Знайсці
17.12.2017 / 10:0685РусŁacБел

Стваральнікі мінскай ЧК: «В отдельном кабинете напились, устроили пляску со стрельбой»

Піша гісторык Ніна Стужынская.

Віктар Яркін.

Нараджэнне і першыя крокі Мінскай ЧК хаваюцца ў цяні лёсавызначальных падзей канца 1918.

Чамусьці іх не апяваюць гісторыкі спецслужбаў. Хоць гэта тая самая ЧК, якая пасля стане ОГПУ-НКВД і ў гонар якой супрацоўнікі беларускага КДБ дасёння з гонарам завуць сябе «чэкістамі».

Вашай увазе — унікальны матэрыял пра першага мінскага чэкіста Віктара Яркіна і яго каманду.

Напярэдадні аб’яўлення Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь у Мінск са Смаленска прыехалі чэкісты. Кіраваў імі Віктар Яркін.

У распараджэнні ён меў, можна меркаваць, роту чырвонаармейцаў.

Найбліжэйшых сваіх паплечнікаў ён згадваў пайменна: «Сачэўскі, Круміна, Хімава і Мілашэвіч». Варта пералічыць гэтыя прозвішчы, бо менавіта гэтыя «героі» спрычыніліся «да арганізацыі ЧК у Мінску».

Але гэтыя імёны мала выкарыстоўваліся для напаўнення скабніцы чэкісцкай славы. Чаму так? Можа таму, што прыезд ЧК адзначыўся гучнай непрыгожай гісторыяй.

На момант заняцця пасады Яркіну (у дакументах сустракаюцца красамоўныя апіскі: Чаркін, Ячкін) — амаль 29 гадоў. Сярэдні век тагачасных бальшавіцкіх актывістаў. Як і большасць новай наменклатуры, якая запраўляла ў Беларусі, Яркін нарадзіўся ад яе досыць далёка — у вёсцы на Яраслаўшчыне. Адукацыя абмежавалася народнай вучэльняй, якую скончыў у 12-гадовым веку. Як напісаў у адной з анкет, «адукацыя найніжэйшая, але мае шырокі кругагляд».

Па асноўнай спецыяльнасці — слесар, але большую частку жыцця быў кухарам, стаяў каля пліты ў рэстаранах Рыбінска, пасля — у афіцэрскіх сталоўках.

Як кухар змяніў апалонік на наган, тлумачэнняў пакуль няма. Але дакладна вядома, што пры канцы 1918 Яркін актыўна ўвязаўся ў бойку за ўладу і рэальны ўплыў ў Мінску.

Калі дакладна з’явіўся гэты «герой» у Мінску невядома. Блытаніна з датамі прыезду невыпадкавая: Яркіну непрыемна было ўспамінаць першыя дні ў Мінску.

У Беларусь ён прыехаў маючы за плячыма «подзвіг» знішчэння гнязда контррэвалюцыі ў Веліжы. Ён быў ініцыятарам расправы над так званай арганізацыяй генерала Дормана.

Сфальсіфікаваная, як цяпер высветлілі навукоўцы, «справа Дормана» дала падставу загубіць, расстраляць афіцэраў, настаўнікаў, царкоўных іерархаў — усяго сорак чалавек.

Пасля прыніжальных здзекаў быў забіты і епіскап Макарый Гневушаў.

За гэтую аперацыю Яркіна адзначыў сам Дзяржынскі: назваў найлепшым чэкістам 1918 года.

Такія ж расстрэльныя практыкі Яркін і яго каманда прывезлі ў Мінск.

Перадкалядны Мінск скалануў скандал, галоўнымі ўдзельнікамі якога былі людзі з ведамства Яркіна. Супрацоўнік Камісіі, 19-гадовы Мілашэвіч, разам з дзяжурнымі следчымі ЧК Энгельсонам, Эфраімскім і Леановічам і шараговымі чырвонаармейцамі (колькасць невядомая) выправіліся ў кавярню-рэстаран «Вектаргартэн», што на Юр’еўскай, быццам для праверкі дакументаў. (Вуліца Юр’еўская ішла паралельна сённяшняму праспекту Незалежнасці за сучасным Домам культуры прафсаюзаў, ад плошчы Незалежнасці ўніз, да Купалаўскай.)

Кіраваў «аперацыяй» загадчык Аддзела па барацьбе з контррэвалюцыяй, следчы, камандзіраваны з ВЧК. Імя яго ў дакументах не фігуруе. Каб не ствараць сабе праблем са сталічным ведамствам, мінскія следчыя з Вайсковага рэвалюцыйнага трыбунала, куды пасля выпадкова трапіла справа, паверылі, што мінскія чэкісты не ведалі імя пасланца «жалезнага Фелікса».

Чэкісты загулялі напоўніцу. Як вынікае з матэрыялаў следства (цытата з пратакола): «в отдельном кабинете они все напились, устроили пляску со стрельбой». У выніку страляніны быў забіты чалавек.

Камендант ЧК, таксама 19-гадовы Іван Сачэўскі быў накіраваны Яркіным у тую ноч у рэстаран для высвятлення абставін забойства.

Цікава, што ў дакументах следства імя выпадковай ахвяры нават не ўзгадвалі.

Галоўная інтрыга круцілася вакол двух пытанняў. Першае: чаму гэтая брудная справа трапіла ў другія ведамствы — ў Ваенрэўтрыбунал і ў партыйныя органы?

І другое — чаму без суда і следства пасля дэбошу ў двары ЧК быў расстраляны яе супрацоўнік Мілашэвіч? І галоўнае: куды падзелася золата, назапашанае Мілашэвічам за кароткі час «працы» ў Мінску?

Сачэўскі, як ён пасля тлумачыў следчаму, прыехаўшы ў рэстаран па загаду Яркіна, нікога там ужо не заспеў: ляжала толькі цела нябожчыка. Але

назаўтра ўсе фігуранты папойкі былі затрыманыя, апроч таго прыезджага супрацоўніка ВЧК. Асоба, як бачна, была недатыкальная.

У забойстве быў абвінавачаны Мілашэвіч.

За тры дні да скандала ў «Вектаргартэне», засведчыў Сачэўскі (цытата з матэрыялаў следства) «…Мілашэвіч падарыў хлопчыку, які прыслужвае, тавар. Яркіну, завуць яго Сенькам, залаты пярсцёнак. Сенька расказаў пра гэта тавар. Яркіну. Да арышту Мілашэвіча за забойства ў растаране ў мяне, — казаў Сачэўскі, — не было часу расследаваць гэтую дробную справу».

На допыце пасля забойства ў рэстаране Мілашэвіч намякнуў, што мае яшчэ золата і гатовы падзяліцца. У яго шафе знайшлі кабуру ад нагана, поўную залатых гадзіннікаў, бранзалетаў, пярсцёнкаў і іншых дамскіх упрыгожанняў.

«Залаты запас» маладога чэкіста перадвызначыў яго хуткае развітанне з жыццём. Сачэўскі засведчыў, што «ўсё гэта адабраў, а яго, Мілашэвіча, вывеў на двор, паставіў да сценкі і расстраляў».

Пасля забойства свайго сябра і супрацоўніка Сачэўскі пайшоў на кватэру да Яркіна і паінфармаў начальніка, што «расстраляў Мілашэвіча як злодзея-рэцыдывіста. Таварыш Яркін адказаў: «І добра зрабіў».

Справядліва будзе заўважыць, што партыйныя органы спрабавалі абмежаваць свавольства старшыні ЧК. Скандал выявіў сутнасць узаемаадносін паміж супрацоўнікамі як унутры ЧК, так і з дзяржаўнымі ўстановамі звонку. Следчы Кантаровіч ці то па сумленні, ці па загадзе партыйнай арганізацыі адаслаў справу Івана Сачэўскага ў Ваенрэўтрыбунал, скарыстаўшыся ад’ездам Яркіна ў Маскву.

На допыце Сачэўскі трымаўся нахабна, падкрэсліваючы значнасць сваей пасады каменданта ЧК, праз рукі якога «праходзяць дзясяткі і нават сотні тысяч рублёў». Грошы тыя, тлумачыў чэкіст, канфіскоўваліся пры арыштах і ператрусах і перадаваліся скарбніку ЧК, нейкаму Мураху. Далей лёс канфіскаванага ў гэтай гісторыі не прасочваецца.

Хаця нейкая частка, як бачым, знайшлася ў кабуры шараговага супрацоўніка Мілашэвіча.

«Я сам прыехаў у Мінск разам з таварышам Яркіным», — націскаў на сваю цесную сувязь з магутным шэфам ЧК Сачэўскі. У адрозненне ад забітага. Бо

Мілашэвіча Яркін падабраў тут, у Мінску, з банды налётчыкаў. Паплечнікі Мілашэвіча былі ўсе расстраляныя, а юнак па асабістым загадзе Яркіна чамусьці быў залічаны ў штат Камісіі.

Адсюль можна меркаваць, з якіх людзей выбіраліся кадры для ЧК.

Паміж ЧК і Ваенрэўтрыбуналам разгарэўся канфлікт.

Яркін па вяртанні ў Мінск мусіў пісаць тлумачэнне. Яго непісьменны ліст у Цэнтральнае Бюро КПБ — красамоўны дакумент ўзроўню адукацыі, прафесійнай кампетэнцыі і проста чалавечых якасцяў

першага беларускага «дзяржынца». Яркін быў запрошаны «на дыван» да Вільгельма Кнорына, кіраўніка Часовага ўраду. У пакоі сабралася каля 15 чалавек, прысутнічалі ледзь не ўсе галоўныя камуністы — Кнорын, Калмановіч, Любімаў.

Ушчуванні нічога не далі: Яркін быў упэўнены,што камуністам можна ўсё, пра што і заявіў на сустрэчы.

У выніку разгляду ў ЦБ кампартыі Беларусі справу спусцілі на тармазах. ЦБ зрабіла выснову, што следчыя трыбунала «паспяшаліся з арыштам Сачэўскага, забыўшыся, што яго ўчынак ухваляецца Камісіяй», а таварыш Яркін «пагарачыўся і дапусціў нетактоўныя выразы (можна ўявіць, трохпавярховы мат) на адрас прадстаўнікоў Рэвалюцыйнага Трыбунала», калі спрабаваў вызваліць Сачэўскага.

Справу Сачэўскага вярнулі у ЧК. Яркін, не звяртаючы ўвагі на супраціў Следчай камісіі трыбунала і ахову, вызваліў свайго падначаленага.

Вышэйшая партыйная інспекцыя пры ЦБ пастанавіла: «Унушыць таварышу Яркіну, што расстрэлы могуць ажыццяўляцца толькі па калегіяльных пастановах ЧК, а не асобных яе членаў, і патлумачыць…што ўчынак каменданта з’яўляецца плямай для ЧК».

Гэтая гісторыя першых крокаў ЧК па мінскім бруку высвятляе з ўсіх бакоў тагачаснае жыццё.

Можна ўявіць атмасферу напружанасці і страху, у якой жылі гараджане. Дзеянні ўлады былі далёка за межамі права.

Ёсць цікавае сведчанне А. Гзоўскага, цяпер ужо падзабытага аўтара рамана «Аляксандр Мяснік’янц», прысвечанага першаму бальшавіку Беларусі. Яркін са старонак рамана паўстае як сапраўдны кат. Пасля масавых расстрэлаў па справе генерала Дормана ён і яго сябры да раніцы гулялі ў рэстаранах Смаленска з прастытуткамі. Жонка Яркіна сустракала мужа пад раніцу і казала яму, што ўсю ноч яна малілася за душы забітых ім людзей…

Справа Сачэўскага высвеціла праблему, так бы мовіць, якасці людзей, якія ўзышлі на на першыя дзяржаўныя пасады і літаральна захлынуліся ўсёдазволенасцю.

З рэстарана «Вектаргартэн» пацягнуўся крывавы след.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера