Знайсці
31.10.2017 / 18:3139РусŁacБел

Прэмію Гедройця здабыў Бартосік, Горвата няма нават у тройцы

У Мінску ўручылі беларускую літаратурную ўзнагароду з найбольшым грашовым фондам. Гедройця-2017 атрымаў Зміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».

Ён атрымае 5000 еўра ад фундатараў прэміі — Фонду «Вяртанне» і Польскага інстытута ў Мінску. Пасля цырымоніі ён паведаміў, што палову прэміі падорыць свайму сябру і рэдактару кнігі, былому кіраўніку «Нашай Нівы» Сяргею Дубаўцу, а другую палову — аддасць жонцы, «якая лепш ёю распарадзіцца».

48-гадовы Зміцер Бартосік нарадзіўся ў Рыбінску (Расея). Бацькі Змітра былі тэатраламі: бацька — рэжысёр, маці — акцёрка.

У школу ён пайшоў у Усць-Каменагорску (Казахстан). У 1978 годзе сям’я пераехала ў Гомель.

Вучыўся ў Ніжагародскай тэатральнай вучэльні, быў выключаны «за бяздарнасць». Пасля працаваў шліфоўшчыкам на Гомельскім заводзе станочных вузлоў, грузчыкам у краме, служыў у арміі.

Пасля дэмабілізацыі натрапіў на газету «Наша Ніва» і… зачараваўся беларушчынай. Прыехаў у Вільню, у рэдакцыю газеты і з таго часу перайшоў на беларускую мову.

Ён стаў бардам, у 2002 годзе выдаў кнігу апавяданняў з уласнага жыцця «Чорны пісталет». «Быў у пана верабейка гаварушчы» — найбольшы поспех Бартосіка. Яна сатканая з рэпартажаў, якія ён рабіў для радыё «Свабода».

Зміцер жыве ў Мінску. Разам з жонкай яны гадуюць чацвярых дзяцей: дачок Яню ды Юсцю ды сыноў Даната і Геру.

НН вяла анлайн-трансляцыю з цырымоніі ўручэння.

У мінулыя гады часам прэмію атрымліваў відавочны фаварыт, як Уладзімір Някляеў з «Аўтаматам з газіроўкай…». А парою журы аддавала ўзнагароду зусім нечакана. Так было летась з Максімам Шчуром.

На Прэмію Гедройця сёлета прэтэндавалі сем літаратараў. Сярод іх былі Андрусь Горват са сваім «Радзівам Прудок», Зміцер Бартосік з «Быў у пана верабейка гаварушчы» і аўтарка папулярных прыгодніцкіх раманаў Людміла Рублеўская.

Прэмія імя Ежы Гедройца была заснавана ў 2011 годзе. Яе прысуджаюць за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) у папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».

Заснавальнікамі літаратурнай ўзнагароды выступілі амбасада Польшчы, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Прэмія была названая ў гонар ураджэнца Мінска, публіцыста і палітыка Ежы Гедройця, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.

Адзначым, што кожны аўтар мае магчымасць атрымаць прэмію толькі адзіны раз у жыцці.

Лаўрэаты прэміі Гедройця мінулых гадоў

2012 Павал Касцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту»

2013 Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»

2014 Ігар Бабкоў «Хвілінка»

2015 Віктар Казько «Час збіраць косці»

2016 Макс Шчур «Завяршыць гештальт»

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930