«Калі яшчэ будзе магчымасць ляжаць і плакаць?» Працяг «серыяла» з псіхушкі
Публікуем перадапошнюю частку дзённіка журналісткі Марыны Весялухі пра яе досвед знаходжання ў закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.
Марына Весялуха.
Каб быць у тэме, спачатку нагадайце сабе, што адбывалася ў папярэдніх частках:
- Частка 1: «Так, я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні»
- Частка 2: «У мяне забралі тэлефон, завушніцы і нават пазногці»
- Частка 3: «Мой сусвет звузіўся да цёмнага калідора і ложка з тоненькім матрасам…»
- Частка 4: «Лена шле некаму нябачнаму праклёны і б’е яго нагамі» — дзённік з псіхушкі
- Частка 5: «Палата перапоўненая, там ляжыць 16 чалавек» — працяг дзённіка з псіхушкі
Сёння ў крыле, дзе 6-7-я палаты, была Варфаламееўская ноч. Адна бабка ўвесь час крычала, яе змясцілі ў адзіночны бокс і прывязалі. Выклікалі неўролага, аказалася: ціск 180. У нас таксама ноч была не з самых спакойных: Лена ў сваім рэпертуары. З праклёнамі і біццём некага нябачнага.
***
— Весялуха! У першую працэдурную!
— Што, аналізы?
У мяне зноў бралі кроў з вены. Ніхто нічога не тлумачыць, проста праходжу тэсты. І ўсё. Ад гэтага яшчэ горш становіцца. На вуліцы вельмі хутка святлее, але мне туды нельга.
***
— Люда, не плачце. Будзеце плакаць — у 6-ю перавядзём.
***
Тут яшчэ ляжыць Ліда з маніякальна-дэпрэсіўным сіндромам. У час абвастрэння яна выбегла на дарогу, кідалася пад машыну і нешта няўцямнае крычала. Да нас яе прывезла міліцыя і хуткая дапамога. Але Ліда не сумуе, ведае тут увесь персанал і пастаянных пацыентаў. Не перажывае, бо трапіла ў аддзяленне ўжо раз 15-ы.
***
Віктараўна — акуратная бабулька гадоў 80-ці — раніцай плакала, што пра яе ўсе забыліся, яна засталася адна, без дома і грошай. Учора з гонарам расказвала, як добра ёй на старасці жывецца: сын з жонкай будуюць дом у Гродне, дзе ў яе будзе асобны пакой. А сёння: сын прадаў яе кватэру ў райцэнтры, пенсію на сябе аформіў, а ёй няма куды ісці, колькі тут ляжыць — не памятае. Бялізну — скралі, добрае адзенне — скралі: «Шкада, што ў бальніцу самае лепшае ўзяла. Гэтая Светка, што да мяне ўсё заходзіць, нячыстая на руку». Дзе жыве сын — не памятае. Як яму патэлефанаваць — не памятае. Плача да істэрыкі. Прашу медсястру паклікаць да яе доктара і папрасіць патэлефанаваць сыну. Праз некалькі гадзін, пасля гутаркі з псіхатэрапеўтам, заходжу зноў. Яна задаволеная есць хатнія сырнікі і мяне радасна частуе. Прыходзіла ўнучка Танечка, прынесла паесці. Сын заняты, многа працаваў апошнія дні, але ўвечары прыйдзе.
***
Сёння ўпершыню пагутарыла з псіхатэрапеўтам. Раз 15-ы расказвала ўсю сваю гісторыю. Я ўжо жывенькая і ў добрым настроі. Таму расказваю хутка і з усмешкай. Амаль маналагічнае выказванне.
— Чаму вы ўсміхаецеся, калі кажаце такія сумныя рэчы? Мне вось сумна.
— А я павінна ляжаць і плакаць?
— Калі яшчэ вам надарыцца такая магчымасць?
З рэзалюцыяй: у мяне праблемы з эмоцыямі і пачуццямі сыходу.
***
Сёння ўсе гутараць толькі пра прафесарскі агляд. Да нас у аддзяленне заўтра прыйдзе дацэнт з універсітэта і будзе кансультаваць тых, каго рыхтуюць да выпіскі і ў каго спрэчны дыягназ. Я ў спісе. Спадзяюся, выставіць канчатковы дыягназ і мяне адпусцяць. Але на гэта спадзяюцца ўсе. Згадваю някрасаўскае: «Вот приедет барін — барін нас рассудит», але баюся, каб не было, як у яго творы…
***
У нашай палаце бавім час, гуляючы ў карты, расказваючы анекдоты і вясёлыя гісторыі з жыцця. Маем свае прыколы і адметныя жарты. Не спім і смяёмся на ўсю псіхушку аж да 12-і ночы. Замаўкаем і засынаем толькі пасля заўвагі медсястры. А да гэтага прыходзіла і санітарка.