Знайсці
21.11.2017 / 13:3430РусŁacБел

«Страху не было». Палкоўнік міліцыі расказаў, як адводзіў рабаўніка з банка з пісталетам ля галавы

Узброены пісталетам грамадзянін Расіі паспрабаваў абрабаваць аддзяленне Беларусбанка ў Магілёве днём 20 лістапада. Добраахвотным закладнікам, а затым і кіроўцам рабаўніка стаў палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў. «У той момант я быў спакойны як удаў. Усведамленне таго, што адбылося, прыйшло толькі калі я лёг спаць», — успамінае ён. Палкоўнік распавёў TUT.BY, як упершыню ў жыцці яму давялося весці перамовы пад руляй пісталета і выводзіць закладнікаў з лініі агню.

Фота УУС Магаблвыканкама

Тэлефоны першага намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама — начальніка крымінальнай міліцыі Аляксандра Васільева сёння не заціхаюць: усе цікавяцца, як ён пачуваецца.

— Ды нармальна ўсё — гэта звычайная праца. Дзейнічаў паводле інструкцыі, — адмахваецца ён жартам.

Сціпла размаўляе. Пазней скажа, што за 25 гадоў яго службы ў міліцыі гэта першы выпадак у вобласці, калі пры рабаванні банка людзі аказаліся ў закладніках. Ды і для самога Аляксандра Васільева гэта першы досвед «зносін» з узброеным рабаўніком ў сітуацыі, калі пад прыцэлам знаходзіцца сямёра грамадзянскіх.

Трывожная кнопка ў аддзяленні банку на вуліцы Каліноўскага спрацавала ў 14.41 — яе націснула супрацоўніца, у якой зламыснік запатрабаваў грошы з касы.

- Я быў у сябе ў кабінеце, калі паступіў сігнал, што ў банку знаходзіцца ўзброены мужчына. Як быў — у дзелавым касцюме, — так і паехаў. Толькі ўзброіўся. Супрацоўнікі Дэпартамента аховы малайцы — да таго моманту яны хутка і спраўна ачапілі тэрыторыю, выканалі ўсе меры засцярогі, — успамінае Аляксандр Васільеў.

sk.gov.by

Там, на вуліцы, да яго падбегла жанчына — супрацоўніца банка, якая выступала пасярэднікам паміж нападнікам і сілавікамі. Яна расказала, што там, усярэдзіне, адбываецца, перадала патрабаванні рабаўніка — паслаць да яго прадстаўніка банка.

— Гэтая жанчына — Алена Бурсава. Яе дзеянні вартыя захаплення. Нападнік выпускаў яе на вуліцу, і яна столькі разоў магла ўцячы — яе нават прасілі аб гэтым. Але яна ўпарта вярталася назад, казала: «Там мае дзяўчаты». Убачыўшы самаадданасць гэтай жанчыны і разумеючы, што часу няма, я вырашыў гэтым самым супрацоўнікам банка і прадставіцца. Тым больш у цывільным адзенні з сілавікоў быў толькі я, — кажа Васільеў і ўдакладняе: усе яго дзеянні «былі ўзгодненыя з кіраўніцтвам».

Ведаючы пра тое, што рабаўнік будзе патрабаваць распрануцца ці не дагала, палкоўнік аддаў калегам зброю, усе дакументы, рэчы з кішэняў і «нават зняў гальштук». Фальшывае прозвішча прыдумаў на хаду, спадзеючыся на тое, што жыхар Расіі — пра тое, што рабаўнік адтуль, яму сказала Алена, — наўрад ці ведае намесніка начальніка УУС у твар.

Як толькі палкоўнік увайшоў у аддзяленне, зламыснік тут жа накіраваў на яго зброю.

— Я ўбачыў, што пісталет зняты з засцерагальніка, курок узведзены. Гэта значыць найменшы рух пальца — і будзе стрэл. Але страху не было. Я разумеў, што трэба дзейнічаць асцярожна. Быў загад: усе людзі павінны быць цэлыя і здаровыя. І я яго выконваў.

Па словах Аляксандра Паўлавіча, нападнік пачаў яго распытваць пра тое, дзе ён служыў, спрабаваў высветліць, ці не мае ён дачынення да спецслужбаў. Палкоўнік граў ролю цывільнай асобы. Прычым рабаўнік відавочна спрабаваў трымаць сябе ў руках, спакойна задаваў пытанні, казаў: «Я не маю намеру нікога сёння забіваць». Але часам зрываўся, казаў нервова.

Узброены мужчына пачаў весці перамовы праз Васільева. Запатрабаваў, каб падагналі машыну — у яе ўсе сілавікі павінны скласці зброю. У нейкі момант аднаму з наведвальнікаў банка — усяго іх было сямёра - стала блага.

- Я яго ўгаворваў адпусціць усіх і пакінуць толькі мяне ў якасці закладніка, казаў, што гэтага будзе дастаткова. Ён не хацеў. Але калі закладнікі адчулі сябе нядобра — сярод іх былі і пажылыя жанчыны, — удалося загаварыць яму зубы і па чарзе вывесці ўсіх, - спакойна кажа намеснік начальніка УУС.

sk.gov.by

Да прыгнанай па патрабаванні машыны злачынца выходзіў не адзін — прымусіў ісці з ім Васільева, прыставіўшы яму пісталет да галавы. Паводле словаў палкоўніка, нападнік быў незадаволены тым, што яго патрабаванне скласці ў машыну зброю сілавікі не выканалі. Але мужчына паверыў, калі Васільеў сказаў яму, што, маўляў, усе міліцыянты сышлі.

Рабаўнік заняў задняе сядзенне, загадаў Васільеву сесці за руль і «ехаць, куды скажа». Палкоўнік кажа, ён сам жа чакаў моманту, калі можна будзе даць сігнал сілавікам захапіць мужчыну — і ён здарыўся, калі аўтамабіль ад'ехаў прыблізна на 400 метраў ад аддзялення банка. Там стаяла пустая службовая машына Дэпартамента аховы, і рабаўнік сказаў Васільеву выйсці і патрабаваць, каб яе прыбралі. Палкоўнік выйшаў, даў сігнал — спецаперацыя па абясшкоджванні рабаўніка заняла імгненне.

— Усведамленне таго, што магло б адбыцца, прыйшло толькі калі я лёг спаць. Калі б я тады баяўся, у момант захопу, нічога б не выйшла, — паціскае плячыма Аляксандр Васільеў.

Аўтамабіль, у якім быў нападнік, заблакавалі дзвюма службовымі машынамі. Разумеючы, што працягнуць рух не атрымаецца, рабаўнік выскачыў з аўтамабіля і паспрабаваў схавацца ў прыватным сектары, растлумачылі ў абласным УСК. Ён адстрэльваўся, але яго паранілі ў нагу і затрымалі.

Паводле дадзеных СК, затрыманы — 28-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі, у якога ёсць від на жыхарства ў Беларусі. У верасні ён прыехаў у Магілёў да маці.

З чэрвеня 2009 года па чэрвень 2010 года падазраваны праходзіў тэрміновую службу ва ўнутраных войсках МУС Расіі ва Уладзівастоку, быў радавым запасу. Са студзеня 2011 па студзень 2012 года праходзіў службу ў ваенізаваным горнаратавальным атрадзе МНС Расіі ў пасёлку Дукат Магаданскай вобласці. Адтуль звольніўся па ўласным жаданні.

Пасля затрымання мужчына не называў сваіх дадзеных, а толькі прасіў: «Забіце мяне. Не хачу сядзець у турме» — распавялі ва УУС.

— У затрыманага падчас ператрусу выявілі больш за 9 тыс. беларускіх рублёў, 2 тыс. расійскіх рублёў і больш за 100 даляраў, а таксама выдраны ім з сістэмнага блока камп'ютара аддзялення банка дыск з запісамі відэакамер, — дадала афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

Заведзена крымінальная справа за захоп закладнікаў. Дапытаныя 6 работнікаў і 7 наведвальнікаў аддзялення банка. Абставіны справы высвятляюць.

На сайце Беларусбанка паведамляецца, што аддзяленне на вуліцы Каліноўскага 21 лістапада не працуе.

Анжаліка Васілеўская, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера