Знайсці
04.12.2017 / 14:0923РусŁacБел

«Навошта я, калі не змагу па-свойму?» Унікум паэзіі Алесь Разанаў выдаў новую кнігу перад 70-годдзем

Пра кнігу «Невядомая велічыня» піша Анатоль Сідарэвіч.

І чаму Алесь Разанаў не апавядаў мне пра гэта? Мо таму, што я не распытваў? Ці таму, што, ведаючы маю выбуховасць, асцерагаўся мяне «завесці»? І вось, трэба было мне пражыць 36 гадоў, каб даведацца, што пісаў Алег Лойка ў закрытай рэцэнзіі на Алесеў зборнік «Шлях-360» (1981). Трэба было пражыць 36 гадоў, каб даведацца, што машынапіс знакамітага зборніка чытаў загадчык аддзела культуры ЦК КПБ доктар філасофскіх навук Іван Антановіч.

Зборнік, нагадаю, знакаміты тым, што тэксты паэта «падпёртыя» прадмоваю Пімена Панчанкі і пасляслоўем Варлена Бечыка, рэцэнзіямі (станоўчымі) філосафаў Уладзіміра Конана і Альфрэда Майхровіча ды літаратуразнаўцы Івана Шпакоўскага. А яшчэ ў кніжцы пазначана, што яна, быццам нейкі навуковы зборнік, выйшла пад рэдакцыяй Уладзіміра Караткевіча. Ніводзін паэтычны зборнік у Беларусі не выходзіў з такім суправаджэннем. А пра закрытую рэцэнзію Алега Лойкі і пра тое, што зборнік «Шлях-360» папярэдне чытаў Іван Антановіч, я даведаўся з нядаўна выдадзенай кніжкі «Невядомая велічыня: Гутаркі, артыкулы, згадкі», аўтарам якога з’яўляецца Алесь Разанаў. Зборнік выдаў Ігар Логвінаў — выдавец, якога змусілі перанесці сваё выдавецтва з Менску ў Вільню. Гэта ўжо 14-я кніжка Алеся Разанава, якая ўбачыла свет ў афіцыне спадара Логвінава. Сваім зместам яна перагукваецца са зборнікам «З апокрыфа ў канон: Гутаркі, выступленні, нататкі», які выйшаў сем гадоў таму, працягвае і дапаўняе яго.

Фота bookstore.lohvinau.by

І калі ўжо гутарка зайшла пра «Шлях-360», дык варта адзначыць, што гэты паэтычны зборнік знакаміты не толькі «падпоркамі» — структураю, архітэктонікай таксама. Аўтар дбаў пра такі жанр, як кніга паэзіі. Кожны раздзел яе пачынаецца з паэмы, за ёй ідуць два-тры вершы, а замыкаюць яго дзве квантэмы.

З квантэмамі ў мяне асабісты ўспамін. Здаецца, я пісаў ужо, што яшчэ не апублікаваныя квантэмы Алесь выпрабоўваў на мне. Аднаго разу, недзе ў другой палавіне сямідзясятых мінулага стагоддзя, калі я завітаў да яго на кватэру, што была тады на вуліцы Веры Харужай, Алесь пацягнуў мяне, належным чынам не экіпаванага і не аматара сонечных ваннаў, на Камсамольскае возера — загараць. Вось там ён мне і чытаў:

надзея навырост
парожні поўдзень
распростваецца
жоўты
дзьмухавец

І гэтую:

я адымаецца
шчыльнеюць рыштаванні
чысты час

Колькі год прайшло, а помніцца!

Квантэмы ўвайшлі ў «Шлях-360». Зусім нядаўна зняўшы з паліцы гэты зборнік, я са здзіўленнем убачыў, што ён не дэдыкаваны. Як так сталася? Пагартаў кніжку і здагадаўся: купіўшы яе, я не пайшоў да паэта па дэдыкацыю, а пачаў уважліва чытаць (мо уважлівей, чым Іван Антановіч). І па-варварску асадкаю (а не алоўкам) рабіў пазнакі. Прачытаў радок «Ступіў, куды — не бачыў» і пазначыў: Ян ХІІ, 35. Прачытаў радок «я той, хто шлях і хто па ім ідзе» і пазначыў: Ян XIV, 6. Прачытаў радок «што назавецца — гіне» і пазначыў: Omnis determinatio negatio est (праўда, я чамусьці замест omnis напісаў omne). І без пазнак нападкрэсліваў я ў тым Алесевым зборніку вельмі багата. Чытаючы ж квантэмы, у кожнай з іх я лічыў радкі: ці няма сярод іх хоку і танка? Ні хоку, ні танка я не знайшоў, але ўбачыў, што з 18 квантэмаў у сямі 21 склад. На закон жанру не цягнула, але ўсё ж тэндэнцыя праглядалася…

