Знайсці
17.11.2017 / 11:3896РусŁacБел

Праваслаўны крыж на старых мусульманскіх могілках у Смілавічах справакаваў канфлікт

На Дукаршчанскіх могілках пад Сьмілавічамі

У пачатку верасьня на могілках у Сьмілавічах сьпілавалі праваслаўны крыж. Мясцовыя татары-мусульмане палічылі гэта за правакацыю перад сьвятам Курбан-Байрам. Сваякі пахаванае жанчыны заяўляюць пра беззаконьне. Журналіст «Радыё Свабода» Антон Трафімовіч зьезьдзіў у Сьмілавічы, каб разабрацца ў канфлікце.

Перадгісторыя. Сьмілавічы як татарскае мястэчка

Мусульманскія пахаваньні на Дукаршчанскіх могілках у Сьмілавічах

Сьмілавічы — мястэчка ў Чэрвеньскім раёне за 35 кілямэтраў ад Менску. Вякамі тут жыве татарская грамада. Нават назва мястэчка мае, хутчэй за ўсё, татарскае паходжаньне — ад татарскага імя Сьміл, якое паходзіць ад арабскага Ісмаіл.

Цяпер мусульманскае насельніцтва Сьмілавічаў не такое вялікае, як калісьці. Сярод 5 тысячаў жыхароў тут каля сотні татарскіх сем’яў плюс башкіры, што прыехалі сюды за савецкім часам. Але мястэчка важнае, знакавае для беларускіх татараў. Доўгі час тут быў адзіны мячэт на ўсю Менскую вобласьць. Нават у Менску не было мячэту да 2016 году.

Сьмілавічы таксама важныя для мусульманаў тым, што тут знаходзяцца адны зь нямногіх дзейных мусульманскіх могілак — Дукаршчанскія. Яны месьцяцца паміж мястэчкам і вёскай Дукоршчына. Мусульманаў-вернікаў з усіх ваколіц часьцей за ўсё прывозяць хаваць менавіта сюды.

Дукаршчанскім могілкам прынамсі 400 год. Да савецкіх часоў яны былі выключна мусульманскімі. Але ў пасьляваенны час побач з мусульманамі пачалі хаваць і мясцовых хрысьціянаў. На просьбу сялянаў суседніх вёсак, каб магілы ня зьмешваліся, паміж мусульманскай і хрысьціянскай часткамі яшчэ ў савецкія часы выкапалі роў.

Старыя Дакуршчанскія могілкі пад Сьмілавічамі

Часам на мусульманскай частцы хаваюць хрысьціянаў — у выпадку, калі гэта былі сваякі памерлых татараў. Але надмагільлі ўсё адно афармляюць у ісламскім стылі, без крыжоў.

Як на мусульманскіх могілках зьявіўся праваслаўны крыж

У жніўні на мусульманскай частцы дукаршчанскіх могілак зьявіўся праваслаўны крыж. Тут пахавалі Марыю Канапацкую. Яе муж — сьмілавіцкі татарын-мусульманін. Яшчэ пры жыцьці жонкі сям’я вырашыла, што яны будуць пахаваныя разам на мясцовых могілках.

Тая самая праваслаўная магіла з крыжом на мусульманскай частцы могілак

У той самы час мясцовыя мусульмане рыхтаваліся адзначаць сваё галоўнае сьвята — Курбан-Байрам. Напярэдадні сьвяткаваньня старшыня сьмілавіцкай татарскай грамады Сапар Канапацкі, аднаго прозьвішча з памерлай, прыйшоў прыбрацца на могілках.

Сулейман Рак, імам сьмілавіцкага мячэту

Ля самага ўваходу на могілкі Канапацкі пабачыў драўляны крыж. Ён палічыў яго зьяўленьне за правакацыю перад сьвятам і сьпілаваў верхнюю частку. Калі сваякі памерлай Марыі Канапацкай даведаліся пра гэта, яны напісалі заяву ў міліцыю. На Сапара Канапацкага спачатку завялі адміністрацыйную справу. Пасьля скаргі сваякоў у Чэрвеньскім РАУС паабяцалі перагледзець рашэньне. Цяпер у справе праводзяць дадатковую праверку.

Дочкі памерлай Марыі Канапацкай у цэнтры Сьмілавічаў

У сваю чаргу старшыня татарскай грамады накіраваў ліст Упаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, у якім патлумачыў сутнасьць канфлікту.

«Могілкі — не мусульманскія, а грамадзкія»

Ірына Марціновіч, старшыня Сьмілавіцкага сельвыканкаму, і Сулейман Рак

Дукаршчанскія могілкі знаходзяцца на балянсе Сьмілавіцкага сельсавету. Яны грамадзкія, а таму тут могуць хаваць людзей розных канфэсіяў. Пра гэта Свабодзе сказала Ірына Марціновіч, старшыня Сьмілавіцкага сельскага выканаўчага камітэту.

«Тыя могілкі ўмоўна падзеленыя на дзьве часткі, — патлумачыла Свабодзе Ірына Марціновіч. — Паводле дамоўленасьці, з аднаго боку хаваюць праваслаўных. Як правіла. Гэта неабавязкова. Нідзе не прапісана, што гэта закон. Зь іншага боку хаваюць мусульманаў».

Мясцовы жыхар Валянцін, на магілах ягоных сваякоў зафарбоўвалі і выбівалі крыжы

Аднак мясцовыя мусульмане абураныя зьяўленьнем праваслаўнага крыжа на мусульманскай частцы могілак. Ужо каля 70 год дукаршчанскія могілкі дзялілі паміж мусульманамі і хрысьціянамі, месцаў для пахаваньня з абодвух бакоў хапала ўсім.

«Гэта кранае мае пачуцьці, — выказвае сваё стаўленьне да таго, што адбылося, імам сьмілавіцкага мячэту Сулейман Рак. — Нашто так рабіць, калі побач, за сто мэтраў, хаваюць хрысьціянаў»

Гэтым равом падзяляюцца хрысьціянская і мусульманская частка могілак

Сваякі памерлай сьвярджаюць, што не памыліліся зь месцам пахаваньня. Тут пахаваныя іхныя продкі, а таму Канапацкія і выкапалі магілу на мусульманскай частцы.

«Такіх магілаў вельмі шмат, дзе палова сям’і праваслаўныя, палова мусульмане. Мы далёка ня першыя, хто хаваў праваслаўных», — кажа дачка Антаніна Богдан.

Яна апэлюе да закону, паводле якога могілкі грамадзкія. Пра мясцовы падзел Антаніна раней ня ведала. Яна і яе сястра не чакалі, што пахаваньне можа перарасьці ў міжрэлігійны канфлікт.

Ірына Марціновіч заклікае абодва бакі дамаўляцца

Пакуль на магіле стаіць драўляны крыж. Ён часовы. Ці будзе крыж на каменным надмагільным помніку, сваякі Марыі Канапацкай яшчэ ня вызначыліся.

«Ня ведаю яшчэ, нічога мы яшчэ ня вырашылі», — Яўген Адамавіч, муж памерлай Марыі Канапацкай.

Антон Трафімовіч, svaboda.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930