Знайсці
16.11.2017 / 11:016РусŁacБел

«Ехаў у краму па выпіўку». Судзяць п'янага бяспраўніка, які на пешаходным пераходзе насмерць збіў жанчыну з дзіцём на руках

У судзе Партызанскага раёна Мінска разглядаюць справу аб гучным ДТЗ. Мужчына без правоў насмерць збіў на пешаходным пераходзе маладую жанчыну з дзіцём.

Аварыя адбылася ў пачатку мая на вуліцы Солтыса ў Мінску. БМВ ехаў з боку вуліцы Ваўпшасава ў напрамку вуліцы Пераходнай.

Перад пешаходным пераходам машыну занесла і развярнула. У выніку аўтамабіль збіў на пераходзе 33-гадовую жанчыну, у якой на руках была 3-гадовая дачка, а потым урэзаўся ў тралейбус. Жанчына загінула на месцы здарэння, дзіця на хуткай павезлі ў бальніцу. Акрамя гэтага, тры пасажыры ў BMW атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Сам кіроўца быў п’яны. Акрамя таго, правоў кіравання аўтамабілем ён не меў і ніколі іх не атрымліваў.

Цяпер той самы кіроўца на лаве падсудных. Яго завуць Ігар Сокал, яму 30 гадоў. Сокал родам з Пінска, але жыў у Мінску. Быў разведзены, нідзе не працаваў.

Раней Сокал ужо меў судзімасці: у 2008 годзе ён атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі за згвалтаванне. У 2015 — паўгода пазбаўлення волі за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду.

Цяпер Сокала судзяць за п’янае ДТЗ, якое пацягнула смерць чалавека. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Віну сваю Сокал прызнаў часткова.

«Я быў за стырном, і машына аказалася ў заносе, я збіў чалавека. Але здзейсніў не ўсе пералічаныя пракурорам парушэнні ПДР», — сказаў Ігар Сокал.

На судзе Сокал адмовіўся даваць паказанні.

Пацярпелы — муж загінулай жанчыны — папрасіў суд спагнаць з Сокала кампенсацыю за маральную шкоду — 30 тысяч на сваю карысць, 40 тысяч — дачцэ. І яшчэ 200 рублёў за паслугі юрыста.

У машыне ў тую ноч быў сам Ігар Сокал, яго сябар і бацька сябра.

Пра падрабязнасці распавёў бацька сябра. Кампанія ехала ў краму па алкаголь. Сам мужчына «выпіваў цягам дня», ці піў Сокал — невядома, сцвярджае сведка, але нібыта той выглядаў цвярозым.

Пасля ДТЗ мужчыну выкінула праз разбітае шкло машыны на багажнік, пасля ён вылецеў на газон. Зламаў рэбры, хрыбет, кажа, у прытомнасць прыйшоў на дзясятыя суткі. Але прэтэнзій да Сокала не мае.

«Як пакараць яго? Як вырашыць суд», — сказаў сведка.

Улад Швядовіч, фота Вольгі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера