Знайсці
19.11.2017 / 15:0047РусŁacБел

Бумеранг дыктатуры: сыход Мугабэ азначае падзенне ўсёй яго сям'і

Робэрт Мугабэ (справа) глядзіць на свайго віцэ-прэзідэнта Эмерсана Мнанганву (злева), які зачытвае віншаванне прэзідэнту з 93-годдзем. Фота Філімона Булаваё, Ройтэрз.

Рашэннем з'езда кіруючай партыі Зімбабвэ Саюз афрыканскага народа Зімбабвэ — Патрыятычны фронт прэзідэнт краіны Роберт Мугабэ зняты з пасады яе лідара. Разам з прэзідэнтам з партыі выключылі і яго жонку Грэйс. Мугабэ паставілі ультыматум: або ён падасць у адстаўку сам, або ў аўторак яму будзе абвешчаны імпічмент.

Новым лідарам краіны фактычна стаў былы віцэ-прэзідэнт краіны Эмерсан Мнангагва. Былы, бо ўсяго паўтара тыдня таму Мугабэ адправіў яго ў адстаўку. Раней Мнангагва ўзначальваў спецслужбы Зімбабвэ, а пасля быў міністрам абароны і займаў розныя міністэрскія пасады ў эканамічным блоку.

Менавіта адстаўка Мнангагва, на якой настойвала жонка прэзідэнта, прывяла да палітычных зменаў у Зімбабвэ. Вайскоўцы, якія падтрымлівалі Мнангагву, ўвялі ў сталіцу краіны бранятэхніку, занялі тэлебачанне, заблакавалі парламент і будынак урада. Роберта Мугабэ яны змясцілі пад хатні арышт, запатрабаваўшы вяртання Мнангагвы на пасаду віцэ-прэзідэнта. Пазней прадстаўнікі вайсковага камандавання запатрабавалі адстаўкі Мугабэ.

Сам прэзідэнт добраахвотна пакідаць сваю пасаду адмовіўся, заявіўшы, што рашэнне павінна прымацца на партыйным з'ездзе. Тады сілавікі сабралі з'езд.

Мугабэ кіраваў Зімбабвэ ад 1987 года, а перад тым ён быў адным з лідараў партызан.

Звяртае ўвагу, як скіданне Мугабэ адначасова паставіла крыж на кар'еры і амбіцыях усёй яго сям'і. Жонка Грэйс стала аб'ектам нянавісці, а частка сваякоў ужо ўцякла ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.

Амаль тое самае нядаўна адбылося ва Узбекістане: пасля смерці Іслама Карымава ягоная дачка не толькі страціла прывілеі, але і апынулася ў турме.

Мугабэ трымаў уладу так доўга, бо не вагаючыся ўжываў сілу супраць сваіх апанентаў.

Кампанію ціску на Мугабэ з мэтай прымусіць яго да адстаўкі ўзначалілі ветэраны сілавых структур краіны. «Прэзідэнт сыходзіць. Хай жыве новы прэзідэнт!» — усклікнуў кіраўнік зімбабвійскага Саюза ветэранаў перад галасаваннем кіраўнічай партыі, вынік якога быў перадвырашаны.

Пераварот быў практычна бяскроўны.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера