Знайсці
04.12.2017 / 11:523РусŁacБел

Падляскі ваявода прыпыніў перайменаванне вуліцы Тарашкевіча

Да 2 сьнежня Богдан Пашкоўскі павінен быў падпісаць рашэньне пра лёс вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім. Такі крайні тэрмін прадугледжвае польскі Закон аб дэкамунізацыі. Як паведаміў Свабодзе раднік ваяводы Роман Чэпэ, дакумэнт дагэтуль не падпісаны.

«Ваявода вырашыў пакуль прыпыніць гэтую працэдуру, паколькі гісторыкі Інстытуту нацыянальнай памяці да гэтага часу не даслалі сваю характарыстыку асобы Тарашкевіча», — гаворыць Чэпэ.

Працэс па дэкамунізацыі ў Польшчы каардынуе Інстытут нацыянальнай памяці. Групай, якая ацэньвае біяграфіі патронаў польскіх вуліц і плошчаў, кіруе доктар гістарычных навук Мацей Коркуць. У інтэрвію Свабодзе 15 лістапада доктар Коркуць заявіў, што Браніслаў Тарашкевіч быў камуністам і трапляе пад закон аб дэкамунізацыі. Падобны лёс чакаў і вуліцу Якуба Коласа ў Гайнаўцы. Сёньня Свабодзе пакуль не ўдалося скантактавацца з Коркуцем.

Раднік падляскага ваяводы патлумачыў, што дата 2 сьнежня хаця і запісаная ў законе, але дазваляе ваяводам адтэрміноўваць прыняцьце рашэньня з улікам пэўных абставінаў.

«Зразумела, што справа Тарашкевіча складаная. Мы ня хочам сьпяшацца, бо важна, каб гэта было ўзважанае рашэньне, падмацаванае грунтоўным аналізам гісторыкаў» — патлумачыў Роман Чэпэ.

14 лістапада Чэпэ заявіў, што ваявода гатовы падпісаць рашэньне аб перайменаваньні, паколькі вуліца Тарашкевіча была ў сьпісе варшаўскага аддзелу ІНП. Але за Браніслава Тарашкевіча заступіўся беластоцкі аддзел ІНП, і яго справа была накіраваная на дадатковы аналіз гісторыкаў.

У польскім законе аб дэкамунізацыі гаворыцца, што «назвы будоваў, аб’ектаў і грамадзкіх установаў, у тым ліку дарогаў, вуліцаў, мастоў і плошчаў, якія названыя адзінкамі мясцовага самакіраваньня, ня могуць ушаноўваць асобаў, арганізацыяў, падзеяў або датаў, якія сымбалізуюць камунізм або іншы таталітарны лад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930