Знайсці
13.12.2017 / 10:2186РусŁacБел

Як «агурковыя прынцы» Альшан плююць на закон

3 снежня здарылася бяда — трое маладзёнаў разбіліся на машыне пад Жыткавічамі. «Мэрсэдэс» вылецеў у кювет, урэзаўся ў дрэва, перакуліўся. Ад машыны амаль нічога не засталося.

Высветлілася, што ўсе трое хлопцаў родам з «агурковай сталіцы» Беларусі, з Альшан. За стырном, магчыма, быў 18-гадовы хлопец без правоў — сын Івана Грыба, буйнога фермера. Іван разам з братам Міхаілам займаецца вырошчваннем агуркоў і экспартам іх у Расію. Грыбы не хавалі, што за сезон зарабляюць каля мільёна даляраў.

Альшаны вядомыя заможнасцю фермераў. У вялікіх сем’ях амаль усе працуюць на гаспадарцы. Амаль усе, пачынаючы з ранніх гадоў, маюць машыны, і машыны неблагія.

Жыццё маладога хлопца абарвалося, гэта трагедыя. Але гэта і тэндэнцыя. Праблемы з ДАІ для Альшан — не рэдкасць. 

Больш за тое, трагічнае ДТЗ пад Жыткавічамі нават не першае з удзелам сям’і Грыбоў. 

У 2006 годзе Сяргей Грыб, тады 21-гадовы хлопец, збіў насмерць веласіпедыстку. У 2008 годзе быў суд, хлопца прызналі вінаватым у прычыненні смерці па неасцярожнасці. Сяргей атрымаў 3 гады хатняй «хіміі». А ў 2013 годзе Сяргея Грыба ізноў падазравалі ў тым, што ён насмерць збіў чалавека — яго BMW Х5 раздавіла 48-гадовага мужчыну, які ішоў па краі праезнай часткі. Пацярпелы сканаў на месцы, а Грыб, нават не спыніўшыся, з’ехаў з месца ДТЗ. Міліцыя аб’явіла план «Перахоп», праз тры дні Грыба знайшлі і затрымалі. BMW стаяў у яго ў гаражы.

Мясцовыя СМІ пісалі, што Грыб прыняў чалавека за гурбу снегу. Крымінальная справа была заведзена, але да суда не дайшло. Расследаванне было спынена, паведамілі ў Следчым камітэце. Правялі экспертызы і следчы эксперымент. Вывад — кіроўца не мог заўважыць пешахода загадзя і спыніць аўтамабіль.

Міліцыя нярэдка акцэнтавала ўвагу на сітуацыю ў «агурковым краі». Начальнік ДАІ Брэсцкай вобласці Сяргей Талатай у верасні адзначаў, што для Альшан непаўналетнія вадзіцелі — гэта не рэдкасць, а «сумная заканамернасць праз папушчэнне бацькоў».

«Колькі разоў мясцовыя супрацоўнікі ДАІ і я асабіста чулі ад бацькоў, непаўналетняе дзіця якіх было затрыманае за рулём матацыкла ці аўтамабіля: а ты што, не мог уцячы? А калі дзіця скача на службовым аўто ДАІ? А калодачкі ў аўтамабілях, каб дзіця даставала да педаляў?! Гэтыя прыстасаванні робяць дзецям іх бацькі! Гэта стаўленне дарослых праектуецца на паводзіны дзяцей. Яны падвяргаюць тым самым рызыцы не толькі сваё дзіця, але і іншых удзельнікаў дарожнага руху, — казаў міліцэйскі начальнік у інтэрв’ю столінскім «Навінам Палесся». — Закон адзіны для ўсіх. А што мы назіраем у Альшанах? Словы, напрыклад, пастара тут не падвяргаюцца сумневу, а дзяржаўны закон трактуюць па-свойму чамусьці! Кожны рэгіён нашай краіны мае нейкія свае асаблівасці і традыцыйныя асновы, але ўсе жывуць у рамках закона. Выключэнне — Альшаны.

Гэта праблема не аднаго дня, гэты, вобразна кажучы, нарыў фармаваўся доўгія гады. Адыгралі сваю ролю і аддаленасць ад раённага і абласнога цэнтраў, і традыцыйныя асновы, якія фармаваліся гадамі, і пэўная вера, і ўпэўненасць у сваёй выключнасці…»

Навіны пра парушальнікаў ПДР і непаўналетніх бяспраўнікаў з Альшан з'яўляюцца нярэдка. У 2016 годзе даішнікі спрабавалі спыніць «Жыгуль», у адказ аўто толькі паскорыла рух. Пагоня скончылася ДТЗ — «Жыгулі» ўрэзалася ў слуп. У салоне былі 5 непаўналетніх хлопцаў. Кіроўцу было 16 гадоў. У тым жа годзе даішнікі спынілі Аўдзі А6, якой кіраваў таксама 16-гадовы падлетак. У наступны раз, калі даішнікі спынілі чарговага непаўналетняга бяспраўніка, вакол машыны ДАІ сабраўся натоўп, які пачаў патрабаваць адпусціць хлопца, некаторыя нават намагаліся выцягнуць яго з машыны.

Восенню 2016 года сямёра хлопцаў з Альшан перакуліліся на BMW Х5 (прычым аднаго з хлопцаў перавозілі ў багажніку). Хлопцы вярталіся з пінскага начнога клуба. У выніку ДТЗ 21-гадовы кіроўца загінуў. Права на кіраванне аўтамабілем ён не меў.

Сёлета матацыкліст без правоў сыходзіў ад пагоні даішнікаў і збіў 13-гадовую дзяўчынку. Ізноў натоўп мясцовых жыхароў сабраўся вакол машыны, пазней альшанцы сцвярджалі, што хлопец не хлопец — маўляў, даішнікі падрэзалі матацыкліста.

А ў верасні даішнікі спынілі ў Альшанах «Жыгулі». Кіроўца, 16-гадовы падлетак, не толькі не меў правоў, а яшчэ і быў п’яны.

І не варта забывацца, што ў СМІ трапляюць толькі гучныя навіны пра парушэнні ДТЗ. А колькі дробных выпадкаў? А ці можна быць упэўненым, што некаторыя пытанні не вырашаюцца на месцы?

У Альшанах. Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна.

Што праблема існуе, прызнае і пастар мясцовай царквы Хрысціян Веры Евангельскай Уладзімір Чынікайла.

«Мы на гэта заўсёды рабілі акцэнт і робім, просім аб паслушанні. Вучым, просім. Але моладзі шмат, не ўсе паслухмяныя, — сказаў Чынікайла. — Часам моладзь не можа здаць на правы і вырашае садзіцца за стырно без іх. Той хлопец, што разбіўся ў Жыткавічах, здаецца, тры разы здаваў на правы і не здаў. І бацькі забаранялі браць машыну… Але бачыце, як яно выходзіць. Не паслухалі і паехалі. Ёсць такая праблема.

Калі правы не атрымалі, а за стырно схапіліся, тое не значыць, што бацькі гэта ўхваляюць. Ніхто не ўхваляе, папярэджваем заўсёды. Але здараецца.

Але аварыі бываюць не толькі ж у нас. Таму начальніку міліцыі можна адказаць, што вось, кіраўнік Баранавіцкага ДАІ збіў жанчыну насмерць у Ляхавічах. Але ж мы не робім выснову, што ўсе начальнікі міліцыі кепскія».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера