Знайсці
08.11.2017 / 18:4347РусŁacБел

Як уладкаваная фінская сістэма адукацыі і чаму яна не запрацуе ў Беларусі

Піша Якуб Лапатка — беларус, які жыве ў Фінляндыі.

Рэформы — гэта добра. Пошукі — гэта выдатна. Тое, што міністр адукацыі ўвесь у пошуках, — гэта выдатна ўдвая і ўтрая.

Чытайце:«Таварыш Карпенка, а ці вядома Вам, з чаго любімыя Вамі фіны пачыналі?» Адказ астранома Малышчыца міністру адукацыі сабраў сотні водгукаў

Але вось бяда: міністры мяняюцца, пошукі працягваюцца, «рэформы» ідуць бясконцай чарадой, а дзеля чаго? І што такое рэформа? Змяніць пачатак заняткаў з васьмі на дзевяць гадзін раніцы? Зрабіць навучанне 12 класаў замест дзесяці, а потым адзінаццаць — замест дванаццаці? Выключыць з праграмы гісторыю Беларусі і ўвесці гісторыю Дзесяці сталінскіх удараў? Скараціць фізіку і трыганаметрыю (ну хто памятае правіла бураўчыка ці што такое сінус, калі тое нам трэба?!). Во цяслярства, слесарства, садаводства — гэта тое, што нада!

Але тады школа ператвараецца нават не ў ГПТВ (а я ў 1963 годзе скончыў ГПТВ-28 нафтавікоў у Наваполацку, дзе ў праграме быў прадмет пад назвай «эстэтыка»), а ў прымітыўную школу фабрычна-завадскога навучання. Уся гэтая вышэйпамянёная мітусня не мае ніякага дачынення да рэформаў адукацыі, ды, баюся, і да адукацыі наогул. Нямецкая — французская, тая — другая мадэль адукацыі! І вось зараз — фінская. Пытанне да ўсіх: ці можна на яліне вырасціць журавіны, на дубе — яблыкі, а на яблыні — жалуды? Нашы адукацыйныя мічурынцы-селекцыянеры імкнуцца менавіта да гэтага. Па-першае, што такое адукацыя, з чаго яна складаецца і дзеля чаго існуе. І што нам дапаможа дасягнуць фінскіх поспехаў? Паглядзім.

Структура адукацыі. У сістэму фінскай адукацыі ўваходзяць: пачатковая школа 1—6 класы, базавая школа 7—9 класы, ліцэй (яго чамусьці ў перакладзе называюць гімназіяй) 10—12 класы, шырокая сетка прафесіянальных вучэльняў па 2—2,5 гады, вышэйшыя школы па 3,5 — 4 гады і ўніверсітэты 4—6 гадоў. Усё, без выключэння, навучанне бясплатнае. Студэнты атрымліваюць невялікую стыпендыю і так званы студэнцкі беспрацэнтны крэдыт, які вяртаецца на працягу 20 гадоў пасля вучобы.

Дзеці да 9 класа ўключна атрымліваюць бясплатныя падручнікі, здаваць якія назад у бібліятэкі не трэба, бясплатнае харчаванне і перакус, бясплатны праезд да школы, калі вучань жыве далей за 2 км ад яе. Гэта робіцца таму, што базавае дзевяцігадовае навучанне — дзяржаўны абавязак грамадзян, як і вайсковая служба. Таму дзяржава павінна забяспечыць умовы выканання абавязку, які яна ўскладае на грамадзяніна.

І фінская дзяржава забяспечвае такія ўмовы. Нікому і ў галаву не прыйдзе, каб салдат плаціў за абмундзіроўку, за зброю і харчаванне. Так і з абавязковай адукацыяй. Дарэчы, адукацыйны бюджэт Фінляндыі значна большы, чым абаронны.

Ліцэісты-гімназісты ўжо атрымліваюць невялікую стыпендыю. Цэны для іх у ліцэйскіх сталовых — чыста сімвалічныя. Старыя падручнікі скупляе адмысловая кнігарня і прадае па невялікай цане. Іспытаў на працягу ўсіх гадоў навучання не бывае. Паспяховасць лічыцца па кантрольных і тэстах на працягу навучальнага года. Сістэма адзнак — дзесяцібальная.

У шостым класе пачатковай школы вучні атрымліваюць праспекты з указаннем базавых школ горада або акругі. Яны выбіраюць сабе школу, але набор праводзіцца па суме балаў у пасведчанні за шосты клас, асабліва ў школы з «ухіламі» або прэстыжныя школы. Калі «сямёрачнік» нікуды не праходзіць, дык ідзе ў сваю тэрытарыяльную базавую школу. Тое ж і пры паступленні ў ліцэй.

Гэта ўжо не абавязковы этап адукацыі, а калі нізкі бал, дык ідзі давучвайся ў праф-тэх, атрымлівай добрыя балы, тады і атрымаеш, як і ліцэіст, белую шапачку і права паступаць у вышэйшыя школы ды ўніверсітэты. Твая паспяховасць — твая асабістая справа. Хочаш добрую адукацыю і добры заробак, дык вучыся. Настаўнік у фінскіх школах пазбаўлены ад абавязку гадзінамі сядзець пасля ўрокаў і пісаць безліч папер. Ён атрымлівае грошы за праведзеныя ўрокі. І па вышэй паказаных прычынах ніхто з яго не патрабуе татальнай паспяховасці.

