Знайсці
10.11.2017 / 14:4876РусŁacБел

Аляксандр Казулін вяртаецца ў палітыку?

Былы кандыдат на пасаду прэзідэнта і палітвязень Аляксандр Казулін праяўляе палітычную актыўнасць. У суботу ён мае намер наведаць паседжанне Мінскай абласной арганізацыі БСДП «Грамада». Магчыма, ён захоча балатавацца ў кіраўнікі партыі на выбарах, якія адбудуцца не пазней за сакавік 2018 года

Аляксандру Казуліну 62 гады. У 1996—2003 ён быў рэктарам БДУ і адным з найбольш прыбліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў. Яго яшчэ называлі «міністрам без партфеля». У 2006 годзе Казулін быў адным з апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах.

25 сакавіка 2006 года палітык павёў людзей на Акрэсціна, каб вызваляць арыштаваных. У выніку ён быў асуджаны да 5,5 года «за злоснае хуліганства» і «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Падчас зняволення палітыка памерла яго жонка Ірына. На волю Казулін выйшаў у жніўні 2008 года, аднак адразу адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці.

У 2005-2008 Казулін лічыўся кіраўніком Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», а пасля разам з Аляксеем Каралём і Уладзімірам Нісцюком выйшаў з БСДП.

Цікавы факт, што ў жніўні 2008 года Казуліна абралі ганаровым старшынёй партыі. Многія ягоныя аднапартыйцы лічаць, што такая рэгалія даецца пажыццёва, таму Казулін нібыта мае права прымаць удзел у партыйным жыцці БСДП.

Тым не менш, гісторык і сябра БСДП «Грамада» Анатоль Сідарэвіч кажа, што такой пасады няма ў статуце партыі.

Не пазней за 11 сакавіка 2018 года павінен адбыцца з’езд сацыял-дэмакратаў, дзе будзе абраны новы старшыня. Справа ў тым, што Ірына Вештард больш не мае права балатавацца на гэтую пасаду, бо адбыла тры тэрміны.

Прадпрымальнік з Узды, сябра БСДП Віктар Крываль сярод тых, хто актыўна камунікуе з Казуліным. Ён пацвердзіў, што Казулін сапраўды мае намер быць на Мінскім абласным сходзе партыі.

«Па маіх назіраннях, Казулін аднавіўся цалкам», — сказаў «НН» Крываль. Ён не выключае, што Казулін захоча балатавацца ў старшыні, але для гэтага яму трэба зноў уступіць у партыю. Зрэшты, Віктар Крываль сам мае жаданне стаць новым старшынёй партыі. «Мінулы раз я атрымаў нуль галасоў. На гэты раз я стану старшынёй», — запэўнівае Крываль.

Тэлефон самога Аляксандра Казуліна адключаны ўжо некалькі дзён.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера