Знайсці
07.12.2017 / 16:4677РусŁacБел

Рэктарам Гродзенскага ўніверсітэта стала беларускамоўны гісторык

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Ірыну Кітурку рэктарам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Да апошняга часу яна была першай прарэктаркай ВНУ.

Ірына Кітурка нарадзілася ў 1970 годзе ў вёсцы Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. У 1993 годзе скончыла гістфак Гродзенскага ўніверсітэта. Была дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ГрДУ. Кандыдатка гістарычных навук.

Муж Ірыны Кітурка — таксама гісторык. Юрый Кітурка ўзначальвае Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Пазнаёміліся яны, калі разам з вучобы ездзілі на бульбу.

Сфера навуковых інтарэсаў Ірыны Кітуркі — беларускія землі ў XVIII стагоддзі. Тут можна знайсці спіс яе публікацый.

Адметна, што спадарыня Кітурка шмат друкавалася ў часопісе ARCHE. Мы спыталі галоўнага рэдактара ARCHE Валерыя Булгакава аб яго стаўленні да такога кадравага прызначэння.

«Мая рэакцыя пазітыўная. Гэта кваліфікаваны даследчык і чалавек з пазіцыяй. Гэта не безаблічны бюракратычны персанаж, а навуковец, яна рабіла сабе акадэмічную кар’еру».

Ці не здзіўляе Булгакава, што ўжо другі запар аўтар ARCHE ўзначаліў універсітэт? Спачатку археолаг Дзяніс Дук стаў рэктарам у Магілёве, цяпер — Ірына Кітурка. Булгакаў бачыць тут простае супадзенне: проста гісторыкі масава пісалі ў ARCHE: «У нас 2000 аўтараў. Мы ахапілі ўсіх навукоўцаў-гісторыкаў сярэдняга і малодшага пакалення, якія сабой нешта ўяўлялі». 

«Безумоўны плюс, што гэта жанчына, — адзначае Булгакаў. — З гэтага, у прынцыпе, і трэба пачаць. Прэцэдэнтаў мала, каб ВНУ ўзначальвала жанчына», — кажа Булгакаў.

Таксама Валер адзначае, што прызначэнне Кітуркі адбылося «пасля пагрому гарадзенскай гістарычнай школы», калі «факультэт гістарычны фактычна перастаў існаваць». «Абсурд, што больш за 10 гарадзенскіх гісторыкаў сёння працуюць у Варшаўскім універсітэце», — адзначае Булгакаў.

Ці існуе тэндэнцыя, што гісторыкаў сталі прызначаць рэктарамі?

«Трэба разглядаць праз прызму кліенцкіх сувязяў. Напрыклад, прызначэнне Дука ў Магілёў тлумачыцца тым, што ён быў блізкі з Ігарам Марзалюком. Гэта сведчанне ўзмацнення пазіцый Марзалюка».

«І Дук, і Кітурка — гэта прафесіяналы, якія не наробяць шкоды», — падсумоўвае Булгакаў.

Гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Валянцін Голубеў шмат працаваў з Ірынай Кітуркай. У іх нават выйшла супольная праца «Гісторыя Беларусі ад пачатку ХІХ да 1945 года». Што спадар Голубеў думае пра такое кадравае рашэнне?

«Выдатны спецыяліст. Кандыдацкая ў яе па дзяржаўных уладаннях у Беларусі. Цяпер піша доктарскую па гісторыі мытнай службы. Толькі добрае пра яе магу сказаць.

Гэта сумленны навуковец, адказны. Гэта добры выбар, і Гродзенскаму ўніверсітэту пашанцавала», — мяркуе Голубеў.

Ён падкрэслівае, што «Аляксандр Лукашэнка таксама гісторык». «Я ведаю, што пры прызначэнні ён пытаўся і ў Дука, і ў Кітуркі, чым яны займаюцца. Яго зацікавіла, што яна займаецца гісторыяй мытнай службы», — расказвае Голубеў.

«Гэта з боку дзяржаўных структур цікавасць да гісторыі дзяржаўнасці, дзяржаўнай службы. Я бачу гэта па Інстытуце гісторыі і радуюся. У канцы года павінен выйсці першы том «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці». Гэта першы блін, але тое, што цяпер выходзіць праца пад такой назвай, шмат пра што гаворыць», — кажа гісторык.

А ці бачыць Голубеў за гэтым прызначэннем асобу Ігара Марзалюка? «Ігара ведаю з даўніх часоў, калі актыўна займаліся грамадскай дзейнасцю. Марзалюк — гэта беларускі гісторык і дзяржаўнік, са сваім бачаннем. Усё, што робіць Марзалюк, ён робіць толькі для Беларусі. Але я лічу, што гэта больш рашэнне мясцовых уладаў і кіраўніцтва дзяржавы».

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера