Знайсці
08.11.2017 / 13:2141РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Прэмія Гедройца — пралёт пераможцаў

Максім Жбанкоў не мае рацыі. Праблема Гедройца не ў падзенні медыйнай цікавасці. Некалькі сюжэтаў пра прэмію ў гэтым годзе мільганула па незалежных сайтах. Пра вынікі нават скупа паведаміў Тут.бай.

Прычына, з якой у культурніцкіх кулуарах падзею пачалі зваць выключна «міжгедройчыкам», — у катастрафічнай страце грамадскай цікавасці да прэміі.

Як сфармуляваў бязлітасны Сяргей Чалы, чаму, калі журы начхаць на тое, што чытаюць беларусы, беларусам не павінна быць усё роўна, што там вырашае журы?

Стварылася дурная сітуацыя, калі тыя кніжкі, якія яшчэ могуць знайсці свайго нешматлікага чытача (наклад у 3-4 тыс. для 9-мільённай краіны — мізэрны) ігнаруюцца прэміяй як «масавая літаратура». І тут самы час патлумачыць, што ніякай масавай літаратуры ў нас няма. Што любы небарака, які вырашыў пісаць у Беларусі па-беларуску, — ужо дэкадэнт. Бо шукаў бы поспеху ў мільёнаў — пачынаў бы з выбару правільнай мовы.

Пазначыўшыся на самым пачатку (канечне, для ўшанавання Касцюкевіча варта было б дачакацца, пакуль ён напіша грунтоўную «Бабарозу», бо перамога брашуркі «Зборная па негалоўных відах спорту» выклікала пытанні), тэндэнцыя пашыралася з году ў год, прымаючы кардынальныя формы.

Калі мы прадалі другі тысячны наклад «Мовы» за месяц, а дызайнер Вадзім Пракопчык зрабіў саколкі з іерогліфамі «Мо» і «Ва» ў выкананні майстра каліграфіі Лі Цзо, блізкія мне людзі падзяліліся на два колы. Кола аптымістаў запэўнівала мяне, што «Мова» дакладна ўвойдзе ў тройку пераможцаў Гедройца, бо яна пра Дубоўку, пра беларускую літаратуру, дарма што з аўтарам чамусьці вырашылі варагаваць ПЭНаўскія крытыкі. Песімісты ж запэўнівалі, што Гедройц «Мову» праігнаруе. І што з натоўпам на аўтограф-сесіях, з перакладамі і рэцэнзіямі за мяжой, пра Гедройца мне наогул варта забыцца назаўсёды.

«Разумееш, — патлумачылі тады мне, — прэміі ў Беларусі даюць тым, каго не баяцца. Ці тым, каго хочацца крышачку пашкадаваць. Ты з імі не п’еш. То калі ты зробішся старым ці страціш усіх сваіх чытачоў — тады, можа, і дажывеш да якой узнагароды. Любая прэмія тут — нагода для суму, а не для гонару. Калі ты атрымаў яе — значыць, табе не зайздросцяць».

Рацыю мелі песімісты. «Мова» не ўвайшла не толькі ў тройку, але і нават у кароткі спіс. Мой наступны раман, «Возера радасці», нечакана знойдзены мной у доўгім спісе маскоўскіх «Рускай прэміі» і «Яснай паляны» (па апошнім я выказаў сваю пазіцыю), у Беларусі акуратна праляцеў праз усе незалежныя ўзнагароды. «Кніга году» яго проста не заўважыла. Рускае гучанне беларускага рамана аказалася больш заўважным. Я да гэтай сітуацыі прызвычаіўся і навучыўся не пераймацца — такія рэчы, як экранізацыя, над якой працуе Аляксей Палуян, гэтаму дапамагаюць.

Але я прыгадаў словы песімістаў два тыдні таму. Калі раптам роўна тыя людзі, якія спачатку нахвальвалі Андруся Горвата, пачалі ў сацыяльных сетках старанна яго бэсціць і выкрываць. Здзіўленне тут выклікаў не тон, бо заўсёды для тых, каго моцна хваляць, знаходзяцца тыя, хто моцна лае. Здзіўленне выклікала менавіта рэзкая змена палярнасці. «Калі жадаеш даведацца, што калегі насамрэч думаюць пра твае творы, дайдзі да кароткага спісу Гедройца», — зразумеў тады я.

Усё проста. Пакуль ты нейкі там чэл з казой, які даўншыфціць у вёсцы, — цябе варта падтрымліваць. А вось як ты зрабіўся «самым папулярным пісьменнікам у Беларусі» ды наважыўся — хамуга! — выправіцца бадзяцца па Еўропах, тут уключаюцца ўжо зусім іншыя механізмы канкурэнцыі. З разраду вартага жалю, смешнаватага фрыка ты пераходзіш, сука, у катэгорыю сапернікаў, якія прэтэндуюць на канюшыну сапраўдных творцаў. Спускаем сабак.

Вы кажаце, што не разумееце логікі папярэдніх перамог на Гедройцы? Я таксама яе не разумею.

Але ўсё проста. У шмат якія гады (выключэннямі для мяне з’яўляюцца цудоўны «Аўтамат з газіроўкай» Някляева і дасканалая «Хвілінка» Бабкова) — дык вось, шмат у якія гады пераможца прэміі абіраўся ў логіцы не «каму варта ўручаць», а «каму нельга ўручаць ні пры якіх абставінах».

Гэта як з Уладзімірам Сарокіным, які пасля свайго міжнароднага трыумфу выклікаў такую пякельную зайздрасць калегаў, што першую вялікую прэмію на радзіме атрымаў толькі ў 2010-м.

І казаць тут трэба не пра механіку абрання журы (хаця словы адсюль пра «яшчэ аднаго літаратара, які карыстаецца даверам» мяне вельмі павесялілі: людзі, якія рыхтавалі гэтае абгрунтаванне, проста не ўцямілі, як па-дзікунску яно выглядае за межамі сяброўскага колца), а пра тое, чаму журы паводзіць сябе менавіта так. Чаму, напрыклад, замест Бахарэвіча абірае Казько.

І тут справа ў агульнай ролі, якую адыгрывае пісьменнік у беларускім грамадстве. Празаікаў, паэтаў — не заўважна. Кнігі амаль не чытаюцца, на літаратурныя імпрэзы амаль ніхто не ходзіць. Гэта выпрацоўвае комплекс дэфіцыту ўвагі з усімі наступствамі. Такімі, як вельмі лёгка вызначальныя пачуцці, што перажывае чалавек з дэфіцытам увагі, калі глядзіць на празмерную ўвагу да іншых калег. Журы спрабуе абраць пераможцу, а абірае каго заўгодна, але не пераможцу. Таго, да каго няма зайздрасці.

Я не хацеў падключацца да крытыкі гэтых утульных гешэфтаў, бо не маю звычкі крытыкаваць чужыя памылкі без шансу іх выправіць. Але калі назіраць за гэтым моўчкі, сітуацыя не выправіцца аніколі.

Як адрадзіць рэпутацыю прэміі Гедройца? Па-першае, не вынаходзіць ровар. Паглядзець, як вызначаецца журы прэмій у іншых краінах. Пацікавіцца тым, што такое Booker Prize Foundation і ў якіх адносінах ён з Booker’s Advisory Committee. Зрабіць так, каб склад журы не вызначалі тры чалавекі (уключна з «яшчэ адным літаратарам, які карыстаецца даверам»). Да таго часу Гедройц на грошы даверлівых донараў будзе рупарам інтарэсаў не проста тусоўкі, але аднаго вельмі абмежаванага кола ў тусоўцы. Якое праз апісаныя вышэй чыннікі проста не здольнае зрабіць лаўрэатамі пераможцаў.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера