Знайсці
24.10.2017 / 09:447РусŁacБел

Алена Анісім узначаліць ТБМ?

Старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў, які ўзначальваў арганізацыю з 1999 года, пакідае сваю пасаду. Новае кіраўніцтва ТБМ выберуць 29 кастрычніка на XIII з'ездзе гэтай грамадскай арганізацыі.

Хутчэй за ўсё, новым кіраўніком стане дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Каму яшчэ прапаноўвалі вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка ТБМ? Пра гэта і не толькі Алег Трусаў распавёў «Беларускаму партызану».

— Алег Анатольевіч, пытанне ў лоб: вы будзеце вылучаць сваю кандыдатуру?

— Я балатавацца не буду, і заявіў пра гэта яшчэ тры гады таму. Мне здаецца, ужо хопіць. У любой справе галоўнае не толькі яе ўзначаліць, але і своечасова сысці. Гэта закон гісторыі. І хто яго не ведае, той дрэнна канчае.

Я 19 гадоў кірую ТБМ. Прыйшоў час сыходзіць.

— Ці не шкада?

— Не, вядома. Я збіраўся гэта зрабіць яшчэ на мінулым з'ездзе, але мяне ўгаварылі застацца на тры гады. Я пакідаю арганізацыю не ў самым дрэнным стане. Наш дэпутат працуе ў парламенце, усім, чым мог, я ёй дапамог. Зараз трэба мяняць старое кіраўніцтва арганізацыі на маладое.

— Не страшна пакідаць арганізацыю, якой аддадзена столькі гадоў жыцця? А раптам загубяць?

— Добры кіраўнік сыходзіць, а арганізацыя пасля яго сыходу яшчэ лепшай становіцца. І дрэнны той, пасля сыходу каго арганізацыя развальваецца. Бывае ж і такое!

Спадзяюся, пасля майго сыходу справы ў ТБМ не толькі не пагаршацца, але і палепшацца!

— Ці можаце назваць імёны тых, хто прэтэндуе на ваша цяперашняе крэсла?

— Асноўная кандыдатура — Алена Анісім. Яе вылучыла большасць. Ёсць і іншыя кандыдатуры — магчыма, гэтыя людзі зоймуць пасады намеснікаў старшыні ТБМ. Чакаюцца таксама і некаторыя іншыя кардынальныя змены ў кіраўніцтве ТБМ. Напрыклад, мы ў два разы скарачаем раду арганізацыі.

— Алена Анісім без роздумаў пагадзілася ўзначаліць ТБМ? Пытаюся, таму што дэпутацкія абавязкі патрабуюць нямала часу і сіл…

— Наша арганізацыя дапамагла ёй стаць дэпутатам. Як гаворыцца, за ўсё ў жыцці трэба плаціць…

Заўважу, што прапаноўваліся і іншыя кандыдатуры — напрыклад, таго ж Лявона Баршчэўскага, але ён наадрэз адмовіўся ўзначаліць ТБМ. Некаторыя хацелі б бачыць на пасадзе кіраўніка ТБМ Уладзіміра Коласа, але ён таксама сказаў, што старшынёй не будзе, а вось з нагоды пасады намесніка падумае.

Старшыня арганізацыі — гэта яе твар. І я лічу, што Алена Анісім справіцца з гэтай роляй. Яна даволі нядрэнна адпрацавала ў Палаце прадстаўнікоў. І я лічу, што, у параўнанні з той жа Ганнай Канапацкай, Алена Анісім дзейнічае не горш, а можа быць, нават і лепш.

— Алег Анатольевіч, але і вы ж без працы не застаняцеся? Вы ж цяпер рэктар пакуль неіснуючага Нацыянальнага ўніверсітэта!

— Так, мне сапраўды ёсць чым заняцца. У найбліжэйшай будучыні панясем статут нашага Нацыянальнага ўніверсітэта на рэгістрацыю. Ён ужо амаль гатовы, але нам пастаянна паступаюць нейкія прапановы і дапаўненні. Мы іх разглядаем і ўносім адпаведныя змены ў статут. Зараз гэтая праца набліжаецца да канца. Таму ўніверсітэтам я буду прынцыпова займацца, сканцэнтрую на ім усе свае сілы.

Дарэчы, у гэтым годзе будзе роўна 20 гадоў, як ТБМ упершыню падняў пытанне аб стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта. У 1997 годзе мы сабралі 50 тысяч подпісаў грамадзян — і яны ў мяне да гэтага часу захоўваюцца!

А сёння ёсць усе шанцы стварыць Нацыянальны ўніверсітэт. Мы цяпер прынцыпова хочам зрабіць прыватную ВНУ. Калі дзяржава не ідзе нам насустрач — можа, яно і да лепшага…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера