Знайсці
12.12.2017 / 10:1490РусŁacБел

Сталі вядомыя імёны беларусаў, якія «падарылі Крым Расіі» ФОТЫ

У Маскве выйшла кніга «Флатаводцы Белай Русі». У сувязі з гэтым ў Севастопалі была арганізавана навуковая канферэнцыя з аднайменнай назвай. Яе праводзіў Фонд развіцця інстытутаў грамадзянскай супольнасці «Народная дыпламатыя».

Складальнікам выдання выступае палітолаг, былы загадчык кафедры ідэалогіі і палітычных навук Акадэміі кіравання Беларусі Мікалай Малішэўскі. Гэта сталы аўтар сайтаў кшталту «Рэгнума» і «Заходняя Русь».

Адкрываў канферэнцыю благачынны Севастопальскай акругі Сергій Халюта, які адзначыў: «Хацеў бы сказаць, што наш народ трыадзіны і складае Вялікую Русь. Нас аб’ядноўвае адзіная вера, адзіны хрост, адзінае служэнне свайму народу. І служэнне беларусаў расійскаму флоту з’яўляецца пацверджаннем цвёрдасці нашага адзінства, цвёрдасці нашай веры».

Адметна, што ў кнізе нашая краіна прынцыпова называецца «Белая Русь», а не «Беларусь». Выданне мае наклад 500 асобнікаў.

Кніга падзеленая на сем раздзелаў: «На флатах імперыі», «Настаўнікі айчыннага ВМФ», «Інжынеры і генералы флота», «Героі вялікай айчыннай», «Адміралы саюзы», «Адміралы падводнага свету».

Найбольш цікавая частка сёмая — «Беларусы, якія вярнулі Крым». Там называюцца прозвішчы ўраджэнцаў Беларусі, якія спрычыніліся да таго, што Крым стаў расійскім.

Юрый Ільін. 

Нарыс пра першага героя раздзела называецца вельмі пафасна: «Адмірал, які падарыў Крым Расіі». Гаворка пра былога камандуючага Вайскова-марскімі сіламі і начальніка Генштаба Узброеных сілаў Украіны Юрыя Ільіна, ураджэнца Рагачова. На высокую пасаду Ільіна прызначыў яшчэ Януковіч. Адмірала абвінавачвалі ў тым, што ён меў намер увесці войскі ў Кіеў падчас падзей на Майдане.

11 сакавіка ў адмысловым звароце да ўкраінскіх вайскоўцаў Ільін заклікаў «не страляць у нашых рускіх братоў», гэта было напярэдадні «рэферэндума» па статусе Крыма 16 сакавіка. Ва Украіне на Ільіна была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «дэзэрцірства». Пасля таго, як Крым быў далучаны да Расіі, Ільін застаўся жыць на паўвостраве. У 2015 годзе ён падаў у суд на Мінабароны Украіны за нясплату яму сродкаў, якія прадназначаліся па кантракце.

Аляксандр Вітко за спінай Уладзіміра Пуціна.

«Адмірал з Віцебска» — гэта пра Аляксандра Вітко, які ад 1984 года служыў на Ціхім акіяне. Ад 2013 быў камандуючым Чарнаморскага флота. Вітко стаў актыўным удзельнікам падзеяў так званай «крымскай вясны». Менавіта Вітко паставіў ультыматум украінскім вайскоўцам здацца да 5-й раніцы 4 сакавіка, пагражаючы штурмам падраздзялення ўкраінцаў у Крыме. Ва Украіне на вайскоўца заведзеная крымінальная справа за «падбухторванне да дзяржаўнай здрады і арганізацыю дыверсій у адносінах да вайскоўцаў Украіны».

Аляксандр Вітко ўнесены ў спіс асобаў, супраць якіх Еўрасаюз увёў санкцыі. 19 сакавіка ён папярэдзіў украінскіх вайскоўцаў: «Няхай хоць хтосьці з рагаткі пальне. Запалкі — гэта не цацкі. Прашу даслоўна гэта зразумець». На наступны дзень Вітко наведаў украінскі карабель «Славуціч», дзе паставіў перад экіпажам задачу пакінуць судна ці перайсці пад сцяг Расіі. Літаральна праз два месяцы Пуцін уручыў Вітко адміральскія пагоны.

Юрый Арахоўскі.

«Зампаліт крымскай вясны» — так называецца нарыс пра контр-адмірала Юрыя Арахоўскага, ён родам з Бялынічаў. Контр-адміралам Арахоўскі стаў літаральна за некалькі дзён да пачатку крымскіх падзей — 21 лютага. «Улічваючы ўсю важнасць сітуацыі, ім, у вельмі складаным і напружаным грамадска-палітычным становішчы, было наладжана выдатнае маральна-псіхалагічнае забеспячэнне, якое дазволіла на высокім узроўні выканаць пастаўленыя задачы. Узнагароджаны памятным медалём «За вызваленне Крыма і Севастопаля. 16 сакавіка 2014», — пішацца ў кнізе.

Цікава, што Арахоўскі бывае ў Беларусі, у яго як у ганаровага госця бяруць інтэрв'ю дзяржаўныя тэлеканалы.

Арахоўскі ў крымскай кампаніі адказваў менавіта за маральна-псіхалагічны аспект вайскоўцаў. «На сёння на фоне актывізацыі вайскова-марскіх сілаў блока НАТО ў Чорным і Міжземных марах, праца контр-адмірала Юрыя Арахоўскага з асабовым складам спрыяе падтрыманню маральна-псіхалагічнага стану, правапарадку і вайсковай дысцыпліны», — гаворыцца пра вайскоўца.

Уладзімір Бяляўскі на ўручэнні яму звання «Герой Расіі».

І апошні раздзел мае назву «Ветлівы герой з марской пяхоты». Гэта гісторыя Уладзіміра Бяляўскага, героя Расіі. Родам ён з вёскі Мышкавічы Кіраўскага раёна. Служыў у разведцы (баявыя плыўцы). Званне героя Расіі атрымаў за контртэрарыстычную аперацыю ў Чачні ў 2003 годзе.

У часе крымскіх падзеяў Бяляўскі камандаваў 810-й асобнай брыгадай марской пяхоты Чарнаморскага флота, якая дыслакавалася ў Севастопалі. Аднак пра канкрэтныя дзеянні Бяляўскага ў гэты перыяд нічога не паведамляецца.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера