Зась: Нехта спрабуе атрымаць несанкцыяваны доступ да дзяржаўных інфармацыйных сістэм
У інтэрв'ю БЕЛТА старшыня Рады бяспекі Станіслаў Зась адной фразай адзначыў інтарэс замежных суб'ектаў да дзяржаўнай інфармацыі.
«Увесь час фіксуюцца спробы несанкцыянаванага доступу да дзяржаўных інфармацыйных сістэм, укаранення ў інфармацыйную інфраструктуру шкоднага праграмнага забеспячэння, крадзяжу інфармацыі з беларускіх электронных рэсурсаў з дапамогай спецыяльных тэхнічных сродкаў», — сказаў Зась, не абазначыўшы, праўда, тых цікаўных.
Хто б мог цікавіцца дзяржаўнымі сеткамі Беларусі?
«Наша Ніва» папрасіла паразважаць пра гэта ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна.
«Ёсць патэнцыйыя праціўнікі, якія і не хаваюць, што вядуць кібернетычную разведку супраць Расіі, а значыць, і супраць яе саюзнікаў, у тым ліку Беларусі, — сказаў Алесін. — Таму, на першае месца я б паставіў суседнія краіны НАТА, а таксама ЗША, якія валодаююць гіганцкімі вылічальнымі магутнасцямі і скануюць амаль усё, сканчваючы тэлефоннымі размовамі і радыёперамовамі. У НАТА вялікі інтарэс да ўсёй постсавецкай прасторы».
Але Алесін заўважае, што інфармацыя пра колькасць танкаў, гармат і самалётаў сёння не з'яўляецца вялікай таямніцай — словы Зася паказваюць на інтарэс неназваных сіл да ВПК, камерцыйнай інфармацыі, мабілізацыйных планаў і гд.
«Практыка апошняга часу паказвае, што не толькі патэнцыйныя праціўнікі сочаць, але і саюзнікі. Успомніце, як амерыканцы праслухоўвалі немцаў. Таму, не выключаю, што адпаведныя службы РФ цікавяцца інфармацыяй, якая тут цыркулюе. Гэта відаць па выказваннях многіх палітыкаў і былых кіраўнікоў шэрагу службаў. Што трэба расіянам? Яны хочуць ведаць намеры беларускага кіраўніцтва, яго магчымыя крокі ў міжнароднай сферы, у адносінах з Захадам, з Украінай і гэтак далей. Бо, відавочна, не ўсё выказваецца пры сустрэчах першых асоб, частка інфармацыі атрымліваецца акольнай дарогай. Улічваючы, што паміж Беларуссю і Расіяй ёсць пагадненне не весці разведдзейнасць сіламі агентурнай разведкі, то, можна падумаць, што свой інтарэс расіяне задавольваюць іншым чынам», — рэзюмаваў ён.