Знайсці
15.12.2017 / 22:05215РусŁacБел

Ураджэнка Расіі, дэпутатка Гуйвік «зарэзала» першы двухмоўны закон

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім расказала пра лёс першага законапраекта, які б мог быць прыняты адначасова і па-беларуску, і па-руску.

Алена Анісім, фота Сяргея Гудзіліна.

Дагэтуль усе законы прымаліся толькі на адной з дзяржаўных моваў, прычым толькі адзінкі з іх на беларускай.

Дэпутатка намагалася стварыць у Палаце прадстаўнікоў юрыдычны прэцэдэнт: падрыхтаваны пры яе ўдзеле законапраект «Аб нарматыўна-прававых актах» распрацоўваўся адразу на дзвюх мовах.

Паводле яе словаў, у прыватных размовах ніхто з калегаў не выступаў супраць такой ініцыятывы.

«Я з вялікімі спадзяваннямі адаслала праект закона ў парламенцкую камісію па заканадаўстве, — расказала Алена Анісім у размове з радыё «Свабода». — Аднак старшыня камісіі Наталля Гуйвік паведаміла мне афіцыйным лістом, што не будзе дасылаць дакументы ў Нацыянальны цэнтр заканадаўчых і прававых даследаванняў для атрымання юрыдычнага заключэння. Яна спасылаецца на адсутнасць механізма прыняцця закону адразу на дзвюх мовах. Відаць, калегі збаяліся ўзяць на сябе адказнасць. А абмінуць камісію я не магу паводле рэгламента парламенцкай працы», — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы.

У выніку праца спынілася.

«20 з гакам гадоў нашы чыноўнікі па лініі АБСЕ ездзілі па Еўропе, вывучаючы, як там вырашаюць падобныя пытанні. Я сама выязджала ў Фінляндыю як прадстаўніца ТБМ, дзе разам з дэпутатамі вывучала досвед прыняцця законаў на некалькіх дзяржаўных мовах адначасова. А ў нас дагэтуль нічога ня зроблена», — наракае Анісім.

Хто такая Наталля Гуйвік, якая стала перашкодай для прыняцця першага закона на дзвюх дзяржаўных мовах?

Наталля Гуйвік. Фота House.gov.by

Будучая дэпутатка нарадзілася ў 1962 годзе ў расійскім горадзе Кіраве — за 900 км на паўночны ўсход ад Масквы. У Полацк яна пераехала толькі ў 1983 годзе, а з цягам часу стала суддзёй.

Яе абранне ў Палату прадстаўнікоў ў 2012 годзе суправаджалася скандалам. Датэрмінова і на месцы жыхарства нібыта прагаласавала больш за 50% (!) удзельнікаў выбараў. 

Супернікам Гуйвік быў адыёзны журналіст АНТ Аляксей Міхальчанка — як ёсць, так ёсць. Яна дакарала суперніка, што той не мае вышэйшай адукацыі.

Адметна, што сама яна скончыла Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут. Прычым Гуйвік, падаючы дакументы ў выбаркам, паспрабавала прыбраць слова «завочны» з назвы навучальнай установы.

У 2015 годзе дэпутатка Гуйвік праславілася тым, што атрымала ад кагосьці ў падарунак каля $20 тысяч. Гэтыя звесткі трапілі ў яе афіцыйную дэкларацыю.

Летась Гуйвік пераабралася ў парламент і стала старшынёй камісіі па заканадаўстве.

Яе сям'я — муж Міхаіл і дачка Вольга Аляксандраўна. Муж па адукацыі фізік-педагог і ў дадатак падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. А дачка працуе вядучай спецыялісткай па рэкламе на радыё «Юністар».

Браніслаў Юрэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930