Знайсці
11.12.2017 / 20:0716РусŁacБел

Хто спраектаваў найбольшы храм Вялікага Княства і чаму менавіта так?

Гродзенскі гісторык Мечыслаў Ян Супрон аналізуе праекты Фары Вітаўта — найвялікшага храма ВКЛ канца XVI стагоддзя.

Гістарычныя звесткі пра будаўніцтва ў канцы XVI ст. мураванага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі (фары Вітаўта) у Гродне ў значнай ступені міфалагізаваныя. Да гэтага часу гісторыкі спрачаюцца аб тым, хто ж усё-такі спраектаваў гэты храм.

Справа ў тым, што ў пісьмовых крыніцах не ўзгадваецца імя архітэктара, а сярод «кандыдатаў» на гэту ролю ў гістарычнай літаратуры прэтэндуюць тры італьянцы: Санці Гучы, Антоні Дзікрып і Джавані Марыя Бернардоні. 

Санці Гучы: улюбёны дойлід караля

Ён быў прыдворным архітэктарам караля Стэфана Баторыя.

Упершыню інфармацыю аб тым, што Гучы ўзвёў новы мураваны парафіяльны храм у Гродне прывёў у 1969 г. Анджэй Фішынгер у сваёй манаграфіі «Santi Gucci, architekt i rzeźbiarz królewski XVI wieku». Абапіраючыся ў сваім даследаванні выключна на законы логікі, гісторык робіць дапушчэнне, што кароль, імкнучыся пабудаваць ў Гродне велічны храм, а ў ім — сваю ўсыпальніцу, мог даручыць будаўніцтва толькі свайму ўлюбёнаму архітэктару.

Гэтая гіпотэза, безумоўна, заслугоўвае ўвагі, аднак патрабуе канкрэтных дакументальных доказаў, якіх няма на дадзены момант.

Варта сказаць, што Фішынгер, на нашу думку, зрабіў памылковае сцверджанне, што менавіта пад кіраўніцтвам Санці Гучы быў перабудаваны гродзенскі Стары Замак у рэнесансным стылі, паколькі ў пазней адшуканых пісьмовых крыніцах фігуруе імя іншага архітэктара — Скота з Пармы.

Антоні дэ Кгрып: хутчэй муляр

У літаратуры часта згадваецца, што архітэктарам Фары Вітаўта быў італьянец Антоні дэ Кгрып (Дзікрып, дэ Грота, дэ Грэта).

Гэтая інфармацыя не пацвярджаецца пісьмовымі крыніцамі. Больш за тое,

у дакументах таго часу дэ Кгрып называецца «мулярам», што сведчыць аб тым, што ён быў выканаўцам будаўніцтва касцёла.

Джавані Марыя Бернардоні: езуіт, вучань Віньёлы, эксперыментатар

А вось версія таго, што фара Вітаўта была ўзведзена па праекце Джавані Марыя Бернардоні (у польскай традыцыі — Jan Maria Bernardoni) заслугоўвае найбольшай увагі. Але аб усім — па парадку.

Джавані Марыя Бернардоні. Бюст працы Сяргея Гумілеўскага, Нясвіж (1993). 

У 1984 беларускім даследчыкам Георгіем Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. Вярнадскага (Кіеў) быў знойдзены зборнік архітэктурных чарцяжоў XVI—XVII стст., датычных Беларусі.

Некаторыя спецыялісты (Галенчанка, Тамара Габрусь) даводзяць, што большая частка арыгінальных чарцяжоў у ім выканана самім Дж. Бернардоні. Сярод архітэктурных планаў нясвіжскага касцёла Божага Цела і езуіцкага калегіума, што месціўся ля яго, нясвіжскай ратушы, клецкага касцёла, у гэтым альбоме прысутнічае праектны чарцёж з подпісам лацінскімі літарамі на беларускай мове «План касцёла гродзенскага».

Пры дэтальным аналізе малюнкаў згаданых планаў даследчыца Тамара Габрусь прыйшла да высновы, што «адзінства логікі творчага мыслення, канструкцый і кампазіцыйных прыёмаў, якія выкарыстоўваліся, агульнасць архітэктурнай графікі даюць падставы сцвярджаць,што менавіта Бернардоні з’яўляецца стваральнікам праектаў не толькі касцёла езуітаў у Нясвіжы, але і фарнага ў Гродне». Іншымі словамі,

большасць праектных малюнкаў, за выключэннем некалькіх пазнейшых аркушаў, якія былі падшытыя ў альбом, зроблены рукой аднаго чалавека — Джавані Бернардоні.

Праектныя планы касцёлаў у Нясвіжы, Гродне і Клецку з альбома Дж. Бернардоні

Супаставіўшы гэты факт з біяграфіяй геніяльнага дойліда, мы знайшлі мноства супадзенняў, якія толькі падмацавалі гіпотэзу аб датычнасці Бернардоні да праектавання і будаўніцтва гродзенскай фары Вітаўта:

1. Джавані Марыя Бернардоні (1541—1605 гг.) быў манахам ордэна езуітаў, браў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве храма Іль Джэзу ў Рыме — легендарнай каталіцкай святыні, створанай у духу маньерызму, якая даволі блізка прадвяшчала эстэтыку барока (пазней царква была ўзятая за канон для езуіцкіх храмаў па ўсёй Еўропе, асабліва ў Рэчы Паспалітай).

У 1583 г. майстар прыехаў у Рэч Паспалітую і затрымаўся ў Любліне, дзе ўзяў удзел у праектаванні і будаўніцтве кафедральнага касцёла і калегіума езуітаў. Будынак быў узведзены ў маньерыстычным стылі, меў незвычайна прыгожы і наватарскі выгляд. Пазнейшыя падзеі паказваюць, што італьянец адразу займеў добрую рэпутацыю і славу.

Якраз у гэты час кароль Стэфан Баторый загарэўся ідэяй запрасіць у Гродна, сваю ўлюбёную рэзідэнцыю, езуітаў і пабудаваць для іх тут небывалай прыгажосці храм, дзе ў будучым манарх пажадаў быць пахаваным пасля смерці.

Зразумела, што будаваць святыню для езуітаў меў права толькі архітэктар-езуіт (гэту тэндэнцыю мы заўважаем на прыкладзе ўзвядзення пераважнай большасці езуіцкіх храмаў). Як мы ведаем, найбольш тытулаваным прадстаўніком гэтага манаскага ордэну ў справе архітэктуры ў Рэчы Паспалітай на той час быў менавіта Бернардоні.

2. Час узвядзення фары Вітаўта — 1584—1587 гг., і гэтыя храналагічныя рамкі супадаюць з часам заканчэння будаўніцтва люблінскага касцёла езуітаў (1584 г.) і годам пачатку будаўніцтва нясвіжскага езуіцкага касцёла (1587 г.) пад кіраўніцтвам Бернардоні.

3. Даследчык Аляксей Шаланда заўважае, што Бернардоні, хутчэй за ўсё, быў земляком Антонія дэ Кгрыпа (нібыта абое нарадзіліся ў Міланскім княстве).

Муляр Антоні дэ Кгрып прыехаў у Гродна ў 1580 г. па запрашэнні караля і зрабіў вялікі ўнёсак у перабудову каралеўскага замка і фарнага касцёла. Існуе вялікая верагоднасць, што два італьянцы ведалі адзін аднаго. Калі гэта так, дык ці не магло здарыцца так, што Антоні падказаў манарху запрасіць у Гродна езуіта Бернардоні?

4. Шматлікія архітэктурныя дэталі і прыёмы, выкарыстаныя пры ўзвядзенні фары Вітаўта, з’яўляліся на той час унікальнымі і наватарскімі для архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага. У прыватнасці, канструкцыя храма мела структуру «несапраўднай базілікі», г. зн. што сярэдні неф быў вышэйшы за бакавыя, але меў агульны з імі дах.

Фара Вітаўта з’яўлялася свайго роду для ВКЛ протабазілікай, якая папярэднічала з’яўленню кананічнай для сакральнай архітэктуры барока крыжова-купальнай базілікі.

Цікава, што храм Іль Джэзу — галоўная святыня ордэна езуітаў — мела форму базілікі. Больш за тое, многія архітэктурныя дэталі, якія прысутнічалі ў аздабленні фары Вітаўта (пілястры, паясы), дакладна паўтаралі дэкарацыю з Іль Джэзу, якія, у сваю чаргу, былі запазычаныя архітэктарам гэтага храма Джакама да Віньёла з антычнай архітэктуры і з’яўляліся візітоўкай гэтага творцы.

Гэты факт можа сведчыць аб тым, што архітэктар гродзенскай фары быў блізка знаёмы з архітэктурнай творчасцю Віньёлы. Як мы ўжо ведаем, Дж. Бернардоні быў яго вучнем.

Асновы пілястраў храмаў Іль Джэзу ў Рыме, фары Вітаўта ў Гродне і езуіцкага касцёла ў Кракаве.

Некаторыя даследчыкі выказвалі думку, што архітэктура фары Вітаўта не мае нічога супольнага па сваім характары з тэматыкай творчасці Дж. Бернардоні.

Але тут важна ўсвядоміць, што Бернардоні быў эксперыментатарам. Амаль кожны сакральны будынак, спраектаваны ім, быў непаўторны (выключэнне — касцёл Божага Цела ў Нясвіжы і Апосталаў Пятра і Паўла ў Кракаве) і меў свой адметны знешні выгляд.

Увогуле, творчую спадчыну італьянскага архітэктара прадстаўляюць каля дзясятка сакральных будынкаў. Сярод іх — кафедральны касцёл у Любліне, езуіцкі касцёл у Калішы, езуіцкі касцёл і калегіум у Нясвіжы, езуіцкі касцёл Св. Пятра і Паўла ў Кракаве, касцёл і кляштар у Кальварыі Зэбжыдоўскай. Акрамя таго, Джавані Бернардоні браў удзел у праектаванні яшчэ некалькіх будынкаў разам з іншымі архітэктарамі.

Несумненна, Бернардоні пакінуў пасля сябе нашмат большую спадчыну. У прыватнасці, яму прыпісваецца будаўніцтва касцёла Св. Тройцы ў Клецку, ратушы і як мінімум двух касцёлаў у Нясвіжы, аднак на сённяшні дзень мы не можам гэтага даказаць.

Пры больш дэтальным аналізе выяў Фары Вітаўта і іх параўнанні з фотаздымкамі некаторых архітэктурных твораў Бернардоні, якія захаваліся да нашага часу ў нязначна змененым выглядзе, або захавалі свае першапачатковыя рысы, намі былі заўважаны некаторыя вельмі важныя канструктыўныя дэталі, якія канчаткова пераконваюць нас у тым, што менавіта гэты архітэктар спраектаваў гродзенскі каталіцкі храм.

Па-першае, усе храмы Бернардоні маюць структуру базілікі

 (у выпадку гродзенскай фары і люблінскага кафедральнага касцёла гэта «псеўдабазіліка») з адасобленай апсідай прэсбітэрыя (у выпадку Каліша і Гродна — гранёнай).

Планы касцёлаў у Калішы, Гродне і Нясвіжы.

Па-другое, першыя святыні, пабудаваныя Бернардоні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, мелі характар маньерызму (Люблін, Гродна, Каліш).

Маньерыстычны касцёл у Любліне на гравюры 1618 г. і вельмі падобны да яго касцёл п.п. XVII ст. у Голэмбе (знаходзіцца каля Любліна).

Па-трэцяе, асноўнай «фішкай» усіх храмаў з’яўляецца аздабленне фасадаў і сценаў вялікай колькасцю пілястраў (пілястраў-кантрфорсаў).

Вельмі важным момантам з’яўляецца той факт, што пілястры пры ўваходзе ў кафедральны касцёл ў Любліне, якія захаваліся нязменнымі да пасляваеннай рэканструкцыі, як мы мяркуем, з моманту будаўніцтва храма, злучаліся зверху лучковымі аркамі (пазней будынак некалькі разоў перабудоўваўся і страціў свой першапачатковы выгляд), ідэнтычныя пілястрам-контрфорсам з гродзенскай фары Вітаўта. Варта сказаць, што падобны архітэктурны прыём не сустракаецца больш нідзе ў архітэктуры канца XVI ст.

Пілястры, завершаныя лучковымі аркамі ў гродзенскім (злева) і люблінскім касцёлах (справа) ідэнтычныя.

Па-чацвёртае, практычна на ўсіх храмах, узведзеных Бернардоні, у завяршэнні асноўнага яруса размяшчаўся дэкаратыўны прафіляваны карніз антычнага ўзору.

Як мы ўжо адзначылі вышэй, гэты элемент быў пазычаны наўпрост з царквы Іль Джэзу ў Рыме.

Прафіляваны карніз з інтэр'ера паезуіцкага касцёла ў Калішы.

Прафіляваны карніз на фасадах касцёлаў у Іль Джэзу, фары Вітаўта, Пятра і Паўла ў Кракаве, Божага цела ў Нясвіжы і паезуіцкага ў Калішы.

Партал паезуіцкага касцёла ў Калішы і кавалак меркаванага партала фары Вітаўта, знойдзены летась падчас земляных работ.

Як бачым, фара Вітаўта з’яўляецца не выключэннем у мастацкай спадчыне архітэктара, а, хутчэй, паслядоўным перыядам, прыступкай у яго творчасці.

Красамоўным пацвярджэннем гэтага з’яўляецца той факт, што незадоўга да заканчэння будаўніцтва касцёла, які планавалася перадаць езуітам (гэтая ідэя не была ажыццёўлена, паколькі езуіты ўсё-такі перадумалі сяліцца ў Гродне), творчасць Бернардоні была па заслугах ацэненая Мікалаем Радзівілам Сіроткам, які запрасіў архітэктара ў Нясвіж для будаўніцтва езуіцкага касцёла.

Давялося ўлічыць мясцовыя густы

Асноўнай адметнасцю гродзенскага фарнага касцёла з’яўляецца мастацкае спалучэнне, з аднаго боку, модных архітэктурных павеваў з Рыму і, з другога — традыцыйных горадабудаўнічых густаў, сфармаваных пад уздзеяннем шматвекавога ўплыву гатычнай нямецкай архітэктурнай школы.

Абрысы Фары Вітаўта на абмерным плане 1803 г. і праектным плане канца XVI ст.

Аналізуючы праектны план фары Вітаўта з абмерным планам 1803 г., можна заўважыць, што будынак быў узведзены з пэўнымі карэкціроўкамі. Так, на праекце паказаны вялікі лесвічны блок з двухмаршавай лесвіцай з правага боку ад галоўнага парталу і круглая ў плане маршавая лесвіца на паўночным баку храма. Абедзве лесвіцы вялі на эмпоры над бакавымі нефамі. 

Але відавочна, што ў праекце, Бернардоні не ўлічыў мясцовай гатычнай традыцыі ўзвядзення вежаў з вітымі сходамі, круглымі ў плане.

У натуры лесвіцы былі размешчаны ў тых жа месцах, але выкананы інакш, што можа сведчыць пра дасягнуты кампраміс паміж архітэктарам і падрадчыкамі (у большасці, як мяркуем, нямецкімі майстрамі): вітыя сходы (круглыя ў плане) былі ўкамплектаваныя ў чацверыкі, і звонку выглядалі так, як было задумана аўтарам.

А вось наяўнасць відавочных элементаў з іншага стылю — гатычных стральчатых вокнаў, гатычных шасцівугольных у плане гранёных калон унутры храма — свядомы выбар замоўцы (караля), прадыктаваны густам мясцовых адміністратараў.

Як бачым, менавіта Джавані Марыя Бернардоні з’яўляецца найбольш верагодным архітэктарам касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гродне. І хоць з-за адсутнасці на дадзены момант якіх-небудзь пісьмовых крыніц даказаць гэта пакуль не ўяляецца магчымым, мы проста перакананы ў тым, што фару Вітаўта ўзвёў італьянец Бернардоні.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Мечыслаў Ян Супрон

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930