Знайсці
11.12.2017 / 11:1618РусŁacБел

«Наша Ніва» выйграла прынцыповы суд па пытанні дзелавой рэпутацыі

Правайдар Unet.by прайграў суд супраць NN.BY.

Перамогай «Нашай Нівы» завяршыўся судовы разгляд, які цягнуўся амаль пяць месяцаў. Нагодай для пазову стаў артыкул «Піяршчык правайдара Unet.by: Мы гастарбайтары, не разумеем вашай мовы». У ім адзін з чытачоў расказаў журналісту НН гісторыю канфлікту са сваім інтэрнэт-правайдарам. Ён звярнуўся ва Unet.by пасля таго, як заўважыў, што забаронены Міністэрствам інфармацыі ксенафобскі расійскі сайт «Спутнік і погром» па-ранейшаму адчыняецца ў яго на камп’ютары.

ТАА «Аб’яднаныя сеткі», якому належыць Unet.by, палічыла, што артыкул НН закранае яго дзелавую рэпутацыю, і праз суд запатрабавала зняць артыкул, прынесці прабачэнні і апублікаваць абвяржэнне.

Мы былі абсалютна пэўныя ў праўдзівасці інфармацыі, яе адпаведнасці нормам журналісцкай этыкі і заканадаўству Беларусі. Таму здымаць артыкул і нагаворваць на сябе не бачылі падставаў. Але, каб ашчадзіць час і сродкі, на ўсіх этапах працэсу прапаноўвалі пазоўніку памірыцца і апублікаваць на nn.by артыкул, у якім выказваўся б яго пункт гледжання на сітуацыю. 

Інтарэсы «НН» абараняў адвакат Сяргей Зікрацкі. У часе аж пяці пасяджэнняў былі дапытаныя сведкі — хлопец, які перапісваўся з правайдарам, тэхнічныя спецыялісты «Аб’яднаных сетак», якія спрабавалі давесці, што «Спутнік і погром» быў заблакаваны. Каб прааналізаваць публікацыю НН, суд прыцягнуў экспертаў з Інстытута журналістыкі і філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — і яны не знайшлі ў ёй парушэнняў.

Суддзя Эканамічнага суда Мінска Таццяна Міхайлава пастанавіла адмовіць «Аб'яднаным сеткам» ў пазове супраць «НН». І пасля прайгранай 7 снежня апеляцыі рашэнне набыло законную сілу. Немалаважна і тое, што суд запатрабаваў спагнаць з пазоўніка 625 рублёў судовых выдаткаў на карысць Рэдакцыі.

Для нас гэта прынцыповая перамога. СМІ павінны мець права гаварыць праўду, нават тады калі яна камусьці непрыемная.

Рэд.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера