Знайсці
13.11.2017 / 22:1787РусŁacБел

У Польшчы хочуць перайменаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча

Ахвяра НКВД можа стаць і ахвярай «дэкамунізацыі», піша Алесь Чайчыц.

У Бельску-Падляскім могуць перайменаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча, знакамітага беларускага лінгвіста і палітыка, аўтара першай граматыкі беларускай мовы, дэпутата польскага Сойма ў дваццатыя гады, закатаванага савецкім НКВД ў 1938 годзе.

Як пішаGazeta Wyborcza, польскі Інстытут Нацыянальнай Памяці прапаноўвае перайменаваць гэтую вуліцу ў рамках працэсу «дэкамунізацыі» ў Падляскім ваяводзтве.

Абсурд: у сучаснай Беларусі рэпрэсаваны незалежнік Тарашкевіч і названая ў ягоны гонар «тарашкевіца» — наадварот, сымбалі антысавецкасьці.

У гонар Тарашкевіча таксама названы беларускі ліцэй у Бельску-Падляскім. Ці прымусяць яго таксама перайменавацца?

Тарашкевіч, масон і сацыяліст, у выніку складанай палітычнай эвалюцыі стаў адным зь лідараў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і сябрам прасавецкай КПЗБ. Інстытут Нацыянальнай Памяці, магчыма, ня памятае, што прычынай палітычнай эвалюцыі Тарашкевіча была шматгадовая дыскрымінацыя беларусаў у Заходняй Беларусі. Тарашкевіч быў арыштаваны палякамі спачатку ў 1927 і другі раз у 1931 гадах, і ў 1933 годзе абменены з Францішкам Аляхновічам у рамках абмену палітычнымі вязьнямі між Польшчай і СССР. У 1937 годзе ён быў арыштаваны ўжо ў СССР, разам з усімі паплечнікамі па заходнебеларускім нацыянальным руху, і забіты.

Для беларусаў Тарашкевіч — важная гістарычная асоба, інтэлектуал і сымбаль змаганьня за свае нацыянальныя правы.

А канфлікты вакол гісторыі — гэта наша супольная ўсходнеэўрапейская бяда.

Войны на Балканах, анэксія Крыма і вайна на Данбасе, вугорскія пагрозы Ўкраіне з-за закону аб адукацыі — усё гэта сымптомы той жа самай хваробы. Беларусы ад гэтай хваробы, на жаль, таксама не свабодныя. Сярод іх таксама ёсьць наіўныя людзі, якія заклікаюць да перадзелу межаў. Праўда, у Беларусі гэта робяць адзінкавыя маргінальныя паўвар’яты, а не буйныя палітыкі ці рэспэктабэльныя грамадзкія дзеячы.

Прыкра назіраць, як пасьпяховая эўрапейская Польшча у пытаньнях гістарычнай памяці ўстае на чатыры нагі. Хаця памятайма, што ня ўсе палякі стаяць за гэтай палітыкай.

Удвая прыкра, што ў Польшчы робяцца шкодныя інфантыльныя жэсты ў той самы час, калі гэта больш за ўсё выгадна агрэсіўнай пуцінскай Расеі.

Аднойчы ўсе мы — палякі, беларусы, вугорцы, расейцы, літоўцы, сэрбы — гэтымі дзіцячымі нацыяналістычнымі хваробамі, нарэшце, перахварэем. Хутчэй бы ўжо гэты час прыйшоў.

А пакуль заклікаю беларускую грамадзкасьць у Польшчы не пакідаць сытуацыю па-за ўвагаю. Мабілізуйце беларускую амбасаду, рабіце нешта, каб абараніць імя Браніслава Тарашкевіча.

Алесь Чайчыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930