Знайсці
03.11.2017 / 14:1318РусŁacБел

«Брат Якуба Коласа быў серыйным забойцам»? Фэйк у рускай Вікіпедыі

У Вікіпедыі з'явіўся артыкул пад назвай «Банда Алеся Міцкевіча», сюжэт якога мог лёгка стаць асновай для матэрыялаў у газеце «Прыватны дэтэктыў» ці на НТВ.

Згодна з ім, адзін з братоў Якуба Коласа Алесь Міцкевіч у 1910-20-я гады кіраваў злачыннай бандай. Алесь разам са сваімі паплечнікамі дзейнічаў на тэрыторыі Мінскай вобласці БССР пад мянушкай Хамяк. Яму і яго сяброўцы-прастытутцы па мянушцы Ліса падначальваліся людзі з пазыўнымі Слон і Браняносец.

Асноўнай мэтай групіроўкі было рабаванне, аднак у артыкуле робіцца акцэнт на тым, што куды больш эмоцый Хамяк атрымліваў «ад здзекаў над людзьмі». У якасці доказаў асаблівай жорсткасці Алеся прыводзіцца глава «Нататкі» з коласаўскай аўтабіяграфічнай паэмы «Новая зямля», дзе хлопец паказаны «лянівым і хуліганістым».

Сцвярджаецца, што ахвярамі банды Хамяка сталі старыя, жанчыны і дзеці — агулам бандыты забілі ад 60 да 100 чалавек.

Хамяка спрабавала затрымліваць міліцыя, але кожны раз яму ўдавалася збегчы. Пры чарговай спробе накрыць банду пад Стоўбцамі Браняносца і Лісу застрэлілі, іншых паплечнікаў затрымалі. Хамяк жа быў паранены, а пасля, не жадаючы здавацца ў рукі жывым, застрэліўся сам.

Пачуўшы новую версію жыцця свайго сваяка сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч і яго дачка Марыя гучна засмяяліся: такіх адкрыццяў пра Алеся праз амаль 70 гадоў з дня яго смерці яны дакладна не чакалі. «Гэта ў кагосьці вельмі бурная фантазія, канечне», — запэўнілі яны «НН».

Для іх асноўны аргумент супраць фэйкавай інфармацыі — тое, што яшчэ да рэвалюцыі Алесь пераехаў на працу ў Расію. А пасля ў 1926 і 1936 гадах прыязджаў на святкаванне юбілеяў творчай дзейнасці Коласа і нават сядзеў у прэзідыуме. «Калі б ён быў такім злачынцам, яго б туды дакладна ніхто не пусціў», — кажуць нашчадкі.

Поўная версія афіцыйнай біяграфіі Алеся прадстаўленая і ў кнізе мемуараў старэйшага сына Коласа Данілы Міцкевіча «Любіць і помніць».

«Другі сын Міхала і Ганны Аляксандр нарадзіўся ў 1880 годзе ў вёсцы Мікалаеўшчына. Жыў з бацькамі ў леснічоўцы на Мікалаўшчыне, у Альбуці пасля смерці бацькі ў Цёмных Лядах, Мікалаеўшчыне… Там пазнаёміўся і пабраўся шлюбам з Вольгай Казіміраўнай Белай. Не маючы кавалка зямлі і не знайшоўшы працы на радзіме, пасля шлюбу выехаў з жонкай у Расію, на Куршчыну. Працаваў стрэлачнікам: спачатку на станцыі Юсупава, пасля — Готня, там і памёр 30 красавіка 1941 года. Перад вайной дзядзька Алесь некалькі разоў прыязджаў да брата ў Мінск: на 20-годдзе і 30-годдзе літаратурнай дзейнасці».

Рэдактараў артыкула не насцярожыла нават тое, што ў момант нібыта «ліквідацыі» банды «на тэрыторыі БССР» гэтыя раёны ўваходзілі ў склад Польшчы. 

Добры прыклад таго, наколькі неправераная інфармацыя часам трапляе ў Вікіпедыю.

КК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера