Знайсці
15.11.2017 / 23:1940РусŁacБел

Помнік Вітаўту Вялікаму ў Каўнасе выклікаў нечаканую дыскусію

Побач з цэнтральным будынкам мэрыі Каўнаса ўзвышаецца помнік Вітаўту Вялікаму. Каля ягоных ног — пераможаныя русін, паляк, крыжак і татарын. Мастак Віцяніс Якас называе гэты помнік гістарычнай памылкай, паведамляе DELFI.

Каўнасец не жадае падымаць шуміху, аднак запэўнівае, што прыйшоў час выправіць гэтае гістарычнае непаразуменне. А вось знаўцы гісторыі нават не хочуць уступаць у абмеркаванне — бо помнік Вітаўту гэта тыповы твор мастацтва міжваенных гадоў, такіх у Еўропе было шмат, — лічаць яны.

Помнік быў створаны Вінцасам Грыбасам і з'явіўся ў 1932 годзе. Яго ўсталявалі ў Панямуне, на тэрыторыі Літоўскай ваеннай акадэміі. Тады Вільня была захопленая палякамі. Таму Польшчы надавалася асаблівая ўвага. Замоўцы ясна далі зразумець, што хочуць, каб там была адлюстраваная фігура паляка.

«Паляк не можа перанесці велічы Вітаўтаса Вялікага, таму заплюшчвае вочы з боку Вітаўтаса, каб яго не бачыць, ён няшчыра прыніжаецца. Пастава паляка павінна адлюстроўваць ягоную прыгнечанасць, расчараваны позірк накіраваны ў бок Вітаўта, быццам ён просіць літасці», — патрабавалі замоўнікі.

Калі пачалася II Сусветная вайна, скульптура была знішчаная.

У 1990 годзе па ініцыятыве цяпер ужо не існуючага грамадзянскага руху Aukuras помнік быў адноўлены. Была зробленая дакладная копія помніка. Праўда, на гэты раз фігуры воінаў былі выкананыя ў бронзе. У Панямуне яго ўжо нельга было ўсталяваць — там стаялі казармы. Таму помнік усталявалі каля мэрыі.

У ніжнюю частку помніка ўмантавалі камень з поля, дзе адбывалася Грунвальдская бітва, а на ім — помнік. Ужо тады, у 1990 г. гэтая скульптура выклікала гарачыя дыскусіі. Улады горада дазволілі ўсталяваць помнік на алеі Лайсвес, але пры адной умове.

«Паколькі ў Літве знаходзіцца армія акупантаў, на ранейшым месцы помнік усталяваць нельга, а калі савецкую армію выведуць, помнік павінны вярнуць на ягонае ранейшае месца», — такая шыльда была нават на помніку. Але была яшчэ адна ўмова: помнік павінны перанесці, «па патрабаванні грамадства».

Савецкае войска сышло, а помнік да сёння застаецца там, дзе яго паставілі.

Якас сказаў, што існуюць два макеты помніка Вітаўту Вялікаму. Адзін для месца ля казармаў, другі — для алеі Лайсвес. Апошні так і не зрабілі, і адзіным выкананым застаўся спрошчаны варыянт.

«Па сутнасці, у спешцы мы ўсталявалі на алеі Лайсвес не той помнік», — канстатаваў Якас.

Помнік стаіць ўжо амаль 30 гадоў, але вялікіх дыскусій ён не выклікаў. Аднак Якас зірнуў на яго скрозь прызму свайго жыццёвага досведу. — Бо мастак вырас у савецкім дзіцячым доме.

«Мы жылі ў сапраўднай турме, дзе насмешкі і гвалт былі паўсядзённаю з'явай. Такім было маё дзяцінства. Можа, гэты боль і застаўся ў падсвядомасці. Я спрабаваў выбрацца з гэтай сітуацыі. Мастацтва павінна служыць людзям», — сказаў Якас.

«Калі я бачыў гэты помнік, вяртаўся думкамі ў дзяцінства і не мог з гэтым змірыцца. Не магу і цяпер. Гэта сімвал гвалту, нянавісці, знявагі. Гэта вобраз вайны, створаны для падахвочвання да нянавісці, знявагі і супраціву. Гэта падрыхтоўка да вайны. Гэта прапагандысцкая скульптура», — лічыць каунасец.

На помніку выкарыстаныя сімвалы краіны. Да прыкладу, турыст з Польшчы без праблем зразумее, што Вітаўтас стаіць на спіне ў ягонага суайчынніка. На ваяры-татарыне можна знайсці сімвалы ісламу.

«У дадзеным выпадку гвалт нават не хаваецца, ён відавочны. Чаму мы гэтага не бачым? (…) Гэты сімвал нянавісці стаіць на алеі Лайсвес», — здзіўляўся мастак.

Ён лічыць, што помнік трэба перанесці да Ваеннага музею, які знаходзіцца непадалёк.

У пачатку наступнага года ля помніка пачне дзейнічаць выстава, на якой раскажуць пра гісторыю помніка. Якас назваў гэта першым крокам да дыялогу з мэрыяй.

Дацэнт Кафедры палітычных навук і дыпламатыі ўніверсітэта ім. Вітаўтаса Вялікага Касціціс Антанайціс ацаніў разважанні мастака катэгарычна: «Кожны можа мець сваё меркаванне — мы свабодная краіна. Але мне гэта нагадвае высновы маргінала. Гэта міжваенны помнік. Калі тут бачаць нейкі шавінізм, то трэба лячыцца. Крыжакі, рускія, палякі, татары — не сімвалізуюць сучасныя краіны Расію ці Польшчу. Гэта ворагі тых часоў, калі жыў Вітаўт. І толькі. Я не разумею, у чым праблема».

Агульны від помніка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930