Знайсці
05.11.2017 / 21:0826РусŁacБел

Валер Булгакаў: Чаму заходнія эліты ніколі не пагодзяцца, каб Каталонія стала незалежнай

Валер Булгакаў — філосаф, гісторык культуры і рэдактар часопіса Arche.

Грашно мне, старому беларускаму незалежніку, такое пісаць, але апошнія дні не пакідае мяне стойкае ўражаньне, што заходнія эліты нізавошта не дапусьцяць незалежнасьці Каталоніі. 

Не буду гаварыць пра сілу ці слабасьць каталонскага нацыяналізму, бо ў гэтым слаба цямлю, выкажу адно два свае назіраньні з абсягу геапалітыкі.

1. Дэ-факта драбленьне былых імпэрскіх, наднацыянальных, дзяржаў на меншыя нацыянальныя ў цэнтры і ўсходзе Эўропы было вынікам геапалітычных раскладаў, народжаных Першай сусьветнай вайны. Германія, Аўстра-Венгрыя і Асманская імпэрыя ня проста прайгралі яе, іх тэрыторыі былі разарваныя на шматкі, прычым так, каб вяртаньне да даваеннага статус-кво ніколі не было магчымым. Распад гэтых імпэрый на новыя нацыянальныя дзяржавы быў, безумоўна, свайго роду палітычным пакараньнем, накладзеным дзяржавамі-пераможцамі. Больш за тое, ён быў інсьпіраваны палітыкай дзяржаў, якія выйшлі пераможцамі, у тым ліку знакамітымі тэзамі амэрыканскага прэзыдэнта Вудра Вільсана.

Непасрэдным наступствам гэтага рашэньня было рэзкая радыкалізацыя нямецкага нацыяналізму сярод аўстрыйскіх немцаў і прыход Гітлера да ўлады. Аўстрыі не пашчасьціла болей за ўсё, яе тэрыторыя зьменшылася ў 10 разоў, а волю аўстрыйскага народу ў злучыцца зь Нямеччынай англасаксонскія і францускія эліты, кіруючыся геапалітыкай, зарубілі ў корані.

Нагадаю, што пасля распаду Аўстра-Венгрыі новая дзяржава яе нямецкамоўнага насельніцтва атрымала назву «Германская Аўстрыя», а яе часовая канстытуцыя абвяшчала яе часткай Германскай рэспублікі. На плебесцытах 1921 году ў Тырольскім і Зальбурскім рэгіёнах адпаведна 98,77% і 99,11% насельніцтва прагаласавала за ўзьяднаньне зь Нямеччынай.

Цэнтральныя дзяржавы падчас вайны прытрымліваліся той самай тактыкі: немцы фінансава і матэрыяльна падтрымлівалі ірландскі нацыяналізм, і ірландскае паўстанне 1916-га, патопленае брытанцамі ў крыві, не было б магчымае бяз гэтай падтрымкі. Пазьней гэта ставарыла перадумовы для абвяшчэньня незалежнай Ірляндзкай дзяржавы, але пераможанай Нямеччыне з гэтага была ўжо невялікая геапалітычная карысьць. 

Тое самае можна сказаць і ў дачыненьні да незалежнасьці Польшчы (настолькі, наколькі польскі нацыяналізм бачыўся антырасейскім палітычным сродкам), Украіны і прыбалтыйскіх дзяржаў (у Літве нават нямецкага афіцэра блакітных крывей каранавалі ў 1918 як Міндоўга ІІ, а ва Украіне быў Васіль Вышываны Габсбург).

Наагул, падтрымка адных этнічных груп супраць другіх — палітычная тактыка, старая як сьвет. Прыгадаю падзеі канца XVIII ст., калі Брытанія без асаблівага посьпеху падтрымлівала амэрыканскіх індзейцаў супраць войска новапаўсталых Злучаных Штатаў.

Мантра пра нацыяналізм як пра жудасна разбуральную сілу — гэта таксама ідэалягічная спадчына Першай сусьветнай. На захадзе кантынэнту па факце ўзьнікла толькі адна новая дзяржава — Ірляндыя, — дзе тамтэйшыя нацыяналісты выявіліся здольнымі на доўгатэрміновы ўзброены супраціў, у тым ліку партызанскую вайну. Але іх перамога выявілася палавіністай: здабыўшы сваю дзяржаву, ім давялося ахвяраваць сваёй культурай.

2. Цяперашняе дзяржаватварэньне ў Эўропе, напрыклад, узьнікненьне дзяржавы Косава, яўна моўчкі віталася заходнімі элітамі, у тым ліку таму, што з меншымі краінамі на ўсходзе Эўропы было лягчэй дамаўляцца, а можа нават маніпуляваць. 

Гэтае дзяржаватварэньне публічна тлумачыцца рыторыкай пра права нацый на самавызначэньне, але за ёй праглядаюцца больш сутнасныя рэчы: узьнікненьне новых дзяржаў ва ўлоньні старой лічыцца вынікам палітычнай, грамадзянскай і эканамічнай адсталасьці гэтых рэгіёнаў, а таксама моцных аўтарытарных імпульсаў, якія зь іх зыходзілі. Па змаўчаньні такі сцэнар уяўляецца немагчымым у Цывілізаваным сьвеце, дзе дзяржава функцыянальная, а грамадзянская культура высокая.

На канец пару меркаваньняў пра выпадак Каталоніі: само пытаньне яе незалежнасьці, безумоўна, зьвязана з спадчынай гішпанскай грамадзянскай вайны і рэжыму Франка, калі нацыяналізм быў сховішчам ад усёпранікальнай цэнтральнай улады.

Але сапраўды дамагчыся яе каталонцы змогуць, толькі калі здарыцца ўсеагульны эўрапейскі катаклізм, а мірныя размовы ў брусэльскіх кабінэтах мала што ім дадуць.

Валер Булгакаў, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера