Макей: Для Расіі збліжэнне стасункаў Беларусі з ЕС ніякіх рызык не нясе
Фота Сяргея Гудзіліна
Нямеччына ніколі не ставіла датычна Беларусі пытанне, з Усходам яна ці з Захадам, і Беларусі ніколі не даводзілася сутыкацца з такім выбарам. Для Расіі збліжэнне адносін Беларусі з ЕС ніякіх рызык не нясе, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі з віцэ-канцлерам Нямеччыны, піша Tut.by.
— Расія для нас — галоўны стратэгічны саюзнік. У нас ніколі не было мэты разарваць сувязі з Расіяй, мы наадварот заўсёды хацелі ўмацоўваць гэтыя сувязі. Але і з ЕС адносіны Беларусь мае намер развіваць. І нам ніколі не даводзілася сутыкацца з такім выбарам — Расія ці Еўропа, — заявіў Макей.
Міністр адзначыў, што на сустрэчы прэзідэнта Лукашэнкі і віцэ-канцлера, міністра замежных спраў Нямеччыны Зігмара Габрыэля абмяркоўваліся «асабліва адчувальныя для Еўропы» пытанні: развіццё дэмакратыі, правоў чалавека, смяротнае пакаранне.
— Не магу сказаць, на колькі дзясяткаў метраў мы зблізіліся, але важна абмяркоўваць гэтыя адчувальныя тэмы. І сёння нашы перамовы былі вельмі змястоўныя і паўнавартасныя. І думаю, яны далі свой плён і дазволілі нам лепш разумець адзін аднаго, - заўважыў Макей.