Пра тое, у якім высокім кабінеце чыталі зборнік «Шлях-360» і што пра яго пісаў Алег Лойка, я вычытаў у гутарцы Алеся Разанава з Міхасём Скоблам на Радыё Свабода. Каюся, на сайце беларускай службы РС я гэты тэкст не чытаў. І раз я ўжо напісаў пра квантэмы, то не магу не згадаць пра яшчэ адзін уведзены Алесем Разанавым жанр — пункціры. Яны сваёй архітэктонікай Таццяне Дубоўскай, гутарка з якою змешчана ў новай кнізе, таксама нагадвалі хоку і танка. У адной з гутарак Міхась Скобла папытаўся ў Алеся, ці ўплывалі на яго ўсходнія паэты, у прыватнасці майстар хоку Мацуа Басё, якога наш паэт перакладаў. І Алесь адказаў, што ў пункцірах (як, і ў квантэмах, дадам я) можна, вядома, знаходзіць «нейкія перагукі» з усходнімі формамі верша, але «гэта перагукі». А не перайманне.

Не помню, ці называў хто (напрыклад, Ева Лявонава, Анатоль Івашчанка, Іван Штэйнер) Алеся Разанава жанратворцам. Калі не, дык гэты тытул надам яму я, бо, апроч квантэмаў і пункціраў, паэт увёў яшчэ версэты, вершаказы і зномы.

І не забывайма, што Алесь — і нямецкамоўны, нямецкі паэт. Пішучы па-нямецку, стаўшы на іншую глебу, ён адчуў, што вершаказам цяжка выказацца, і стаў аўтарам такой жанравай формы, як Wortdichte, што перакладаюць, як вершаслова, а я (маючы на ўвазе дзеяслоў «dichten» — тварыць, складаць, сачыняць) пераклаў бы як словатвор. Беручы пад увагу слова «Dichte» (шчыльнасць, гушчыня, сціснутасць, канцэнтрацыя), Wortdichte перакладаюць і як сцісласлова. Наш германіст, амбасадар Пётра Садоўскі, знайшоў сярод разанаўскіх вершасловаў сем геніяльных. А яшчэ адзін наш нямецкамоўны паэт, Уладзімір Папковіч, некалькі нямецкамоўных твораў Алеся Разанава пераклаў на беларускую.

Жанратворчасць Алеся Разанава я б назваў адказам на ім жа пастаўленае пытанне ў прысвечанай Францішку Багушэвічу «Паэме каментарыю»: «навошта я, калі не магу па-свойму?». У выпадку Багушэвіча «па-свойму» — перш-наперш па-беларуску, у выпадку Разанава «па-свойму» — гэта «пераўзысці зацверджаныя межы і ўяўленні» («Паэма запаленых свечак»; я, помніцца, ужо цытаваў гэтыя радкі).

Жанратворца, чуйны да гукаў, дбаючы пра гукаспалучэнне і мілагучнасць верша, уважлівы да яго архітэктонікі, Алесь Разанаў апошнім часам (2015 і 2017) апублікаваў два не зусім звычайныя ў нашай літаратуры творы. Жанр не новы — разбор, аналіз аднаго верша. З такіх публікацыяў я памятаю эсэ Варлена Бечыка пра верш Максіма Танка «Ластаўкі». Гэта, як помніцца, быў тэкст на адну старонку «Літаратуры і мастацтва», а мо трохі большы. У Алеся Разанава гэта разгорнутыя тэксты. Другі з гэтых тэкстаў — пра Міхася Стральцова.

Пра Міхася Стральцова Алесь пісаў яшчэ ў 1994-м (гэты тэкст друкуецца ў новым зборніку). Сёлета ж ён узяў для аналізу «глыбока біяграфічны, «нутраны»» стральцоўскі верш «Пад шоргат кропель дажджавых…» з класічнага зборніка вершаў «Мой свеце ясны». Разанаўскі аналіз верша прызначаны тым, хто жыве паэзіяй і ў паэзіі, а таксама літаратуразнаўцам, якія жывуць з паэзіі, і, вядома ж, вялікім аматарам паэзіі. Гэты тэкст сваёй шчыльнасцю, дэталёвасцю нагадвае мне працу маладога Антона Адамовіча «Максім Гарэцкі (Спроба манаграфіі аб творчасці)».

Такімі ж якасцямі валодае і тэкст Алеся Разанава пра верш Алеся Пісьмянкова «Мой сад у снезе па калена…». Помніцца, калі я першы раз чытаў гэты твор незабыўнага Алеся Пісьмянкова, у мяне адразу нарадзілася думка: які музычны верш! І другая думка: гэта павінна быць музыка для танца. На жаль, я абсалютны прафан у музыцы, але мне чамусьці падумалася, што гэты верш кладзецца ў канон танга. Мне нават уявілася, як яго спявае Аляксандр Вярцінскі. І Алесь Разанаў піша, што гэты «просты і нават празрысты» верш сваёй рытмікай, сваёй інтанацыяй «блізкі песнаспеву». Зноў жа, разанаўскі аналіз верша Алеся Пісьмянкова прызначаны знаўцам і вялікім аматарам паэзіі, тэарэтызавання. Як і тэкст пра верш Міхася Стральцова, гэта нялёгкае чытанне.

Пісаў Алесь Разанаў і пра Анатоля Вярцінскага ды Уладзіміра Конана, сваім словам падтрымліваў паэтак з Падляшша Надзею Артымовіч і Зою Сачко. Гэта ўжо тэксты іншага складу, эсэістычныя. Яны таксама змешчаныя ў новым зборніку.

У новым зборніку больш поўна «прасвечваецца» асоба Алеся Разанава, пэўныя моманты яго жыццёвага шляху.

І зноў не магу не пусціцца ва ўспаміны. Алесь і некаторыя іншыя нашы равеснікі трапілі пад уплыў Пражскай вясны з яе ідэямі абнаўлення грамадства, плюралізму, цярпімасці.

У новай кнізе паэт гэта прызнае. І ў пэўнай ступені тлумачыць падзеі 1968 г. на філалагічным факультце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта гэтым уплывам. Калі я пасля ўварвання войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну апынуўся ў старым манастырскім будынку з закратаванымі вокнамі і з дзвярыма, якія можна было адчыняць толькі адмычкамі і толькі людзям у белых халатах, Алесь быў адзін з тых, хто наведаў мяне ў гэтай установе аховы здароўя. Тое было, як помніцца, у снежні 1968-га. У БДУ ужо кіпелі жарсці, рэктар, акадэмік Антон Сеўчанка, ужо аддаваў распараджэнні, але мой візаві ані слова не сказаў ні пра збор подпісаў за выкладанне на беларускай мове, ні пра тое, што яго ўзялі ў пераплёт.

З новай кніжкі Алеся Разанава можна даведацца, што пісаў Максім Танк яго не на жарт устрывожанай маці.

Якую ролю ў жыцці паэта адыграў Уладзімір Калеснік (а мне ён быў апанент, асабліва калі гэта тычыла асобы Антона Луцкевіча). Як яму, хто найлепш вытрымаў уступныя іспыты, не далі месца ў дзённай аспірантуры Інстытута літаратуры АН БССР. Якая суправадзілаўка прыйшла на яго ў войска. Як пасля звальнення з працы ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» у ЦК КПБ хадзіў за яго заступацца Іван Мележ. Як яму паспрыяў сакратар Цэнтральнага Камітэта Аляксандр Кузьмін («хітраван стары Кузьмін» паспрыяў не аднаму Алесю Разанаву). Як яго, апальнага, вымушанага працаваць у рэдакцыі часопіса «Родная прырода», запрасіла на працу ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» Вера Палтаран. І гэта стала, калі на тое пайшло, рэабілітацыяй паэта.

Праўда, наперадзе Алеся Разанава чакала яшчэ не адна перашкода. І ў БССР, і ў лукашэнкаўскай РБ. З новай кніжкі можна што-колечы даведацца пра яго жыццё-быццё ў Гановеры і Боне, Грацы і Цугу. Мусіць, так яно і павінна быць — мусіць, на шляху творцы павінны паўставаць перашкоды, з’яўляцца апаненты і нават ворагі.

Калі творца мае цвёрдыя перакананні, мае цвёрды характар і творчы патэнцыял, ён адольвае тыя перашкоды, а ягоныя апаненты і ворагі сыходзяць з ягонага шляху, застаюцца на абочыне. Як пісаў Уладзімір Дубоўка, «варожасць шляху не зачыніць: у перашкодах дух расце».

* * *

5 снежня Алесю Разанаву споўніцца 70 гадоў.

Анатоль Сідарэвіч; фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930