Вышэйшая адукацыя ў цане. Настаўнік атрымлівае некалькі тысяч еўра, таму што мае ўніверсітэцкую адукацыю. Або так: медсястра пасля двухгадовай медыцынскай вучэльні атрымлівае недзе каля 2800 еўра, а пасля вышэйшай школы тая ж сястрычка будзе атрымліваць ледзь не ўдвая болей. А доктар з універсітэтам амаль утрая.

Мы можам забяспечыць такія ўмовы вучням і студэнтам? Можна вучыцца дзесяць-адзінаццаць-дванаццаць гадоў, можна называць школу гімназіяй, ліцэем, акадэміяй — толку не будзе. Можна кідацца ад дзесяці балаў да пяці і зноў назад, і што? Наступіць карэнная змена ў сістэме адукацыі?

Справа ў тым, што сутнасць адукацыі не фарміруецца высілкамі міністраў ці прэзідэнтаў. Яна вызначаецца ладам жыцця і менталітэтам нацыі. У Фінляндыі цалкам і поўнасцю адсутнічае саслоўны пых і фанабэрыя. Можна ў прадуктовай краме сустрэць прэм’ера, а на калядным свяце беднякоў — прэзідэнта. Ні для таго, ні для другога горад не перакрываецца і не зачышчаецца. Ціха прыйшоў, ціха ад’ехаў. Дзеці самых багатых людзей ездзяць у школы на веласіпедах або грамадскім транспартам. І кожнае лета, пачынаючы з 15 гадоў, працуюць. Хто ў азеляненні рве пустазелле сярод гарадскіх кустоў, хто разносіць рэкламу. Ніхто з дзяцей не падколе аднакласніка, што той мае тэлефон не апошняй дарагой маркі. І самі фінскія бізнэсмены ездзяць на шыкоўных «мэрсах» і «ройсах» толькі ў прадстаўнічых выпадках. Штодзённы транспарт — СААБ, «Опель», «Фіят».

Звычайна ў «рэфарматараў» выклікае жах, што дзеці звяртаюцца да настаўніка на «ты». Дык гэта агульнапрыняты фінскі моўны этыкет. А ў нас прынята на «вы», і мяняць нічога не трэба. Галоўнае ж у фінскай сістэме адукацыі — роўнасць вучня і настаўніка. Вучань — не аб’ект выхавання, а суб’ект, удзельнік выхаваўчага працэсу. Ён можа аспрэчыць адзнаку, і настаўнік можа пагадзіцца, калі довады вучня будуць слушнымі і абгрунтаванымі.

Адзнакі ў фінскіх школах не ставяць да трэцяга класа ўключна. Але ўсе тры гады вучань павінен сам сабе па дзесяцібальнай сістэме паставіць адзнакі па паводзінах, стараннасці, адносінах з аднакласнікамі — усяго па адзінаццаці пунктах. А потым параўнаць з адзнакамі, якія яму паставілі настаўнік і некалькі найбліжэйшых сяброў.

Так неўпрыкмет, у выглядзе гульні, пачынаецца выхаванне Грамадзяніна, адказнага за свае ўчынкі. Ніякіх палітінфармацый і патрыятычных урокаў. Усё падаецца ў працэсе вывучэння прадметаў у школе. І як ні дзіўна, фіны ведаюць словы гімна і спяваюць яго на ўрачыстых мерапрыемствах.

Пры навучанні не патрабуюць зазубрывання, а мыслення і працы. Напрыклад, па геаграфіі вучням даюць заданні на месяц, скажам, прайсці ад Вогненнай Зямлі да Сіэтла. Па дарозе трэба апісаць народы, іх гісторыю, эканоміку, мову і г.д. І зрабіць даклад перад класам. Або апісаць, скажам, вавёрку. Арэал жыцця, харчаванне, размнажэнне і г.д. І вучань са здзіўленнем даведваецца, што гэты вясёлы звярок, якім поўняцца гарадскія лесапаркі, абсалютна самастойная і вартая павагі асоба.

У аснову навучання і выхавання пакладзена павага да чалавека. Не бывае ў школах публічнай «прапрацоўкі» вучняў і бацькоў. Бацькоўскія сходы бываюць, а «прапрацоўкі» не бывае. Толькі ў асабістых размовах настаўнікаў і бацькоў. І настаўніка ніхто не выструньвае і не патрабуе «дабіцца поспехаў у паказніках». Паўтаруся: сутнасць адукацыі фарміруецца не прэзідэнтам, не міністрам, а навакольным асяроддзем, ладам жыцця і адносінамі паміж людзьмі. І ўзаемаадносінамі паміж дзяржавай і грамадзянамі. Г.зн. фінская дзяржава ведае, што яна хоча ад адукацыі, якія ў яе мэты і матэрыяльная база. Фінская школа мае добрую матэрыяльную базу, а настаўнікі людзі паважаныя і добра забяспечаныя.

А мітусня вакол беларускай адукацыі стварае ўражанне, што дзяржава не ведае, каго яна хоча выхаваць і што для гэтага зрабіць. А як вырасціць свабоднага грамадзяніна ў загадна-прымусовым асяроддзі? Добра навучыць школьнікаў кляпаць-пілаваць, а будучых аграномаў — касіць ды хадзіць за плугам? У фінскай школе таксама ёсць урокі працы, дзеці вучацца пілаваць, габляваць і кухарыць. Але галоўны ўпор робіцца на навучанне дзіцяці працаваць з камп’ютарам, а не з малатком, сабраць складаную электронную схему — карацей, гэта дальні прыцэл на будучыню. А на што нацэльваецца беларуская адукацыя? Гэта і ёсць найважнейшае пытанне рэформы. Пакуль не будзе адказу на яго, нічога не зменіцца. 

Якуб Лапатка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера