Знайсці
20.11.2017 / 13:4439РусŁacБел

«Я тут за брата стаю, ён — у чарзе»: продаж танных кватэр у Мінску скончыўся скандалам

Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска выставіла на продаж 15 кватэр у новым доме, што будуецца ў Навінках. Цэны для Мінска невысокія: 630 даляраў за метр у аднапакаёўцы, 610 — у двухпакаёвай кватэры. Гэта амаль удвая танней за сярэднія цэны на рынку.

Сам дом здадуць толькі ў сакавіку 2018 года, таму ў продажы пакуль не ўсе кватэры, а толькі 15 са 132.

Паспрабаваць набыць жыллё можна пачынаючы з раніцы 20 лістапада. Аднак, не ўсё так проста. Ахвотнікі ўжо арганізаваліся і за год(!) да пачатку продажу сфарміравалі чаргу і спісы, па якіх будуць падаваць дакументы ва УКБ, каб набыць кватэру. Але юрыдычнай сілы гэтыя спісы не маюць.

У выніку, усё скончылася скандалам. Раніцай пад УКБ сабралося каля паўсотні абураных патэнцыйных пакупнікоў — іх пакінула ні з чым купка больш нахабных і арганізаваных ахвотнікаў.

«Проста прыйшлі людзі раніцай у суботу, сталі ля дзвярэй. Спачатку адзін — стаў і сказаў: я жывая чарга. Пасля і астатнія падцягнуліся», — расказваюць тыя, «хто запісваўся».

Людзі з жывой чаргі паўсталі блокпостам на ганку і не пускалі нікога з «запісаных». Прыкрывалі «жывую чаргу» некалькі маладых хлопцаў каўказскай знешнасці. Паводле іх словаў — азербайджанцы.

«Я тут за брата стаю — ён у чарзе, а я дапамагаю», — пасміхаецца адзін з хлопцаў.

Зразумела было, што кватэр на ўсіх не хопіць. Асноўная маса тых, хто вёў спісы, прыехала падтрымаць «сваіх», калі даведаліся пра з’яўленне жывой чаргі. Людзі ўпэўненыя — жывая чарга — гэта перакупшчыкі.

Прадстаўнікі «спісаў» расказваюць, што ўчора пад УКБ дзяжурылі 15 перакупшчыкаў, не давалі нікому ўстаць у новаўтвораную жывую чаргу.

«Мне 45 гадоў, я жыву з жонкай у Шабанах на здымнай кватэры. Працую на складзе, — адказвае адзін з жывой чаргі, Ігар. — Спісы спісамі, але паводле заканадаўства кватэры купляюць праз жывую чаргу».

Сам мужчына трымае абарону перад ганкам. Каля самых дзвярэй, у той жывой чарзе — яго жонка

Паціху людзей з «жывой чаргі» пачалі запускаць на падачу дакументаў. «Спісы» пратэставалі, аднак разумелі, што нічога не могуць зрабіць.

Часам скандавалі: «Не — дэкларацыі! Адмяніць дэкларацыю!» (якая друкуецца ў дзяржаўных СМІ і паводле якой прадаюць гэтыя кватэры)

«Лепш ужо хай нікому нічога, чым вось гэтым і вось так», — абураецца адна з жанчын, Вольга. Яна з мужам былі ў спісах — і сёння застануцца без кватэры.

Народ з «жывой чаргі» шчыльна трымае абарону ганку; «спісы» паціху разыходзяцца — каму час на працу, хтосьці проста зразумеў, што лавіць няма чаго. На тварах «чаргі» — задавальненне, у «спісаў» — крыўда.

Разбіўшыся на групкі, «спісачнікі» думаюць, што рабіць далей. Хтосьці збіраецца пісаць у КДБ заяву, каб праверылі пакупнікоў гэтых 15 кватэр, хтосьці тэлефануе на гарачую лінію АНТ ( праўда, тэлебачанне гэтая гісторыя не зацікавіла). А між тым цягам месяца павінны выставіць на продаж яшчэ шэраг кватэр з гэтага дому. А гэта, мяркуючы па ўсім, азначае, што наперадзе яшчэ як мінімум адзін скандал.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера