Знайсці
28.11.2017 / 12:1614РусŁacБел

Якую зброю ў Беларусі можна насіць з сабой

Часта ў амерыканскіх фільмах можна ўбачыць, як чалавек у адно імгненне адганяе ад сябе злодзеяў, дастаўшы з кішэні пісталет. Але ў Беларусі звычайныя грамадзяне не маюць права насіць з сабой агнястрэльную зброю, таму для нас гэта неактуальна.

Цяпер усё часцей гучыць тэма гвалту, як хатняга, так і на працы. Як абараніць сябе, калі няма выбітных фізічных здольнасцяў? Што можа дапамагчы ў экстрэмальнай сітуацыі?

Абарачэнне зброі ў Беларусі рэгулюе Закон «Аб зброі». Паводле яго, грамадзяне могуць мець зброю, калі яны атрымалі адпаведны дазвол у органах унутраных спраў і прайшлі неабходную працэдуру рэгістрацыі. 

Аднак існуе шэраг выключэнняў, зброя, якую можна мець і без спецыяльнага дазволу дзяржаўных органаў. Разам з юрыстам Вячаславам Дрызгаловічам, старшынёй Выязнога трацейскага суда, мы склалі спіс рэчаў, якія можна легальна купіць і мець пры сабе.

Нож

Закон дазваляе мець пры сабе нажы і падобныя да іх прадметы. Аднак важна ўлічваць, што многія з іх лічацца халоднай зброяй, за нашэнне якой прадугледжаная адказнасць. Пры набыцці нажа ў краме павінна выдавацца папера, дзе пазначана, чаму менавіта гэты выраб не з'яўляецца халоднай зброяй. Паводле закону, да яе не адносяцца нажы без вастрыя або тыя, дзе вугал сыходжання ляза і тронкаў большы за 70 градусаў.

Мінус выкарыстання нажа для самаабароны ў тым, што не кожны чалавек здольны нанесці ім пашкоджанні іншаму чалавеку. Затое нож добра падыходзіць для адпужвання злачынцаў.

Памятайце, ніхто не гарантуе, што пасля атрымання ранення нажом злачынца не працягне свае дзеянні. Яшчэ адзін слізкі момант: бывае цяжка даказаць, што выкарыстанне нажа было сапраўды неабходным.

Электрашокер

Электрашокеры бываюць двух відаў: кантактныя і тыя, што страляюць. Значна больш распаўсюджаныя кантактныя, яны больш кампактныя і зручныя ў выкарыстанні.

Улічвайце, што прадавец павінен мець сертыфікат, які пацвярджае адпаведнасць зброі нарматыўным актам. І памятайце, што электрашокер працуе ад акумулятара, таму трэба пільна сачыць за ўзроўнем зараду.

Пнеўматыка

Але не ўся. Беларускае заканадаўства дазваляе выкарыстоўваць пнеўматычную зброю з дульнай энергіяй, што не перавышае 7,5 Дж. Таксама сігнальныя пісталеты і рэвальверы, калібр якіх не большы за 6 мм. Прычым абавязкова павінна быць заключэнне МУС, паводле якога гэтая зброя не можа выкарыстоўвацца ў якасці агнястрэльнай і газавай (гэтай інфармацыяй павінен валодаць прадавец).

Газавы балончык

Адзін з найбольш папулярных сродкаў самаабароны, на які не патрабны ніякі дазвол. У залежнасці ад рэчыва, якое ў ім знаходзіцца, прымяненне балончыка можа выклікаць слёзы, кашаль, ускладненае дыханне, але не нанясе нападніку сур'ёзнае шкоды.

Усе балончыкі падзяляюцца на аэразольныя і струйныя. Першыя добрыя тым, што распыляюцца воблакам, у якое могуць трапіць адразу некалькі нападнікаў. Але ў выпадку моцнага ветру едкае рэчыва можа аказацца і ў вачах таго, хто абараняецца. Гэта не ўласціва струйным балончыкам, прымяняць якія можна і ў памяшканнях, і пры моцным ветры.

Пры набыцці не забывайце правяраць дакументы, якія пацвярджаюць адпаведнасць балончыкаў нормам Міністэрства аховы здароўя.

Акрамя таго, практычна любы прадмет у руках чалавека можа дапамагчы абараніцца. Найперш гэта бытавыя прадметы: адвёрткі, стамескі, брытвы, будаўнічыя вырабы і іншае. Аднак заўсёды памятайце, што пасля суд будзе разглядаць, наколькі апраўданымі былі вашы дзеянні.

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930