэжысёра-пастаноўшчыка і 129 базавых велічынь для рэжысёра. На той момант гэта складала адпаведна каля $4 тысяч і $1,3 тысячы. Гэта значыць, меркаваны ганарар Канчалоўскага ўжо тады не ўпісваўся ў дзейныя нормы.

Мяркуючы па дакументах, якія выклаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Андрэй Курэйчык, 18 траўня 2016 года «Беларусьфільм» заключыў з Ягорам Канчалоўскім дагавор на 160 мільёнаў 20 тысяч недэнамінаваных беларускіх рублёў (каля 8000 даляраў). Хутчэй за ўсё, на той момант гэтая сума адпавядала стаўцы ўзнагароджання.

Лагічна, што расійскі рэжысёр з імем не працаваў бы за такую суму. Таму ў траўні 2016 года было падпісана дадатковае пагадненне на суму 7 526 882 расійскіх рублёў (згодна з дакументам, гэта складала $129 тысяч). Акрамя таго, праца асістэнта рэжысёра Анет Калпахч'ян ацэньваліся ў 9 мільёнаў 415 тысяч недэнамінаваных беларускіх рублёў ($5 тысяч) паводле асноўнай дамовы і 3 225 806 расійскіх рублёў ($55 тысяч) па дадатковым дамове. Гэтыя сумы фігуравалі як «прыцягнутыя незабароненыя крыніцы». Інакш кажучы, як спонсарская дапамога, якую, калі верыць лісту Ягора Канчалоўскага, павінен быў знайсці дырэктар кінастудыі Ігар Поршнеў.

Але праца Канчалоўскага і яго каманды была непрацяглай. У сярэдзіне верасня 2016 года TUT.BY апублікаваў ананімны ліст супрацоўніка «Беларусьфільма», які звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта праз «жудаснае фінансава-эканамічнае становішча кінастудыі». Паводле інфармацыі спецыяліста, «калі прыйшла пара плаціць па дамове ўзнагароджанне, аказалася, што плаціць няма чым». У выніку ўжо тады было вядома, што «кінастудыі прыйдзецца ўсё роўна выплачваць дзясяткі тысяч даляраў расійскаму рэжысёру за вымушанае скасаванне кантракту».

Мяркуючы па дакументах, якія падаў Андрэй Курэйчык, яшчэ ў кастрычніку 2016 года Ягор Канчалоўскі напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім прасіў выплаціць грошы па падпісаным раней пагадненні. Ён сцвярджаў, што працаваў за свой кошт на працягу васьмі месяцаў, а ў выніку «Беларусьфільм» стаў здымаць карціну з іншай камандай без тлумачэння прычын.

Фота: старонка Андрэя Курэйчыка ў фэйсбуку

Фота: старонка Андрэя Курэйчыка ў фэйсбуку

Невядома, ці патрапіў ліст да адрасата. Тым часам фільм у спешным парадку зняў рэжысёр Аляксандр Анісімаў, і ў лютым 2017 года «Сляды на вадзе» выйшлі ў абмежаваны пракат. Крытыкі ацанілі карціну скептычна, але прыхаваная барацьба тым часам працягвалася.

Восенню 2017 года Канчалоўскі і яго асістэнтка адправілі свае прэтэнзіі ў юрыдычны сектар «Беларусьфільма». Калі давяраць інфармацыі дакладной запіскі, якая была прадастаўлена дырэктару «Беларусьфільма» Ігару Поршневу, юрыдычны сектар студыі прызнаў факт прэтэнзій з боку расійскіх спецыялістаў. Канчалоўскі патрабаваў выплаціць яму 3343 беларускіх рублёў ($1,7 тысячы) па асноўнай дамове і 3 108 601 расійскіх рублёў ($52 тысячы) па дадатковым дагаворы (можна выказаць здагадку, што астатняя сума была яму выплачана). Адпаведна, яго асістэнтцы Анэце Калпахч'ян павінны былі выплаціць 2 353,35 беларускіх рублёў ($1,2 тысячы) і 1 332 258 расійскіх рублёў ($23 тысячы).

Фота: старонка Андрэя Курэйчыка ў фэйсбуку

Калі лічыць копію дакумента праўдзівай, Ігар Поршнеў паставіў рэзалюцыю: «Правесці разлік паводле дамовы». Ці атрымалі ў выніку Канчалоўскі і Калпахч'ян гэтыя грошы, невядома. Прэс-сакратар «Беларусьфільма» Юлія Бальшакова паведаміла TUT.BY афіцыйную пазіцыю студыі. Паводле яе слоў, інфармацыя, якая ёсць у інтэрнэце, не адпавядае рэчаіснасці. Цяпер супрацоўнікі «Беларусьфільма» будуць высвятляць, што гэта за дакументы і якім чынам яны трапілі ў адкрыты доступ. На момант публікацыі тэксту Ягор Канчалоўскі не адказаў на пытанні TUT.BY.

Дзяніс Марціновіч, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930