Знайсці
15.11.2017 / 16:5948РусŁacБел

Хто такія беларускія міратворцы і ці паедуць яны на Данбас?

Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатовая адправіць сваіх вайскоўцаў-міратворцаў на Данбас, калі гэта падтрымаюць усе зацікаўленыя бакі.

Але хто ж такія беларускія міратворцы?

«Міратворчы кантынгент рыхтуюць у беларускім войску з 2000-х. Гэта толькі кантрактнікі. Салдаты тэрміновай службы ані ў якім выпадку не могуць удзельнічаць у падобных місіях», — патлумачыў «Нашай Ніве» прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў.

Дакладная колькасць вайскоўцаў-міратворцаў невядомая. Але асобная міратворчая рота існуе ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая месціцца ў Віцебску. Яна была створана ў 2005 годзе. Агулам міратворцаў каля 250 чалавек.

Каля 40-50 чалавек — гэта упраўленне і два ўзводы, навучальны і міратворчы. У складзе кожнага ўзвода маюцца штатныя інструктары. Плюс каля 200 чалавек у пераменным складзе — гэта вайскоўцы-кандыдаты ў падраздзяленні міратворцаў. Яны ўжо прайшлі адпаведную падрыхтоўку, але служаць у розных часцях па ўсёй краіне і час ад часу ўдзельнічаюць у адпаведных зборах.

Каб трапіць у міратворчую роту, трэба адпавядаць наступным крытэрам: мець выслугу не менш за тры гады, свабодна валодаць замежнай мовай, у тым ліку чытаць і пісаць, па стане здароўя пасаваць для службы ў сілах спецыяльных аперацый, ведаць тапаграфію і ўмець аказваць першую медыцынскую дапамогу. Плюс — прайсці адпаведныя псіхалагічныя тэсты.

Праўда, самі вайскоўцы прызнаюцца: кандыдатаў адбірае непасрэдна камандзір роты, калі ён палічыць прэтэндэнта вартым, то возьме, а праблемы, напрыклад, з замежнай мовай можна вырашыць і пазней. Пасля вайсковец праходзіць курсы ў Вайсковай акадэміі.

Пасля залічэння міратворцы вывучаюць не толькі агнявую і тактычную падрыхтоўку, але і міжнароднае гуманітарнае права, дадатковыя замежныя мовы. А з 2007 года яшчэ і абавязкова вучацца скакаць з парашутам. Перад працай у міратворчай місіі вайскоўцы абавязкова вывучаюць краіну, у якую накіроўваюцца, мясцовыя звычкі і асаблівасці. Пры гэтым перад непасрэднай адпраўкай на місію, міратворцы пішуць заявы на імя Аляксандра Лукашэнкі, якія падпісвае асабіста ён.

Акрамя міратворчай роты, ад Беларусі ў рамках планавання і ацэнкі сіл праграмы НАТА «Партнёрства дзеля міру» раней быў таксама заяўлены патрульны ўзвод (ад ваенных камендатур Узброеных Сіл); ваенна-транспартны самалёт Іл-76 МД з двума экіпажамі лётнага складу і дзвюма групамі наземных спецыялістаў па абслугоўванні паветранага судна (ад 50-й змяшанай авіяцыйнай базы Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны); афіцэры Узброеных Сіл для працы ў складзе шматнацыянальных штабоў (да 15 чалавек); група спецыялістаў-медыкаў (да 7 чалавек); мабільны шпіталь.

Таксама існуюць і міратворцы, якія рыхтуюцца ў межах супрацоўніцтва АДКБ. Па словах аналітыка Аляксандра Алесіна, гэта дзве брыгады — сіл спецыяльных аперацый і брыгада спецназа МУС. Яны служаць у Беларусі, але ж перыядычна праходзяць адпаведную падрыхтоўку на вучэннях.

Сёлета ў ліпені камандуючы сіламі спэцыяльных апэрацый узброеных сіл Беларусі Вадзім Дзенісенка распавядаў, што адзін узвод ужо цалкам гатовы ўдзельнічаць у міратворчых аперацыях пад эгідай ААН.

«Цягам гэтага году ў нас вельмі сур'ёзна адпрацавалі дэлегацыі з Італіі, Велікабрытаніі, дзве дэлегацыі з Польшчы. Сваё тэставанне хутка будуць праводзіць інструктары з ЗША. Мы выйшлі на нармальны ўзровень у падрыхтоўцы міратворчай роты», — казаў Дзенісенка.

Акрамя падрыхтоўкі ў Беларусі, нашы міратворцы рэгулярна прымаюць удзел у адпаведных міжнародных вучэннях. Апошнія з іх — ад АДКБ — прайшлі зусім нядаўна, у канцы кастрычніка ў Казахстане, там адпрацоўвалі дзеянні ва ўмовах масавага прыбыцця бежанцаў.

Што тычыцца практыкі, то беларускія медыкі прымалі ўдзел у міратворчай місіі ў Ліване ў 2010 годзе. Кантынгент быў нешматлікі — афіцэр і чацвёра медыкаў. Хірург, анестэзіёлаг, аперацыйная сястра і сястра-анэстэзіст працавалі ў ваенным шпіталі Часовых сіл ААН у Ліване, афіцэр штаба адказваў за ўзаемадзеянне камандавання місіі з мясцовымі сілавікамі. Акрамя Лівана, беларускі эксперт накіроўваўся ў Паўднёвы Судан.

Прапановы Лукашэнкі пра накіроўванне беларускіх міратворцаў на Данбас ішлі з 2015 года. Але якая імавернасць таго, што беларусы ўсё ж паедуць туды пасля заявы Макея?

У Мінабароны пакуль не змаглі пракаментаваць гэтае пытанне. Аляксандр Алесін мяркуе, што пакуль адпраўка беларусаў малаверагодная.

«Лукашэнка прапаноўваў неаднаразова. Але тады ініцыятыва не знайшла падтрымкі ані ва Украіне, ані ў Расіі. Яны думалі, што разбяруцца сваімі сіламі. Але сёння канфлікт зайшоў у тупік, ваеннага рашэння яго не бачна. І цяпер па прапанове Пуціна вырашылі абапірацца на міратворцаў. Аднак не вызначанае галоўнае пытанне — дзе міратворцы будуць размяшчацца? — кажа Алесін. — Бо на думку Пуціна, міратворцы мусяць размяжоўваць украінскія войскі і войскі самаабвешчаных рэспублік. На думку Украіны, міратворцы павінны знаходзіцца на мяжы з Расіяй, каб адтуль не паступала зброя і не ехалі так званыя «добраахвотнікі».

Алесін падкрэсліў, што варыянт Пуціна прывядзе да таго, што сітуацыя на Данбасе ператворыцца ў замарожаны канфлікт, аналагічны сітуацыі ў Прыднястроўі.

«То бок Украіна фактычна пагодзіцца, што частка тэрыторыі адабраная на нявызначаны час, а можа, і назаўсёды, — падкрэсліў аналітык. — Калі ж міратворцы будуць знаходзіцца на мяжы з Расіяй, то не будзе дапамогі адтуль, і у будучыні «ДНР» і «ЛНР» могуць не даць рады ўкраінскім войскам. То бок, Украіна тэарэтычна зможа вярнуць тэрыторыі. І гэты варыянт не вельмі падабаецца Пуціну і кіраўнікам непрызнаных рэспублік. Таму нават калі афіцыйна пагодзяцца на ўдзел міратворцаў, то неафіцыйна могуць ім перашкодзіць. У «ДНР» і «ЛНР» хопіць моцы не пусціць міратворцаў на мяжу з Расіяй.

Таму пакуль няма пагаднення бакоў, варыянт адпраўкі нашых міратворцаў бачыцца мне малаімаверным».

Прычым, адзначае Алесін, удзел беларускіх міратворцаў ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе будзе карысны ў першую чаргу для самой Беларусі.

«Мы і так аб’явілі сябе міратворцамі, калі прадастаўлялі пляцоўкі для перамоваў. А цяпер, калі Рада бяспекі дазволіць удзел беларусаў ва ўрэгуляванні канфлікту, то, значыцца, сусветная супольнасць афіцыйна прызнала Беларусь міратворцам. А гэта павышае аўтарытэт нашай краіны», — адзначыў Аляксандр Алесін. 

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031