Знайсці
11.12.2017 / 18:1415РусŁacБел

Хто з апазіцыі і куды ідзе на мясцовых выбарах

10 сьнежня пачалося вылучэньне кандыдатаў на выбары мясцовых саветаў 18 лютага 2018 году. Якія планы на гэтыя выбары ў апазіцыйных палітыкаў, высветліла «Радыё Свабода».

«Гавары праўду» пачала збор подпісаў

Сяргей Вазьняк

Кампанія «Гавары праўду» хоча стварыць каля 180 ініцыятыўных груп — гэта найбольш з дэмакратычных партыяў і рухаў. Лідэры кампаніі таксама ўдзельнічаюць у выбарах. Тацяна Караткевіч будзе змагацца за месца ў гарсавеце Менску. Яна абрала Заслаўскую акругу — тамсама, дзе яна балятавалася на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе. Андрэй Дзьмітрыеў пазмагаецца за месца ў Менскім абласным савеце. Ён цяпер жыве ў вёсцы Воўкавічы і балятуецца ў Фаніпальскай выбарчай акрузе.

Кіраўнік выбарчага штабу Сяргей Вазьняк кажа, што кандыдаты кампаніі могуць вылучацца толькі праз збор подпісаў.

«І некаторыя вырашылі не адкладваць гэтую справу. Першай 93 подпісы выбарнікаў пры неабходных 75 сабрала ў нядзелю наша вядомая актывістка Тацяна Гутарава. Яна балятуецца ў гарадзкі савет Бабруйску».

Кандыдаты ад АГП балятуюцца адразу ў два саветы

Васіль Палякоў

«Прыярытэтам для Аб’яднанай грамадзянскай партыі стане вылучэньне аднаго і таго ж кандыдата ў два саветы адначасова: гарадзкі і абласны», — кажа намесьнік старшыні партыі Васіль Палякоў. На яго думку, гэта адкрывае падвойныя магчымасьці, у тым ліку і інфармацыйныя.

АГП падала больш за 20 заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Частка актывістаў скарыстаецца вылучэньнем ад партыі, калі пройдуць партыйныя сходы і канфэрэнцыі.

Партыя БНФ робіць стаўку на моладзь

Рыгор Кастусёў

Асноўная задача на гэтых выбарах — абкатаць моладзь, кажа старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

«З паўсотні патэнцыйных кандыдатаў пераважная бальшыня — маладыя людзі. Аднак ім трэба і прыклад паказваць. Таму я асабіста балятуюся ў Магілёўскі абласны савет па Шклоўскай гарадзкой выбарчай акрузе. У раённы савет я не зьбіраюся, бо мяне і так кожны ў Шклове ведае. А за месца ў абласным савеце буду змагацца».

Рух «За свабоду» абірае Менск

Юрась Губарэвіч

Самая моцная група кандыдатаў — у Менску, кажа кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Мы маем у сталіцы 10 прэтэндэнтаў. Усе яны ўжо пачалі збор подпісаў. У тым ліку і я. У мяне Акадэмічная акруга. Гэта тая ж самая аўдыторыя выбарнікаў, зь якой я працаваў летась падчас кампаніі ў Палату прадстаўнікоў».

БХД аддае прыярытэт рэгіяналам

Віталь Рымашэўскі

Незарэгістраваная партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі аддае перавагу актывістам, якія ўжо працавалі ў сваім рэгіёне. Як тлумачыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, усяго будзе каля сотні кандыдатаў.

«Абсалютная бальшыня зь іх і раней праводзілі тут розныя кампаніі. Іх добра ўсе ведаюць, і яны маюць усю інфармацыю пра спэцыфіку сваіх рэгіёнаў. Таму, калі б выбары былі чэснымі і сумленнымі, то мы мелі б даволі шмат дэпутатаў».

Сустаршыні БХД самі не вылучаюцца. Яны будуць даверанымі асобамі ў некалькіх дзясяткаў кандыдатаў.

«Справядлівы сьвет» пераарыентаваўся на сельсаветы

Валер Ухналёў

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» на гэтых выбарах будзе вылучаць сваіх кандыдатаў ня толькі ў абласныя і гарадзкія саветы, але і ў сельскія і пасялковыя.

Як кажа кіраўнік партыйнага выбарчага штабу Валер Ухналёў, так робіцца ўпершыню.

«Практыка папярэдніх выбараў паказала — знайсьці ахвотных балятавацца ў сельсавет цяжка ня толькі апазыцыі, але і ўладзе. Таму паспрабуем зьмяніць тактыку — «апусьцімся» на самы нізкі ровень і паглядзім, што з гэтага атрымаецца».

Што далей?

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты працягнецца да 8 студзеня. Кандыдатаў могуць вызначаць палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў.

Уладзімер Глод, svaboda.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера